Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тро́жды ‘тройчы, трыкроць’ (Нас., Некр. і Байк.), тро́жджы ‘тс’ (Нас.), ст.-бел. троижды, троижда ‘тс’ (ГСБМ), трежды, трейжды ‘тс’ (Карскі 2-3, 72). Аналагічна да двожды (гл.), падрабязней гл. трыжды.

Тро́іць1 ‘апрацоўваць зямлю плугам трэці раз’ (Некр. і Байк., Янк. 1; капыл., Бел. дыял. 3). Гл. траіць.

Тро́іць2 аргат. ‘есці’: хлеб есці — сумеру троіць (староб., Полымя, 1991, 10, 169), тро́іты ‘тс’ (іван., Бел. дыял. 1). Параўн. укр. аргат. тро́їти ‘тс’, рус. аргат. тро́ить ‘тс’, польск. аргат. troi̯ić ‘тс’. Ад грэч. τρῶγω ‘ем, прымаю ежу’ (Папоў, Из истории, 104; Бандалетаў, Этимология–1980, 70; Горбач, Арго, 28).

Тро́йдаць ‘хадзіць (ад хаты да хаты), бадзяцца’ (Ян.). Відаць, імітатыўнага (гукапераймальнага) паходжання, параўн. трайдоліць (гл.), бліжэйшыя адпаведнікі: чэш. trajdati ‘бадзяцца, блукаць, вандраваць, валацужнічаць’, trajda ‘валацужная жанчына’, ‘распусніца’, ‘кумка’, ‘балбатушка, лапатушка’, паўд.-чэш. tráda ‘тс’, якія Махэк₂ (648–649) выводзіць з tragat se ‘ледзь ісці, валачыцца’, мар.-славац. tragat sa ‘ісці з намаганнем’, роднаснымі якім ён называе лац. trahere ‘цягнуць, валачыць’; узводзіцца да прасл. *tragati, у чэшскім слове ‑g‑ (замест ‑h‑) з-за экспрэсіўнасці слова.

Тро́йзелле ‘лекавая трава’ (жытк., Нар. Гом.). Гл. труйзеле, трызелле.

Тро́йка1, трэ́йко ‘тройчы’ (Нар. Гом.), тро́йко ‘трое’ (Рам. 3, ТС), ‘трайня’ (Сл. ПЗБ), трэ́ка ‘тройчы’ (Сцяшк. Сл.), трэ́ко ‘тс’ (Сержп.). Узыходзяць да формы зборнага лічэбніка *trojь ‘трое’, аформленага па ўзоры *dvojьka ‘двое’ з суф. ‑k‑, гл. Карскі 2-3, 55; Мяркулава, Этимология–1972, 102; SP, 5, 185. Формы з ‑э(й) можна патлумачыць уплывам балтыйскіх моў на фоне тро́е, пры літ. trejí ‘тры, трое’, аднак больш верагодная змена о > э пад націскам пад уплывам трэці.

Тро́йка2 ‘лічба 3 і адпаведная адзнака ці карта; запрэжка з трох коней; група з трох чалавек; касцюм з трох рэчаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘3‑метровая калода’ (Мат. Гом.), ‘трэці ход у гульні’ (ТС). Да папярэдняга слова (гл.).

Тройкі ‘сляды зайца’ (Мат. Гом.). Параўн. у мове паляўнічых рус. тройка ‘ўчастак зайцавага шляху, па якім звярок прайшоў туды і назад тры разы’ (Сл. охот.). Да тройка1, гл.

Тро́йні ‘вілы з трыма зубамі’ (ТСБМ, Касп.). Утворана ад тройня (гл.), як двойня, з суф. ‑ня, які пад уплывам лексемы ві́лы стаў суфіксам назоўніка pluralia tantum.

Тро́йнік1 ‘рыбацкая прылада крыга’ (капыл., Янк. 1). Да трайні́к (гл.).

