Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кажу́рно ’аўчыны’ (віл., Сл. паўн.-зах.). Адпаведнікаў быццам бы няма. На магчымы экспрэсіўны характар бел. слова ўказваюць тэксты: «На няшытыя аўчыны казалі кажурно. Шапкі шыюць з кажурна. Кавалкі кажурна валяюцца» (Сл. паўн.-зах., 359). Можна параўнаць з вядомымі на Тураўшчыне собарно, кожушно (гл.). Можна меркаваць аб экспрэсіўнай ‑н‑о‑суфіксацыі (кажурно < кажура ’скура, кусок аўчыны’), аднак, параўн. чобурна (< чобаты, тураў., Цыхун, вусн. паведамл.), у меншай меры собарно (< сабака), якія могуць сведчыць аб ускладненым суфіксе (‑арн‑о/‑урн‑о). Што датычыцца генезіса гэтага суфікса, ён, відаць, утварыўся ў выніку дэкампазіцыі структур, дзе ‑ур‑ суфікс з адценнем экспрэсіўнасці (магчыма, наватворам быў не суфікс ‑урн‑о, а толькі ‑рн‑о, параўн. собарно), а ‑н‑, н‑а, н‑я вядомы ў некалькіх прыкладах таксама экспрэсіўны суфікс. Параўн. да першага ваўчура (< воўк), да другога — мална, мяльня ’пустамеля’, аддзеяслоўныя ўтварэнні, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58, сабачня і інш. Канчатак можа тлумачыцца па-рознаму, аднак звяртае на сябе ўвагу рыфмоўка ў прымаўках: укр. «Душно! — Скинь кожушно» і бел. тураў.: «Як душно, то скідай кожушно, а як холодно, то адзевай лайно».

Кажуры́на1 ’кусок аўчыны’ (БРС, ТСБМ, КЭС, лаг.; Шат.), кажурынко ’кажух’ (Федар. рук.), кажуронак ’тс’ (Бядуля). Як і ў папярэднім выпадку, нельга адназначна меркаваць аб статусе бел. слова. Адпаведнікі — у рус. мове, параўн. кожурина (у Даля без геаграфіі) ’кусок закарэлай скуры, аўчыны і да т. п.’, пск., асташ., цвяр., вышагар., алан. ’дрэнны, закарэлы кажух’. Да значэння ’кажух’ параўн. рус. валаг., наўг., кастр., смал. і інш. кожурина ’скура (авечкі і пад.)’; значэнне ’кавалак аўчыны’ паводле суфікса in‑a. Утвораны гэтыя словы ад кожура, кантынуант апошняга засведчаны рускімі гаворкамі. Кажура пск. ’скура, пераважна свіная’, перм. баранья кожура, свярдл. ’скура цяляці’, кадн., валаг., пск. ’луска’ і інш., далей да кожа (гл.). Суфіксацыя ‑ур‑, відаць, экспрэсіўная, параўн. рус. дыял. кожурина ’худы замардаваны конь’, кожура ’скура жабы’, ’тоўстая скура’.

Кажу́рыцца ’хвалявацца’ (хойн., Мат. Гом.). Можна параўнаць з рус. дыял. формамі кожуриться ’маршчыніцца, жабіцца’ (усх., паводле Даля), валаг. ’натужвацца, напружвацца’, пск., асташ., цвяр. ’скупіцца, скнарнічаць’. Дзеяслоў ад кожура ’скура’ першапачаткова ’станавіцца падобным на лупіны’. Параўн. яшчэ рус. кожилиться, кожалиться ’намагацца, напружвацца’, ’скупіцца’, якія, магчыма, не без уплыву жалиться ’пяцца, натужвацца’, параўн. перм. кожила ’скнара’ і рус. жила ’тс’ і інш. Вышэй прыведзеныя прыклады памяншаюць надзейнасць магчымага варыянта этымалогіі, паводле якога кажурыцца ’хвалявацца’ ад журыцца ’смуткаваць’ з прэфармантам ko‑, а рус. кожилиться < жилиться аналагічным спосабам.

Кажу́х1 ’доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; іван., капыл., КЭС; Маш., Нас., Радч., Сакал., Серб., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяшк., Шат., Шэйн.). Укр. кожух ’футра, кажух’, рус. дыял. кожух ’аўчына, вопратка з аўчын’, паводле Даля паўдн. і зах., ’скура’, ’верхняя вопратка, якая не прамакае ад дажджу’ і інш., польск. kożuch ’футра, аўчына, вопратка з аўчыны і інш.’, н.-луж. kožuch, в.-луж. kožuch, чэш. дыял. kožuch, славац. kožuch ’футра (воўна і скура)’, серб.-харв. ко̀жух ’футра, кажух, аўчына’, славен. kožuh ’футра, кажух’, мак. кожув, балг. кожух ’кажух’. Праслав. kožuxъ ’скура жывёлы з футрам; вопратка з падобнай скуры’, утворана ад koža суф. ‑uxъ. У прасл. гэта унікальны суфікс у гэтай функцыі, у той час як у слав. мовах ён шырока прадстаўлены, гл. Слаўскі, 3, 39. Меркаванне Ягіча (AfslPh, XVII, 1894, 292) аб тым, што такая словаўтваральная мадэль нехарактэрная для назваў вопраткі, не пераконвае, паколькі першапачатковым значэннем слова было ’скура жывёліны’, як аб гэтым сведчаць і шматлікія іншыя ўтварэнні ад koža.

