Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вярху́шка1 ’вяршыня дрэва, травы’ (КТС, Бяльк., дзвін., Нар. сл.), рус. вярхушка ’верхняя частка чаго-небудзь’. Відавочна, новае ўтварэнне (размоўнага стылю) ад верх (гл.) і суф. ‑ушк‑а (магчыма, пад уплывам рус. мовы).

Вярху́шка2 ’верхняя частка лёгкіх’ (КТС); ’прывілеяваная частка грамадства, класа’ (КТС) — рус. кніжнае лексічнае пранікненне XX ст.

Вярце́жны ’абарачальны’ (КТС, Я. Сіпакоў), рус. арханг. вертежный ’легкадумны, ненадзейны’. Лексема з’яўляецца новатворам ад *вярцеж (параўн. рус. вертёж галавакружэнне < vьrt‑ + ‑ěžь), магчыма, пад уплывам рус. вертежный, вертежничать і г. д.

Вярце́ль ’хвост’ (Заг.), рус. пск. верте́ль ’верць!’. Да вярцець (гл.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з суф. Nomina acti ‑lʼь.

Вярце́нне ’вярчэнне (станка)’ (КТС, Ц. Гартны), укр. вертіння ’вярчэнне, свідраванне’, рус. вертение ’вярчэнне’ — рэгулярны аддзеяслоўны назоўнік, які, аднак, у літаратурнай мове не замацаваўся. Да вярце́ць (гл.). Параўн. таксама вярчэнне (гл.).

Вярце́п ’вялікі роў, які зарос кустамі’ (слаўг., Яшк.); ’прытон’ (РБС), укр. вертеп ’пячора’; батлейка, зах. верте́па ’прорва, яр, роў’, ве́ртіб, ве́ркіп ’яміна на полі з вадою або без яе’, рус. перм., смал., калуж. верте́п ’яр з непраходнымі кустамі, лесам’, перм. ’узгорак з лагчынамі’, верте́па ’крутая гара, пакрытая непраходным лесам’, маск. вертепи́жина ’яміна з вадою на дарозе’, цэнтр.-рус. вертебя ’карставы яр’, тул. вертебинище ’яр’, ст.-рус. вертепъ, вьртьпъ ’цясніна’; ’яр’; ’пячора, склеп, тайнае сховішча’; ’прытон’; ’сад’, польск. wertep, wertepy ’мясцовасць, цяжкая для пераадолення, дарога з калдобінамі’; ’батлейка’, ст.-польск. werteb ’бездарожжа’, werteba ’яр, роў’, славен. vrtèp ’пячора’, макед., балг. варто́п, врто́п, върто́п, въртуп ’вір’; ’карставая яма’; ’глыбокае месца ў рацэ’; ’невялікі гай сярод голай мясціны’; ’быстрыня’; ’месца на лузе з патаптанай травою’; ’зігзагападобны яр’; ’паварот ракі, дарогі, гары’; ’лагчына’; ’прорва’; ’лужына’, балг. върто́пел ’вір’; ’лагчына’; ’паварот ракі, дарогі, гары’, ст.-слав. врътъnъ, вьртьnъ ’пячора’; ’сад’; ’пекла’, врьтопъ ’пячора’. Некаторыя этымолагі разглядаемую лексему выводзяць з vьrtь ’сад’ (Сразнеўскі, 1, 464), утвораную пры дапамозе суф. ‑ьръ/‑ъръ (Фасмер, 1, 300; КЭСРЯ, 76; Шанскі, 1, В, 65), маючы на ўвазе павойны, пакручасты характар раслін (у садзе). Семантыка, звязаная са сцэнамі нараджэння Хрыста, сведчыць на карысць запазычання ўсх.-слав. лексемы вярцеп (вертеп) з ц.-слав. мовы (Брандт, РФВ, 25, 215). Значэнне ’прытон (разбойнікаў)’ другаснае; яно паходзіць з асноўнага ’прорва, яр, лагчына, непраходнае месца, гушчар’, якое маецца ў паўдн.- і ўсх.-слав. мовах. Польскае werteb(a) Брукнер (607) лічыць запазычаннем з укр. мовы. Можна меркаваць, што лексема з’яўляецца вельмі старым складаным словам, утвораным ад і.-е. *u̯ert‑ ’вярцець’ і *upos ’вада’, якое мела значэнне ’вір, непераходнае глыбокае месца’ (Гараеў, 1896, 69; БЕР, 1, 212; Геаргіеў, БЕ, 11, 1965, 302 і наст.; Кабылянскі, Мовознавство, 1967, 6, 43; Уладзімірская, ЭИРЯ, 6, 1968, 28–40; Клепікава, Карп. диал. и оном., 51 і наст.). Другая частка і.-е. *upos знайшла сваё ўвасабленне ў балг. вапа ’катлавіна’, въпа ’яма, лагчына’, серб.-харв. ва̀па ’выпарэнне’, ст.-слав. вапа ’возера, лужына’. Гл. таксама вярцёбы.

