Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САХА́ (ЯКУ́ЦІЯ),

Рэспубліка Саха (Якуція), Якуція, у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчана на Пн Усх. Сібіры. Абмываецца морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім. Уключае Новасібірскія астравы. Пл. 3102,2 тыс. км². Нас. 989 тыс. чал. (2000), гарадскога 64,6%. Сярэдняя шчыльн. 0,3 чал. на 1 км². Больш густа заселены паўд. улусы (адм. раёны) рэспублікі. Жывуць якуты (33,4%), рускія (50,3%), украінцы (7,1%), народнасці Поўначы (2,3%), у т. л. эвенкі, эвены, юкагіры. Сталіца — г. Якуцк. Найб. гарады: Нерунгры, Мірны, Ленск, Алдан, Удачны.

Прырода. Берагавая лінія моцна парэзаная (бухта Нордвік, зал. Анабарскі, Алянёцкі, Янскі, Калымскі, губа Буор-Хая з бухтай Тыксі). Большая ч. тэр. занята горнымі сістэмамі і пласкагор’ямі. На З Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн абмежавана Паўн.-Сібірскай нізінай, на У — Цэнтральнаякуцкай раўнінай. У паўд. ч. Алданскае нагор’е (выш. 650—1000 м), на Пн ад яго Прыленскае плато, на Пд — Станавы хрыбет. На правабярэжжы р. Лена хрыбты Верхаянскі (выш. да 2389 м) і Чэрскага (выш. да 3147 м, г. Перамога), паміж імі Яна-Аймяконскае нагор’е. На Пн Яна-Індыгірская і Калымская нізіны, на ПнУ Юкагірскае пласкагор’е. Больш за 40% тэр. за Палярным кругам. Карысныя выкапні: алмазы, золата, волава, сурма, вальфрам, слюда, поліметал. і жал. руды, каменны і буры вугаль (Паўднёва-Якуцкі вугальны басейн, Ленскі вугальны басейн), прыродны газ і інш. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэдняя т-ра студз. ад -28 °C на ўзбярэжжы да -50 °C на астатняй тэр. (у раёне Верхаянск—Аймякон — адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я з абс. мінімумам т-ры -72,2 °C), ліп. ад 2 °C на ўзбярэжжы да 19 °C у цэнтр раёнах. Ападкаў 200—700 мм за год. Гал. рэкі: Лена (з прытокамі Алёкма, Алдан, Вілюй), Алянёк, Яна, Індыгірка, Калыма і інш. Больш за 700 значных азёр, пераважна мелкаводных. Вілюйскае вадасховішча. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата. Глебы мярзлотна-таежныя, дзярнова-лясныя, алювіяльна-лугавыя, горна-лясныя і тундрава-глеевыя. Пад лесам (даўрская лістоўніца, хвоя, кедравы сланік, елка, піхта, бяроза) каля 80% тэрыторыі. У далінах рэк і на аласах пашыраны лугі. На Пн і ў гарах тундра. У складзе жывёльнага свету пясец, собаль, заяц-бяляк, ліс, гарнастай, паўн. алень, лось; трапляюцца кабарга, ізюбр, снежны баран. У морах — омуль, муксун, нельма, чыр, рапушка, у рэках — акунь, сіг, шчупак, асетр, мянтуз, таймень. Алёкмінскі і Усць-Ленскі запаведнікі.

Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. (Я.) з часоў палеаліту. У 6—10 ст. н.э. з Прыбайкалля на Сярэднюю Лену прыйшлі цюркамоўныя плямёны, якія асіміляваліся з мясц. насельніцтвам і ўтварылі ядро якуцкага (саха) народа. У першабытнаабшчынным ладзе якутаў, якія займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбалоўствам, у 17 ст. зараджаюцца элементы феад. адносін. Якуцкія плямёны на чале з таёнамі (князямі) насялялі сярэдняе цячэнне Лены, нізоўе Вілюя і вярхоўе Яны; у 2-й пал. 17 ст. яны рассяліліся па нізоўях Лены, Яны, на Алянёку, Індыгірцы, Алазеі і Калыме. З прыходам у 1620—30-я г. рус. казакоў якуты ў 1632 прызналі ўладу рас. цара. Рус. казакі засн. ў 1632 г. Якуцк. У 1638 утворана Якуцкае ваяводства. У 17—18 ст. якуты плацілі натуральны падатак — ясак. Частка іх перайшла да земляробства. З 1708 якуцкія землі ў складзе Сібірскай, з 1764 — Іркуцкай губ. У 1760-я г. забаронены купля і продаж зямлі, за валасцямі замацаваны зямельныя ўчасткі, склалася т. зв. класная абшчынная сістэма землекарыстання (існавала да 1920). У 1805 утворана Якуцкая вобл., якой кіраваў начальнік, падпарадкаваны іркуцкаму губернатару; з 1851 вобласцю (у складзе Іркуцкага ген.-губернатарства) кіраваў асобны губернатар. Паводле «Статута аб кіраванні іншародцаў» 1822 якуты прылічаны да «качавых іншародцаў». У сярэдзіне 19 ст. ў бас. рэк Алёкма і Віцім знойдзена золата. Буд-ва Сібірскай чыг., узнікненне золатаздабыўной прам-сці і суднаходства па Лене спрыялі развіццю ў С. (Я.) з канца 19 ст. элементаў капіталіст. адносін, фарміраванню нац. буржуазіі. З 19 ст. рас. царызм выкарыстоўваў тэр. С. (Я.) як месца ссылкі. Сярод сасланых па паліт. матывах былі беларусы Р.​А.​Васільеў, А.​А.​Касцюшка-Валюжаніч і інш. Тут праводзіў свае даследаванні і памёр (1892) у час падарожжа па р. Калыма І.​Дз.​Чэрскі. У рэвалюцыю 1905—07 у С. (Я.) узніклі дэмакр. саюзы і с.-д. арг-цыі, вясной 1917 — К-т РСДРП, Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, прафсаюзы. З восені 1917 улада ў Якуцку знаходзілася ў руках антыбальшавіцкага Якуцкага абл. савета. З дапамогай атрадаў Чырв. Арміі 1.7.1918 устаноўлена Сав. ўлада. У жн 1918 тэр. С. (Я.) занята белагвардзейцамі. Сав. ўлада адноўлена ў снеж. 1919 — сак. 1920. 27.4.1922 утворана Якуцкая Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспубліка ў складзе РСФСР. У Вял. Айч. вайну больш за 50 тыс. ураджэнцаў С. (Я.) змагаліся на франтах, 13 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза. За гады Сав. улады якуцкі (саха) народ кансалідаваўся ў нацыю, створаны сучасныя галіны прам-сці, у т. л. алмазаздабыўная. У вер. 1990 абвешчаны дзярж. суверэнітэт рэспублікі. У кастр. 1991 уведзена пасада прэзідэнта (у 1991—2002 М.​Я.​Нікалаеў, з 2002 — В.​А.​Штыроў). У снеж. 1991 прынята сучасная назва — С. (Я.). 31.3.1992 С. (Я.) разам з інш. суб’ектамі Рас. Федэрацыі падпісала Федэратыўны дагавор.