Кажу́х2 ’гарызантальная частка дымавой трубы ў хаце’ (Гарэц.), ’прастора паміж печкай і сцяной, калі печ стаіць блізка пры сцяне’ (Бяльк.). Рус. кожух ’комін печы’, ’выцяжная драўляная труба над дымавой адтулінай курной хаты’, параўн. шуйск., уладз. ’гарызантальная частка дымахода, якая злучае печ з комінам’; наогул рус. слова называе розныя часткі як печы, так і навакольнай прасторы. Гэта зніжае каштоўнасць супастаўлення бел. кажух ’прастора паміж печчу і сцяной’ і маск. кожух ’сцяна каля рускай печы’. Утворана (першае) ад кожух ’пакрыццё, чахол’, значэнне, некаторыя этапы развіцця якога ад kožuxъ ’скура’ можна прасачыць па такіх прыкладах, як рус. кожух ’скура змяі (якая скідаецца)’, ’шкарлупіна’, кожура ’драўняная кара’, балг. кожулец ’кокан’, макед. кожурец ’тс’. Значэнне ’прастора паміж печчу і комінам’ можа разумецца як ’паветраная ахова, своеасаблівы кажух’ або, што больш верагодна, ад *кажух ’частка печы’, ’частка прасторы каля печы’ — падобныя значэнні засведчаны рускімі гаворкамі. Аб часе ўтварэння слова і магчымых культурных сувязях на ўзроўні рэалій можна толькі здагадвацца, аднак вялікая колькасць значэнняў тэрміна кожух у рус. дыял. і ўсходняя геаграфія бел. слова сведчаць, што тут назіраецца руская інавацыя.

Кажу́х3 ’пенка на малацэ’, кажушок ’тс’ (пух., Жыв. сл.), ’брудны налёт, паласа пены на вадзе і інш.’, параўн. у кантэксце: «…бывае, кажух такі зробіцца зверху на вадзе стаячай, смуга такая зверху зялёная, як доўга стаіць» (пух., Жыв. сл.). Польск. kożuch ’плеўка, якой зацягваецца паверхня вадкасці, напрыклад малака’, kożuch rzęsy, славен. kożuch ’пенка на малацэ’; з іншай суфіксацыяй: укр. кожушок (у Жэляхоўскага) ’плеўка на паверхні малака, кісялю’, макед. кожурек, кожурка ’пенка на малацэ’, балг. кожер ’смятана, пенка на малацэ’, кожарец ’тс’. Адсутнасць дакладных адпаведнікаў з больш надзейнай серб.-харв. тэрыторыі не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім значэнні ’плеўка на вадкасці, пенка на малацэ’. Аднак наяўнасць балг. і макед. паралеляў сведчыць у карысць старога, незалежнага ад уздзеяння ням. мовы (параўн. у Слаўскага, 3, 39) пераносу; гл. яшчэ кажух2 і кажух4. Этымалагічна кажух3 ад kožuxъ ’субстанцыя, якая пакрывае што-небудзь, якое з kožuxъ ’скура і да т. п.’, гл. кажух1.

*Кажу́х4, кожух ’расліннае покрыва на балоце, якое ўспухае, узнімаецца’, параўн. у кантэксце: «Такый кожух е на тэму болоты: вуда зрывае кожух од шчырцу. На тэму кожуховы гуйдатыся можна» (малар., Нар. лекс.), кожух ’твань, дрыгва’ (малар., Талстой, Геагр.), кокожух ’зыбкае месца’ (тураў., ДАБМ). Паводле Талстога, Геагр., 185–186, утворана семантычна падобна (па прынцыпу метафары), як і інш. назвы для значэння ’дрыгва, топкае месца на балоце’ (здмух і пад.). Тур. кокожух, паводле Талстога, там жа, дээтымалагізаваная форма з рэдуплікацыяй першага складу (параўн. рус. дыял. кокоты < коты ’назва абутку’), аднак, улічваючы палескія назвы каверт, кобагня, можна меркаваць аб магчымасці існавання рэгіянальнай мадэлі ўтварэння ко‑ + назва дрыгвы. Этымалагічна кажух4 < *кожух < kožuxъ, гл. кажух1, гэта пацвярджаецца, магчыма, кобр. кожушкы мняты ’ўгінаць, мяць тонкі лёд’ (Жыв. сл.).

