Тро́йнік 1 ‘рыбацкая прылада крыга’ (капыл., Янк. 1). Да трайні́к (гл.).
Тро́йні́к 2 ‘чальчак вербалісты, Lythrum salicaria L.’ (Кіс.), ‘бабок трохлісты, Menyanthes trifoliate L.’ (Бейл.), трыйні́к ‘лекавая балотная расліна з трыма лістамі’ (Клундук), укр. тройча́к ‘тс’. Да тры (гл.), аднак матывацыя першай назвы застаецца няяснай. Паводле ЕСУМ (5, 647), з-за таго, што кветкі гэтай расліны бываюць трох відаў; хутчэй перанос на расліну іншых назваў з-за размяшчэння лісткоў на сцябле (Волкава, БЛ, 65, 113; Пастусяк, Pograniczne, 138, 205). Сюды ж, відаць, і тро́йнік ‘капытнік, Caltha palustris L.’ (івац., ЛА, 1).
Тро́йнік 3 ‘бёрда на 13 пасмаў’ (ТС); у тры́йнык, у тры́нʼнік — ‘у трынаццаць пасмаў’ (пін., Уладз.). Параўн. рус. тройни́к ‘самае тонкае сялянскае палатно, у аснове якога 13 пасмаў’, тройнико́вый холст ‘тс’, польск. дыял. trojanotka, побач з trzynastka, trzynastnica ‘бёрда на 13 пасмаў’. Фактычна тройнік — гэта ніт, які складаецца з трох частак, слова ўтворана на базе тро́йны ‘патройны’ (Байк. і Некр.), гл. трайнік.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)