Нія́кі ’ніякі, ні адзін, ніводны’ (Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., ТС), ’дрэнны, благі, нягодны’ (Ян., ТС; полац., Нар. лекс.; бешанк., Нар. сл.), ’худы, хваравіты’ (Мат. Гом.), ’хворы’ (ТС, Сл. ПЗБ), ’неразумны; слабы, кволы; невялікі’ (Сл. ПЗБ), сюды ж нія́ка ’дрэнна’ (Сл. ПЗБ), ’цяжка’ (Сцяшк. Сл.), нія́коваты ’слабаваты, нікуды не варты’ (ТС), ніякава́ты ’маларослы’ (Мат. Гом.), ніяку́сенькі ’ніякі’ (Сцяшк. Сл.), ніякаве́ць ’бянтэжыцца’ (там жа), укр. нія́кій ’ніякі’, рус. бранск. ния́кій ’тс’, польск. nijaki ’ніякі; няпэўны, невыразны, слабы, мізэрны’, чэш., славац. nijaký ’няпэўны, невыразны’. Вытворнае ад нія́к (гл.), адносна развіцця семантыкі да ’дрэнны, нікуды не варты’ параўн. нічогі (гл.), развіццё спецыфічнага значэння ’слабы, кволы’, магчыма, з’яўляецца паралельным да серб.-харв. не̏јāк ’слабы, кволы, слабасільны’ ад jȃk ’моцны, магутны’, агульнага па паходжанню з паўн.-слав. *jakъ ’які’ (ESSJ SG, 2, 237, 491; Скок, 1, 702).