Кажухо́ваць, акажуховаць хату ’ашаляваць’ (Федар., рук.), кожухіўка ’шаляваная сцяна’ (кам., Нар. сл.). Рус. арл., болх., свярдл., с.-ур. кожушить ’шаляваць’, кожушка ’абшалёўванне’, польск. kożuchować ’шаляваць’, kożuchowanie, апошняе вядома з першай палавіны XVI ст., відавочна, прапускае. Бел. слова паводле фармальных адзнак і лінгвагеаграфіі неабходна лічыць паланізмам. Польск. да kożuch ’пакрыццё, аблямаванне’, параўн. дыял. kożuch ’аблямаванне з гліны, якое пакрывае ганчарную печ’. Рус. таксама вытворнае ад кожух, аднак статус яго (суадносіны з польск. словам — запазычанне? незалежныя ўтварэнні?) няясны, патрабуецца распрацоўка пытання на ўзроўні рэалій.

Кажу́шак1 ’паўкажушок, кароткі кажух’ (маз., Сержп.; Сцяц.), кажушка ’тс’ (слонім., Шн.). Укр. дыял. кожушок ’тс’, укр. палес. кожушка ’паўкажушок’, чарніг. ’жаночая футра’. Суфіксальныя вытворныя ад кажух1; аб храналогіі і суаднесенасці меркаваць цяжка. Параўн. кажушок (гл.). Месца націску, магчыма, сведчыць аб польскім уплыве (параўн. польск. kożuszek).

Кажу́шак2 ’шчупак; шчупак наогул і шчупак сярэдняга памеру’ (Мат. Гом.; тураў., Крыв.; Флора), кожушак ’тс’ (параўн. пін., Нар. лекс.; жытк., Нар. словатв.; палес., Крыв.; ТС), кожушек, кажушок ’шчупак’ (тураў., КЭС), кажушка ’тс’ (лельч., Мат. Гом.; Палес., Крыв.; ТС), кожушʼе ’вялікі шчупак’, кожушленя ’маленькі шчупачок’, кожушленятко, кожушлятко памянш. да кожушленя, кожушно ’вялікі шчупак’ (апошнія прыклады з Тураўскага слоўніка). Паводле Тарнацкага, к, № 177, заходняя зона ўжывання лексемы праходзіць па Гарыні, параўн., аднак, наш прыклад з паўдн. Піншчыны, на ўсходзе яна сустракаецца ў Жыткавіцкім, Столінскім і Лунінецкім раёнах (гл. Крывіцкі, Лекс. Пал., 168); сустракаецца ў Лельчыцкім раёне (Мат. Гом.). Вузкалакальная інавацыя (фактычна ц.-палес.), этымалогія няпэўная. Цыхун (Бел.-укр. ізал., 85) мяркуе, што тут перанос ад кажух, кажушок ’від адзення’ з матывацыяй ’гладкая (як вырабленая) скура (у маладых шчупакоў)’. Пазней ён (вусна) прапанаваў дзве іншыя версіі і паведаміў багаты фактычны матэрыял. Як сведчаць палявыя запісы падчас тураўскіх экспедыцый, відавочна, што кажушак з’яўляецца адной з тых назваў, якія дыферэнцыруюць агульную назву шчупак. Шырокая ўжывальнасць слова кажушок ’шчупак сярэдніх памераў’ прывяла да зацямнення матывацыі, аб тым, што гэты працэс працягваецца, сведчаць значэнні ’шчупак наогул’ і памяншальныя вытворныя са значэннем ’маленькі шчупак’. Маленькія шчупакі лёгка дыферэнцыруюцца па колеру, і гэта яркая адзнака прыводзіць да ўзнікнення тэрміна зялёныя і сінія, параўн. У Тураўскім слоўніку: «Поймаў кожушленят зелёных», «кожушлятка сініе ў траве», можна меркаваць, што сярэдні па ўзросту шчупак можа таксама называцца на такому ж прынцыпу. Параўн. кажух4 ’расліннае покрыва на балоце’. Па другой, больш пераканаўчай версіі кажушак < *кажушак ’?’ < кожа ’скура’. Матывацыя назвы тлумачыцца Цыхуном: «кажушкамі называюць сярэдніх па памеру шчупакоў таму, што скура ў іх робіцца больш тоўстай і менавіта такіх шчупакоў можна фаршыраваць». Такая этымалогія пацвярджаецца інфармацыяй аб выкарыстанні шчупакоў у гэтым рэгіёне («надзеваная рыба»); яе можна падмацаваць і такім фактам, што адпаведным укр. кожушок называюць, паводле Грынчэнкі, скуру, вонкавую абалонку некаторых жывёл. Укр. і рус. назвы ад kožuxъ абазначаюць скуру, якая скідаецца, параўн. у фальк. тэкстах (’скура змяі’): рус. шадр., перм. «Как уснул Иван‑царевич, она вышла на улицу, сбросила кожух, сделалась красной девицей»; валаг. і інш. «Вот она кожух скинула и взяла мальчика на руки»; укр. (’скура жабы’): «Взяла кожушок з себе скинула, вийшла… Знову кожушок наділа і стала такою жабою, як і була». Параўн. яшчэ ад іншай асновы рус. перм. кожура: «А у нее была одежа из лягушечьей кожуры». Аб магчымасці яшчэ адной версіі сведчаць рус. валаг., пск. кожура ’рыбная луска’, с.-ур. кожуха ’тс’, параўн. яшчэ назвы раслін з калючымі пладамі, якія чапляюцца за адзенне: укр. кожушка, кожушки (липка, липучка, репашки), рус. кожушка. Па гэтай версіі шчупакоў сярэдніх памераў маглі называць кажушкамі па неабходнасці (пачынаючы з некаторага іх узросту) знімаць луску, чысціць. Ва ўсякім разе як па гэтай, так і па папярэдняй версіі кажушак < кожух ’скура, абалонка’ (адкуль і значэнне ’чахол’) з кажушак ’назва вопраткі’ непасрэдна не суадносіцца.