Вярце́п’е ’стромы пагоркаў, зарослыя алешнікам, лазняком, ажыннікам і г. д.’ (паўн.-віц., Нар. лекc.) — зборны наз. ад вярцеп (гл.) і суф. ‑ьje > ‑ʼe.

Вярце́сты ’пакручаны (аб капусце)’ (навагр., КТС) у загадцы ўжываецца побач з рыфмаваным круцесты, якое на суседняй тэрыторыі мае форму крутасты (пруж., кобр., пін.). Да вярцець (гл.); мяккі зычны асновы з’яўляецца прычынай суфіксальнага варыянта.

Вярце́ць ’круціць’ (БРС, КТС, Яруш.); ’абмотваць, абкручваць’ (БРС); ’хітраваць’ (Юрч.), укр. вертіти ’вярцець’; ’свідраваць’, рус. вертеть ’тс’; ’абарочваць’, ’вярнуць каго-небудзь’; ’падманваць’, уладз., валаг. ’боўтаючы, збіваць што-небудзь’, перм. ’пячы (у роце)’, вяц. ’ванітаваць’. Ст.-рус. вертѣти, врътѣти ’вярцець’; ’свідраваць’; ’загортваць, згортваць’. Польск. wiercić ’круціць’; ’свідраваць’; ’круціўшы, расціраць што-небудзь’, н.-луж. wjerśeś ’вярцець, круціць’; ’свідраваць’, в.-луж. wjerćeć ’тс’, чэш. vrtěti ’вярцець, круціць’; ’думаць, варочаць мазгамі’, славац. vrtieť ’круціць’, славен. vrtẹ́ti ’тс’, серб.-харв. vŕtjeti, вр̀тети ’круціць’; ’ківаць (галавой)’; ’віляць, махаць (хвастом)’; ’сукаць’; ’свідраваць’, макед. врти ’абарачаць, вярцець, круціць’; ’мяняць палажэнне’; ’зварочваць (з дарогі)’; ’гартаць (старонку)’; ’віцца (аб сцежцы)’; ’пераварочваць, ніцаваць’; ’перакручваць’; ’(добра) весці гаспадарку’; ’тачыць (дрэва)’, балг. въртя́ ’вярцець, круціць, абарочваць’; ’віцца’; ’добра валодаць (зброяй, інструментам)’; ’весці гаспадарку’; ’варочаць (справамі)’, ст.-слав. врьтѣти, врътѣти ’вярцець, круціць’. Прасл. vьrtěti (аснова vьrt‑/vert‑/vort‑) мае адпаведнікі ў літ. ver̃sti, verčiù ’валіць, перакульваць’; ’ніцаваць’; ’пераўтвараць’; ’перакладаць (на іншую мову)’; ’прымушаць’, лат. vḕrst ’звяртаць (увагу)’; ’паварочваць’; ’абярнуць’, ст.-прус. wīrst ’станавіцца’, wartint ’абарачаць’, гоц. wairþan ’станавіцца’, лац. verto, ‑ere ’паварочваць, вярцець’ — усе ўзыходзяць да і.-е. u̯ert‑ (< u̯er‑). Гл. Праабражэнскі, 1, 77; Вальдэ, 824; Траўтман, 354; Фік, 1, 131; Торп, 397; Мюленбах-Эндзелін, 4, 566; Міклашыч, 384; Брукнер, 617; Фасмер, 1, 301; Шанскі, 1, В, 65–66; КЭСРЯ, 76; Махэк₂, 701; БЕР, 1, 212; Голуб-Копечны, 423; Младэнаў, 91; Скок, 3, 631–633.

Вярцёбы мн. ’вір’ (гом., Мат. Гом.) — азванчэнне асновы па ўзору назоўнікаў з суф. ‑об‑а: карчоба, пашчоба і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 33–34). Да вярце́п. Параўн. таксама ўкр. вертьо́г ’ухаба, яма ў пяску, выбітая ветрам’.

Вярцёл ’завостраная палка, на якой смажыцца сала’ (КТС, А. Куляшоў). Да ве́рцел (гл.). Параўн. ст.-рус. вертелъ (XVII ст.).