Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Нішто́ ’нішто; абы-як; не шкодзіць’ (Нас.), ’нядрэнна’ (Сл. ПЗБ), ’нішто’ (Касп., Бяльк.), ’нядрэнны, нядрэнна’ (докш., Янк. Мат.; Янк. 1), ’нічога сабе, нішто’ (Гарэц.), нішчо́ ’нішто, ні адно; нічога, так сабе; нядрэнна, добра; нічога страшнага, хоць бы што; нядрэнны, неблагі; немалы’ (ТС), ’нічога, нішто’ (Мат. Гом.), укр. ніщо́ ’нішто, няма чаго’, рус. ничто́ ’нічога; добра, нядрэнна’, польск. nic ’нічога, ані трошкі’, чэш. nic ’нічога’, славац. nič, в.-луж. ničo, н.-луж. nico, славен. nȉč, серб.-харв. ни̏шта, макед. ништо, балг. нищо. Прасл. *ni‑čь(to), параўн. авест. naēčit ’нішто’ (ESSJ SG, 2, 488–490; Фасмер, 3, 76; Махэк₂, 398; Бязлай, 2, 222; Шустар-Шэўц, 13, 1001). Адносна семантыкі гл. нічога.

Нішча́ць ’худзець’ (Сл. ПЗБ). Няясна, магчыма, звязана з нішчаць (нищЪць) ’бяднець, даходзіць да галечы’ (Нас.), што ў сваю чаргу з нішчы ’бедны, жабрак’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ст.-бел. нищий ’тс’ (XVI ст.; Карскі, 1, 391), якое ўзыходзіць да прасл. *nisti‑, роднаснага ст.-інд. nistyah ’чужы, нетутэйшы’ (Фасмер, 3, 77). Адносна семантыкі параўн. рус. нищий ’жабрак’; ’сухарлявы, хударлявы’, ху́до‑бёдно ’больш-менш, так-сяк’ і інш. Гл. нішчыць.

Нішчы́мны ’посны, без тлушчу, без закрасы’ (Касп., Шат., Некр., Сцяшк., Янк. 1, Вешт., Сл. ПЗБ), ’пусты, парожні; посны; без нічога, з пустымі рукамі; дрэнны, слабы’ (ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), нішчы́мный (нисчи́мный) ’пусты, звараны без закрасы’ (Нас., Бяльк.), сюды ж нішчы́мніца ’адсутнасць тлушчу, посніца’ (Бяльк., Касп., Мат. Гом., Янк. 1-2; бых., Янк. Мат.), ’посная ежа’ (Яруш., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’нясмачная ежа’ (Нас.), нішчымно́та ’пустата, нястача’ (ТС), нішчы́мнік (нисчи́мникъ) ’бядняк, які харчуецца ўсухамятку’ (Нас.). Ад спалучэння ні з чым ’без нічога’, параўн. прыслоўе ў Насовіча з этымалагічным напісаннем: нисчи́мъ ’бедна, мізэрна; з пустымі рукамі’: Нисчимь всегды ядзим…; Нисчимъ жонку взявъ (Нас.).

Ні́шчыць ’даводзіць да галечы’ (Нас.), ’знішчаць, зніштажаць, губіць, спусташаць, прымяншаць’ (Гарэц.), ’спусташаць’ (Яруш.), ’знішчаць’ (Шат., Бяльк.), нішчыцца ’гінуць, прападаць’ (ТС), укр. нищити ’спусташаць, знішчаць’, польск. niszczyć ’ператвараць у нішто, марнаваць, знішчаць, спусташаць’. Выводзяць з прасл. *nīsti̯‑ (гл. нішчэ́ць) (Брукнер, 364; Фасмер, 3, 77), што ўзыходзіць да *ničьto, гл. нішто (ESSJ SG, 2, 489).

Нішчэ́та ’бесталкоўшчына, пустэча (пра чалавека)’ (ТС), параўн. польск. дыял. niszezota ’знішчальнік, марнатравец’, niszezotny ’убогі, бедны’. Гл. нішчыць.

Нія́к ’ніякім чынам’ (Нас., Шат., Бяльк., ТС), ’ніколькі’ (гродз., Сл. ПЗБ), укр. нія́к ’ніякім чынам’, рус. бранск. ния́к ’тс’, польск. дыял. nijak ’тс’, чэш., славац. nijak ’тс’. Са спалучэння *ni (адмоўе) і *jakъ (гл. як), новатвор, узнікшы пасля выцяснення *kakъ (ESSJ SG, 2, 491).

Нія́кі ’ніякі, ні адзін, ніводны’ (Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., ТС), ’дрэнны, благі, нягодны’ (Ян., ТС; полац., Нар. лекс.; бешанк., Нар. сл.), ’худы, хваравіты’ (Мат. Гом.), ’хворы’ (ТС, Сл. ПЗБ), ’неразумны; слабы, кволы; невялікі’ (Сл. ПЗБ), сюды ж нія́ка ’дрэнна’ (Сл. ПЗБ), ’цяжка’ (Сцяшк. Сл.), нія́коваты ’слабаваты, нікуды не варты’ (ТС), ніякава́ты ’маларослы’ (Мат. Гом.), ніяку́сенькі ’ніякі’ (Сцяшк. Сл.), ніякаве́ць ’бянтэжыцца’ (там жа), укр. нія́кій ’ніякі’, рус. бранск. ния́кій ’тс’, польск. nijaki ’ніякі; няпэўны, невыразны, слабы, мізэрны’, чэш., славац. nijaký ’няпэўны, невыразны’. Вытворнае ад нія́к (гл.), адносна развіцця семантыкі да ’дрэнны, нікуды не варты’ параўн. нічогі (гл.), развіццё спецыфічнага значэння ’слабы, кволы’, магчыма, з’яўляецца паралельным да серб.-харв. не̏јāк ’слабы, кволы, слабасільны’ ад jȃk ’моцны, магутны’, агульнага па паходжанню з паўн.-слав. *jakъ ’які’ (ESSJ SG, 2, 237, 491; Скок, 1, 702).