*Кажушма́н, кожушман ’вялікі шчупак’ (ТС). Адпаведнікаў няма, вузкарэгіянальнае ўтварэнне ад кажушак2 (гл.).

Кажу́шна1, кожушно ’кажух’ (ТСБМ). Укр. толькі ў прымаўцы «Душно! Скинь кожушно». Аб суфіксе гл. кожурно; што датычыцца храналогіі, можна меркаваць, што тут беларуская інавацыя, а па тэрыторыі, магчыма, і тураўскае, паколькі менавіта там адзначаюцца ўтварэнні такой структуры. Параўн. наст. слова.

Кажу́шна2, кожушно ’вялікі шчупак’. Аб этымалогіі (матывацыя назвы) гл. кажушак2. У гэтым рэгіёне вядомы ўтварэнні такой структуры, параўн. собарно (< собака), чобурна (< чобаты) (Цыхун, вусн. паведамл.). Параўн. і віл. кажурно ’аўчына’ (гл. там і меркаванні аб генезісе).

Кажушо́к ’памянш. да кажух, кароткі кажух’ (БРС, ТСБМ, Нас., Радч., Сержп., Грам.). Укр. кожушок ’тс’ (харк. і інш.), серб.-харв. (у Вука, Шулека) kožúšak ’памяншальнае да kožuh’. Нягледзячы на поўнае супадзенне гэтых слоў і спрыяльны геаграфічны крытэрый, меркаваць аб сепаратных сувязях пералічаных слоў вельмі цяжка па той прычыне, што гэта суфіксальныя ўтварэнні па вядомай і прадуктыўнай мадэлі. Розныя ўтварэнні з іншай памянш. суфіксацыяй (параўн. балг. дыял. кожушец, кожушче, укр. кожушка, серб.-харв. kòžušič і да т. п.) сведчаць, магчыма, аб незалежным утварэнні разглядаемых слоў; храналогія таксама няясная. Да кажух1 (гл.).

Кажушы́на ’назва вопраткі, паўкажушок’ (Радч.). Укр. кожушина ’больш лёгкі кажух’, рус. зах.-бран. (па тэрыторыі агульнае з бел.) кожушина ’паўкажушок з аўчыны, кажух’, серб.-харв. (павеліч. kòžušina) засведчана ў помніках XVIII ст. балг. кожушина ’вялікі кажух’; гэта ж форма са значэннем ’шалупінне цыбулі’ ў загадках: серб.-харв. «U našega dedušine trideset i dve kozušine, pʼopet mu se rebra vide»; балг. радом. «Стар деда с девет кожушини». Паўд.-слав. паралелі дэманструюць некалькі іншую семантыку, аднак галоўнай перашкодай для канстатацыі архаічнасці прыведзенага слова з’яўляецца прадуктыўнасць суфікса, яго рэгулярны характар, і калі для ўсх.-слав., як і для паўдн.-слав. лексем, сепаратныя сувязі відавочныя, то меркаваць аб роднаснасці паўн. і паўдн. слоў у гэтым выпадку вельмі цяжка. Што датычыцца семантыкі, параўн. яшчэ рус. дом і домина, бел. хата і хаціна; вялікі фактычны матэрыял (і некаторая літаратура) прыведзены ў артыкуле М. Н. Крыўко «Слова з суфіксам ‑ін‑а (‑ын‑а) і яго вытворнымі ў гаворцы вёскі Манякова Міёрскага раёна» (Нар. словатв.).