Тро́йні́к2 ‘чальчак вербалісты, Lythrum salicaria L.’ (Кіс.), ‘бабок трохлісты, Menyanthes trifoliate L.’ (Бейл.), трыйні́к ‘лекавая балотная расліна з трыма лістамі’ (Клундук), укр. тройча́к ‘тс’. Да тры (гл.), аднак матывацыя першай назвы застаецца няяснай. Паводле ЕСУМ (5, 647), з-за таго, што кветкі гэтай расліны бываюць трох відаў; хутчэй перанос на расліну іншых назваў з-за размяшчэння лісткоў на сцябле (Волкава, БЛ, 65, 113; Пастусяк, Pograniczne, 138, 205). Сюды ж, відаць, і тро́йнік ‘капытнік, Caltha palustris L.’ (івац., ЛА, 1).

Тро́йнік3 ‘бёрда на 13 пасмаў’ (ТС); у тры́йнык, у тры́нʼнік — ‘у трынаццаць пасмаў’ (пін., Уладз.). Параўн. рус. тройни́к ‘самае тонкае сялянскае палатно, у аснове якога 13 пасмаў’, тройнико́вый холст ‘тс’, польск. дыял. trojanotka, побач з trzynastka, trzynastnica ‘бёрда на 13 пасмаў’. Фактычна тройнік — гэта ніт, які складаецца з трох частак, слова ўтворана на базе тро́йны ‘патройны’ (Байк. і Некр.), гл. трайнік.

Тро́йня ‘дэталь у возе’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тройня ‘тс’ (ГСБМ). Гл. трайня2.

Тро́йца1 ‘Сёмуха’, у хрысціянскай рэлігіі ‘трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: Бог-Бацька, Бог-Сын і Бог-Дух Святы’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ): Сёмуха ці Тройца у нас тры дні (Сержп. Прымхі), Siomucha albo Świataja Trójca ‘тс’ (Пятк. 3), Trýeǐca ‘тс’ (Арх. Вяр.). Тро́іца ‘свята на другі дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас., Ян.); сюды ж тройцова́ць ‘святкаваць Сёмуху’ (ТС), тро́йцын дзень ‘Сёмуха’ (круп., Сл. ПЗБ), Trójeckije dziedý ‘тс’ (Пятк. 3). Ст.-бел. тройца, троица ‘Бог у трох іпастасях; Сёмуха’ (ГСБМ). У аснове ст.-слав. троица — калька з грэч. Τριάς, якое з τρεῖς; ‘тры’ (Фасмер, 4, 104). Да тры, трое, гл.

Тро́йца2 ‘кампанія з трох чалавек’ (ТСБМ), ‘лік тры’ (Нас.): Boh trójcu lùbić (Пятк. 2), ‘трое суб’ектаў’: робляць па трэйко дзеля того, каб тут была тройца: мужык, жонка і дзеці (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. дыял. сʼвата́ три́йцʼа ‘траіх неразлучных сяброў’ (Арк.), чэш. trojice ‘тры асобы’, славен. trojíca ‘тс’, серб. тро̏йца ‘тс’, балг. трои́ца ‘тс’, макед. тројца ‘тс’, у ваколіцах Салуні truica ‘трое людзей’ (Малэцкі, Słownik). Паколькі ў большасці славянскіх моў фармальна адрозніваюцца назвы, якія суадносяцца з тройца1 і тройца2, мяркуецца, што формы з нерэлігійным значэннем з’яўляюцца больш старажытнымі ў некаторых мовах, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 397; Скок, 3, 300; Арол, 4, 105.

Тро́йца3, ‘канюшына лугавая, Trifolium pratense L.’ (Шмярко, Кіс.). Параўн. укр. трі́йка ‘тс’, рус. тро́йца ‘тс’, чэш. trojka, trojačka ‘тс’. У аснове назваў лічэбнік тры (гл.), што характарызуе будову лістка з трыма пласткамі (ЕСУМ, 5, 643; Махэк, Jména, 121), гл. папярэдняе слова.