Гаспадарка. Аснову эканомікі С. (Я.) складае горназдабыўная прам-сць (77,4% кошту прамысл. прадукцыі, 1999). Здабыча алмазаў (Мірны, Удачны, Айхал), золата (бас. рэк Алдан і Індыгірка), волава (Дэпутацкі, Эсэ-Хая), сурмы (Усць-Нера), слюды (Алдан, Тамот, Канкунскі). Паліўна-энергет. комплекс (17,7%) грунтуецца на мясц. вугалі, прыродным газе, гідраэнергарэсурсах і прывазных нафтапрадуктах. Здабыча каменнага і бурага вугалю 10 млн. т (1999, Нерунгры, Сангар, Кангаласы), прыроднага газу (Вілюйск, Сангар), вытв-сць электраэнергіі 7,4 млрд. кВтгадз (1999), Вілюйская ГЭС, Нерунгрынская, Чульманская, Якуцкая ДРЭС Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, маш.-буд., лёгкай, харч., у т. л. рыбнай, прам-сці. Лясная і дрэваапр. прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў — 106,5 тыс. м³, мэблі) у Якуцку, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, маш.-буд. — у Нерунгры (рамонтна-мех.) і Якуцку (суднарамонт), металаапр. — у Алдане. Вытв-сць буд. матэрыялаў (у т. л. цэменту — 104 тыс. т) у Якуцку, Нерунгры, Мірным, Алдане, Сангары, Ленску, Тамоце. Лёгкая прам-сць (швейная, гарбарна-абутковая) у Якуцку, харч. — у Якуцку, Нерунгры, Ленску і інш. Вытв-сць сувеніраў у Якуцку. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (мяса-малочная, мяса-табуновая конегадоўля); на Пн — аленегадоўля. Свіна- і птушкагадоўля. Развіта зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка), паляўнічы (вавёрка, белы пясец, гарнастай, ліс, собаль, андатра) і рыбны промыслы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999) буйн. раг. жывёлы 273,5, свіней 20,4. Пасяўныя пл. (тыс. га, 1999) 59,9, з іх пад збожжавымі (пшаніца, ячмень, авёс) 23,7, бульбай і агароднінай 11,4, кармавымі 24,8. Пасевы збожжавых у цэнтр. і паўд. раёнах, бульбу і агародніну вырошчваюць у цэнтр. ч., на Пд і З. Асн. віды транспарту паветраны і водны. Аэрапорты ў Якуцку, Нерунгры, Мірным, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, Тыксі, Верхаянску, Чэрскім. Суднаходства па Паўночным марскім шляху, рэках Лена, Алдан, Вілюй, Анабар і інш. Марскія парты: Тыксі, Зялёны мыс (Чэрскі). Даўж. чыгункі 165 км (Бамаўская чыг. лінія — Тында—Беркакіт—Нерунгры). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7071 км, гал. Амура-Якуцкая аўтамагістраль (Беркакіт—Тамот—Якуцк) і Якуцк—Хандыга—Магадан. С. (Я.) пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу алмазы, золата, волава, піламатэрыялы, пушніну; завозіць нафтапрадукты, прадукцыю машынабудавання, тавары лёгкай, харч. прам-сці і інш.

Літаратура. Развіваецца на якуцкай мове. Вытокі ў багатым і разнастайным фальклоры; асабліва пашыраны гераічны эпас аланхо. Пісьмовая л-ра зарадзілася з узнікненнем перыяд. друку ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. У творах А.​Кулакоўскага, А.​Сафронава побыт якутаў, іх цяжкае жыццё. Заснавальнік як. сав. л-ры — П.​Айунскі. У 1920—30-я г. выступілі паэты С.​Эляй, А.​Абагінскі (Кудрын), А.​Кюндэ (Іваноў), Кюнюк Урастыраў (У.​Новікаў), празаікі Ама Ачыгыя (М.​Мордзінаў), Эрылік Эрысцін (С.​Якаўлеў), драматург Суарун Амалон (Дз.​Сіўцаў) з творамі пра грамадз. вайну, змены ў жыцці народа. У Вял. Айч. вайну патрыят. творы стваралі С.​Васільеў-Барагонскі, Эрылік Эрысцін, Ама Ачыгыя, Кюнюк Урастыраў, Эляй і інш. У пасляваен. гады распрацоўваліся тэмы Вял. Айч. вайны (І.​Нікіфараў, Л.​Папоў), стваральнай працы (Сямён Данілаў, Сафрон Данілаў, М.​Яфімаў, І.​Гогалеў). У 1960—90-я г. л-ра папоўнілася творамі П.​Табурокава, М.​Якуцкага, М.​Габышава, С.​Руфава, С.​Тарасава, А.​Сырамятнікавай і інш. На бел. мову асобныя творы Абагінскага, Айунскага, Сафрона Данілава, Сямёна Данілава, Кюндэ, Сафронава, Яфімава перакладалі А.​Вольскі, С.​Міхальчук, У.​Правасуд, Я.​Семяжон. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці В.​Гаўрыльевай «Краіна Уот-Джулустана» (1981), казка «Жураўлінае пяро» (1988).

