Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

«УЦЁКІ КАПІТА́ЛУ»,

працэс стыхійнага перамяшчэння капіталаў з адной краіны ў іншую з мэтай больш выгаднага іх выкарыстання або надзейнага і даходнага ўкладання. Выяўляецца ў форме пераводу капіталаў на рахункі банкаў у інш. краінах, набыцця замежных каштоўных папер, а таксама кантрабанднага вывазу золата, замежнай і нац. валюты. Асн. прычыны «У.к.»: эканам. і паліт. няўстойлівасць, валютны крызіс, інфляцыя, рэзкія ваганні валютных курсаў, чаканне дэвальвацыі і рэвальвацыі, павелічэнне працэнтных ставак. Вядзе да пагаршэння плацежнага балансу, валютна-фін. становішча краіны. У пэўныя перыяды эканам. развіцця ўласцівы многім краінам.

т. 16, с. 288

УЦЁС,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на Пд ад г. Баранавічы, 222 км ад Брэста, 12 км ад чыг. ст. Лясная. 428 ж., 194 двары (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 16, с. 289

УЦЁСАЎ (сапр. Вайсбейн) Леанід Восіпавіч

(21.3.1895, г. Адэса, Украіна — 9.3.1982),

расійскі артыст эстрады, спявак. Нар. арт. СССР (1965). З 1911 выступаў на эстрадзе, з 1921 адначасова ў аперэце. З 1929 кіраўнік і саліст, а таксама дырыжор і канферансье створанага ім першага сав. джазавага калектыву «Тэа-джаз» (з 1948 Дзярж. эстр. аркестр Расіі), з якім У. упершыню выканаў многія песні сав. кампазітараў. Яго выкананню ўласцівы лірызм, грамадзянскасць, жыццялюбства. З джазавым калектывам зняўся ў кінафільме «Вясёлыя хлопцы» (1934). Аўтар кніг «З песняй па жыцці» (1961), «Дзякуй, сэрца!» (1976).

Літ.:

Дмитриев Ю.А. Леонид Утесов. М., 1982;

Ревельс А. Рядом с Утесовым. М., 1995.

т. 16, с. 289

У́ЦІН Мікалай Ісакавіч (8.8.1840, С.-Пецярбург — 30.9.1883),

расійскі рэвалюцыянер-дэмакрат, кіраўнік Рускай секцыі 1-га Інтэрнацыянала. За ўдзел у студэнцкім руху ў 1861—62 арыштаваны і выключаны з Пецярбургскага ун-та. У 1862 кааптаваны ў ЦК т-ва «Зямля і воля». Кіраваў тайнай друкарняй у Люцынскім пав. Віцебскай губ. У 1863 эмігрыраваў у Лондан. У Жэневе ўваходзіў у рэдакцыю час. «Народное дело» (орган рус. рэв. эмігрантаў). Разам з А.Д.Трусавым у 1870 арганізаваў Рус. секцыю 1-га Інтэрнацыянала. Падтрымліваў кантакты з К.​Марксам і Ф.​Энгельсам, на Лонданскай канферэнцыі 1-га Інтэрнацыянала (1871) удзельнічаў у ідэйным разгроме анархістаў — прыхільнікаў М.​А.​Бакуніна. У сярэдзіне 1870-х г. ад паліт. дзейнасці адышоў. У 1878 вярнуўся ў Расію.

Літ.:

Козьмин Б.П. Русская секция Первого Интернационала. М., 1957;

Шпадарук И.П. Борцы за народное дело. Мн., 1968.

т. 16, с. 289

УЦІУ́РА, Вулканічны заліў,

заліў Ціхага ак. каля паўд. ўзбярэжжа в-ва Хакайда (Японія). Мае акруглую форму, дыяметр каля 55 км, шыр. ля ўвахода каля 30 км, глыб. да 100 м. Берагі пераважна нізкія, з асобнымі вулканамі (Усу, Камагатаке і інш.). Порт — Мураран.

т. 16, с. 289

УЦУНО́МІЯ,

горад у Японіі, у цэнтры в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Тацігі. Каля 400 тыс. ж. (2000). Цэнтр. с.-г. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн., харч., цэлюлозна-папяровая, тэкстыльная. Ун-т. Каля У. ў гарах — нац. парк Ніко. Турызм.

т. 16, с. 289

УЦЬ,

другая назва в. Вуць у Добрушскім р-не Гомельскай вобл.

т. 16, с. 289