Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вяршкоўка́ ’дошка (аполак)’ (светлаг., б.-каш., Мат. Гом.); ’дошка ў залежнасці ад таўшчыні’ (Інстр. III). Утворана пры дапамозе суф. ‑оўка ад дзеяслова *вершкаваць, магчыма, запазычанага з рус. уладз. вершковать ’вызначаць расцэнкі на лес у залежнасці ад таўшчыні (вяршаліны і камля)’.

Вяршні́к1 ’верхні вушак’; ’перакладзіна, папярочка’ (БРС); ’планка ў санях, наезджаная на капылы наверх вязоў’ (дзярж., Нар. сл.), рус. наўг., пенз., с.-урал., сіб. вершник ’верхні вушак (дзвярэй, апон)’, ярасл. ’верхняя перакладзіна ў варотах’. Утворана пры дапамозе суф. ‑нік (< ‑ь‑nikь) ад vьrx‑ьnь. Да верхні (гл.). Параўн. таксама вярхняк1, вяршняк.

Вяршні́к2 ’верхні гаршчок у самагонным апараце’ (КТС, І. Пташнікаў), славен. vrhnják ’тс’. Да вяршнік1 (гл.).

Вяршня́ ’вяршыня’ (Яруш.) — старая лексема, утвораная пры дапамозе суф. ‑ьnʼa ад асновы vьrxъ‑. Да верх, ве́рхні (гл.).

Вяршня́к ’верхні касяк акна’ (Касп.); ’верхняя частка дрэў’ (КТС), рус. том. вершня́к ’верхні касяк акна, дзвярэй’, славен. vŕšnjak ’верхні камень вадзянога млына’. Узнікла ў выніку субстантывацыі прыметніка vьrx‑ьnь пры дапамозе суф. ‑ʼakъ.

Вяршо́к1 ’верхняя частка чаго-небудзь’; ’вяршаліна’ (БРС, КТС; КЭС, лаг.); ’тое, чым накрываюць гаршчок’ (Інстр. I), укр., рус. вершок ’тс’, польск. wierszek, н.-луж., в.-луж. wjeršk, чэш. vršek, vršík, славац. vŕšok, славен. vršek, серб.-харв. вр̑шак, макед. вршка ’верхняя частка чаго-небудзь’, балг. връ́шка ’адрубленая вяршаліна сасны’, вършец ’верхняя частка чаго-небудзь’. Да верх (гл.). Утворана пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ок (< ‑ьkъ).

Вяршо́к2 ’мера даўжыні ≈ 4,4 см’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., Сцяшк.), укр. вершок, рус. вершок, ст.-рус. вершок (з XVI ст.) ’тс’. Узыходзіць ад прасл. vьrx‑ьkъ ’верхняя частка чаго-небудзь, у прыватнасці верхняя частка ўказальнага пальца’ (Фасмер, 1, 302). Не пераконвае Праабражэнскі (1, 78), КЭСРЯ (77), Булахоўскі (Труды ИРЯ, 1, 151), якія развіццё семантыкі разглядаемай лексемы ўяўляюць наступным чынам: ’вяршыня’ → ’лішак, які з’яўляецца зверху пры насыпанні збожжа’ → ’мера даўжыні’. Бел. вяршок пранікла з рус. мовы (Шанскі, 1, В, 71).

Вяршо́к3 ’верхні слой на адстоеным салодкім малацэ’ (Інстр. I, Шат.), выршо́к (драг., КЭС), укр. вершок ’тс’, рус. уладз., валаг., дан. вершок ’тс’. Усх.-слав. утварэнне. Да верх (гл.), вяршок1 (гл.).

Вяршо́к4 ’адтуліна, верхняе аконца пад столлю для выпуску чаду ў курных хатах, у лазнях’ (Нас., Серб., Інстр. I, КЭС, лаг.). Укр. чарніг. верх, рус. смал. вершок ’тс’, пск. вершнік ’невялікае ваконца ў лазні’. Бел. утварэнне. Да верх ’тс’ (гл.).

Вяршо́к5 ’конусападобнае горла ці лаз у рыбацкіх пастках’ (Тарн.), ве́ршок (Крыв.). Рус. ленінгр. ве́ршник ’верх конусападобнай часткі невада’. Да верх (гл.). Сюды ж увершок, овершок (гл.).

Вяршо́к6 ’першая маленькая булачка з хлебнага цеста, якую часцей за ўсё аддаюць скаціне’ (мазыр., Вешт.). Да верх, вяршок1 (гл.).

Вяршо́чак ’смятана’ (КТС) — дэмінутыў да вяршок3 (гл.).

Вяршы́на ’верх чаго-небудзь’ (рагач., Мат. Гом.); ’верхняя частка дрэва’ (Шат.); ’смятана’ (Бяльк., ветк., Мат. Гом.). Вытворнае з суф. ‑іна (< ina) ад верх (гл.) < vьrx‑ъ. Сюды ж вяршы́нка ’вяршкі, смятана’ (докш., Янк. Мат.; КЭС, лаг.; смарг., Сцяшк., Жд., 1) і вяршы́нкі (полац., Нар. сл.), вяршы́ны ’тс’ (Касп.).

Вяршы́ня ’верхняя частка чаго-небудзь: гары, будынка, дрэва’ (КТС, БРС). Беларуская інавацыя, якая ўзнікла ў выніку пераўтварэння прасл. vьrš‑ina пад уплывам лексем з суф. ‑ynʼi ці, у прыватнасці, літ. viršūnė ’тс’, што выклікала змякчэнне зычнай у суфіксе. Параўн. таксама вяршы́на (гл.). Сюды ж вяршынны.

Вяршы́цель ’той, хто вяршыць справамі, распараджаецца’ (КТС, БРС). Запазычана з рус. вершитель ’тс’.

Вяршыцелька ’жанчына, якая распараджаецца’ (БРС, КТС). Беларускае ўтварэнне ад вяршыцель і суф. ‑к‑а.