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. (Я.) знойдзены арнаментаваная кераміка, маст. вырабы з металу, наскальныя выявы (жывёлы, сцэны палявання) часоў неаліту і бронзы. Стараж. жыллё якутаў — прамавугольная ў плане юрта, з 19 ст. пашыраны драўляныя хаты. Традыц. віды нар. мастацтва: разьба па дрэве і косці, чаканка і гравіроўка па метале, дробная пластыка, выраб футравага адзення, аздобленага мазаікай і аплікацыяй. У 20 ст. пааднаўляліся старыя і ўзнікалі новыя гарады (Алдан, Ленск, Мірны) і гар. пасёлкі (Чарнышэўскі і інш.). Ва ўмовах вечнай мерзлаты будынкі (шматпавярховыя, цагляныя ці каменныя) узводзілі пераважна на слупкаватых ці палевых фундаментах. Сярод найб. значных архітэктараў-праекціроўшчыкаў С.​Данілаў, В.​Пятроў, І.​Смалькоў і інш. У 1964 створаны Саюз архітэктараў С. (Я.). Выяўл. мастацтва пач. 20 ст. прадстаўлена творчасцю М.​Носава і І.​Папова. У 1920—30-я г. працавалі першыя мастакі-якуты — П.​Раманаў, Г.​Туралысаў, П.​Дабрынін. Сярод мастакоў 2-й пал. 20 ст. жывапісцы А.​Осіпаў, М.​Лукін, В.​Пятроў, Л.​Габышаў, графікі Э.​Сіўцаў, В.​Васільеў, разьбяры па косці Дз.​Нікіфараў, І.​Мамаеў і інш.

Музыка. Аснову муз.-паэт. фальклору якутаў складае гераічны эпас аланхо. Асн. жанры як. нар. музыкі — працяжныя і мерныя песні. Працяжным уласцівы свабодная форма, пераменныя метр і лад. Мелодыі мерных песень рытмічна выразныя і ладава акрэсленыя (лірычныя, танц., а таксама т.зв. паднябенныя, якія выконваюцца з характэрным прыцмокваннем). З танцаў вядомы асуахай, з інструментаў — хамуз (варган), кюпсюр (барабан), дзюнгюр (шаманскі бубен), самаробная скрыпка і запазычаныя ад рускіх балалайка і баян. У 1843 упершыню як. нар. песні запісаў А.​Мідэндорф. У 1927 выдадзены першы зб. як. песень (у ім змешчаны апрацоўкі М.​Аладава). Найб. вядомыя музыканты: Ф.​Карнілаў, А.​Скрабін, М.​Жыркоў, З.​Вінакураў. На як. муз. мастацтва паўплывалі Г.​Ліцінскі (першыя нац. оперы і балеты разам з М.​Жырковым), М.​Пяйко, Г.​Грыгаран, С.​Кандрацьеў і інш. Сярод як. выканаўцаў спевакі М.​Лабанаў, А.​Лыткіна, Н.​Шапялёва, А.​Ільіна, хар. дырыжор Ф.​Баішава, балерына А.​Сцяпанава. Працуюць Муз,драм. т-р імя П.​Айунскага, муз. т-р, філармонія, ансамбль танца, сімф. аркестр, хор радыё і тэлебачання, муз. вучылішча, муз. школа. Саюз кампазітараў С. (Я.) з 1979.

Літ.:

Иванов В.Н. Социально-экономические отношения у якутов, XVII в. Якутск, 1966;

Гоголев А.И. Историческая этнография якутов. Якутск, 1986;

Зыков Ф.М. Поселения, жилища и хозяйственные постройки якутов XIX—нач. XX в. Новосибирск, 1986.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

Да арт. Саха (Якуція). Здабыча золата.

т. 14, с. 202

Якубаўшчына

т. 18, кн. 1, с. 256

Якубаў Адыл

т. 18, кн. 1, с. 256

Якубецкі Андрэй Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 256

Якубіска Юрай

т. 18, кн. 1, с. 256

Якубовіч Анатоль Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 256

Якубовіч Леанід Яўгенавіч

т. 18, кн. 1, с. 256

Якубовіч Пётр Піліпавіч

т. 18, кн. 1, с. 256

Якубоніс Гедзімінас

т. 18, кн. 1, с. 256

Якубоўскі Іван Ігнатавіч

т. 18, кн. 1, с. 257