Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДМО́ЎЕ ў граматыцы,

граматычная катэгорыя, якая паказвае на адсутнасць прадмета, якасных прыкмет прадмета, дзеяння або стану, а таксама слова-сказ, што перадае нязгоду з выказваннем («не»). У бел. мове асн. сродкі выражэння: часціца «не» («Ён не чытае»); часціца «ні» («На небе ні хмурынкі»); займеннікі і прыслоўі з прэфіксамі «не» («нейкі», «неяк») або «ні» («ніхто», «ніякі»); прэдыкатывы «не», «нельга», «немагчыма»; слова «не» як эквівалент адмоўнага члена сказа або яго галоўнага члена ў рэпліках, пры супрацьпастаўленні («Ён дома? — Не»); слова «няма».

Адмоўе можа быць агульнае — калі адмаўляецца ўся сітуацыя, пра якую паведамляецца ў сказе («Брат не хадзіў учора ў кіно»), і прыватнае — калі адмаўляецца толькі частка сітуацыі («Брат хадзіў учора не ў кіно», «не брат хадзіў учора ў кіно»).

Я.М.Камароўскі.

т. 1, с. 120

АДМО́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

уласцівасць некаторых звычайна нелінейных элементаў эл. ланцугоў змяншаць падзенне напружання на іх пры павелічэнні сілы току (напр., 4-слойны некіроўны дыёд, тунэльны дыёд). У ланцугах пераменнага току індуктыўнае супраціўленне можна разглядаць як адмоўнае супраціўленне ў адносінах да ёмістаснага. У ланцугах пастаяннага току адмоўнае супраціўленне ўзнікае ў вобласці значэнняў токаў і напружанняў пры наяўнасці на вольт-ампернай характарыстыцы элемента ўчастка, які зніжаецца.

Вольтамперная характарыстыка элемента з адмоўным супраціўленнем. AB — спадальны ўчастак.

т. 1, с. 120

АДМО́ЎНЫ ЛІК,

рэчаісны лік, меншы за 0, напр., -2; -0,5 і г.д. На лікавай прамой адлюстроўваецца пунктамі злева ад пачатку адліку (ад 0). Гл. таксама Дадатны лік.

т. 1, с. 120

АДМУ́ЧВАННЕ,

раздзяленне ўзмучаных цвёрдых дробных часцінак, заснаванае на розных скарасцях іх асядання ў вадзе; спосаб гідраўл. класіфікацыі здробненых матэрыялаў. Уключае адстойванне полідысперснай суспензіі з дэкантацыяй у паслядоўна злучаных адстойніках. Выкарыстоўваюць пры абагачэнні мінер. сыравіны, атрыманні тонкіх парашкоў, ачыстцы глін (кааліну) ад мех. дамешкаў (пяску, слюды, палявога шпату).

т. 1, с. 120

АДНААСО́БНІКІ,

сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц. сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстай прамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш. сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст. гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл. Раскулачванне).

Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.

А.М.Сарокін.

т. 1, с. 120

АДНАБАКО́ВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, якая не мае двух розных бакоў, чым і адрозніваецца, напр., ад сферы, куба ці квадрата. Размешчаная ў прасторы аднабаковая паверхня з зафіксаваным на ёй пунктам неперарыўнай дэфармацыяй абарачальна ператвараецца ў такую, на якой праз гэты пункт будзе праходзіць некаторы замкнёны шлях (абход), уздоўж якога можна пабудаваць нармаль, што неперарыўна мяняе свой кірунак да паверхні; праходзячы гэты шлях, нармаль вяртаецца ў зыходны пункт з напрамкам, процілеглым першапачатковаму. Характарыстыка аднабаковай паверхні — яе неарыентаванасць (гл. Арыентацыя). Для трохмернай прасторы сапраўдна і адваротнае: кожная неарыентаваная паверхня будзе аднабаковай паверхняй. Прыклады аднабаковай паверхні: Мёбіуса ліст, Клейна паверхня.

т. 1, с. 121

АДНАГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, адналетнікі,

травяністыя расліны, жыццёвы цыкл якіх (ад насення да насення) заканчваецца на працягу аднаго года (найб. кароткі ён у эфемераў, часцей ахоплівае ад 2 да 5 месяцаў). Вядома больш за 100 тыс. відаў, пашыраных на ўсім зямным шары, з іх на Беларусі каля 270 відаў.

Аднагадовыя расліны падзяляюцца на яравыя і азімыя формы. Насенне яравых прарастае вясной або летам і да восені (ва ўмераных шыротах) пасля плоданашэння расліны адміраюць (яравая пшаніца, лён, авёс, ячмень, кукуруза, каноплі, гарох, проса, грэчка, рыс і інш.). Азімыя прарастаюць восенню, зімуюць, на наступны год цвітуць, пладаносяць і адміраюць (азімыя пшаніца і жыта, віка, рапс, васілёк, стрэлкі і інш.). Аднагадовыя расліны (асабліва эфемераў) значна больш у пустыннай зоне і найменш у тундравай.

т. 1, с. 121

АДНАГАЛО́СНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП У ААН,

устаноўлены Статутам ААН парадак прыняцця Саветам Бяспекі рашэнняў непрацэдурнага характару. Прыняты на Крымскай канферэнцыі 1945. Паводле аднагалоснасці прынцыпу ў ААН рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго пададзены галасы 9 членаў Савета, прычым галасы ўсіх яго пастаянных членаў (ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і КНР) супадаюць. Часам гэты прынцып называюць правам вета пастаянных членаў Савета Бяспекі. Устрыманне пры галасаванні любога пастаяннага члена Савета Бяспекі не перашкаджае ўхваленню рашэння, а няўдзел у галасаванні не разглядаецца як выкарыстанне вета. Прыняцце паправак і змен у Статуце ААН таксама ажыццяўляецца ў адпаведнасці з аднагалоснасці прынцыпам у ААН.

Л.В.Паўлава.

т. 1, с. 121

АДНАГАЛО́СЫЯ

(Clamatores, Tyranni),

падатр. птушак атр. вераб’інападобных. Пашыраны пераважна ў тропіках Амерыкі. 14 сям.: дрэвалазы (Dendrocolaptidae), печніковыя (Furnariidae), пітавыя (Pittidae) і інш. Каля 1100 відаў.

Даўж. цела да 30 см, маса да 120 г. Будова гартані прымітыўная (крычаць, але не пяюць). Пер’е яркае, стракатае. Гняздуюцца на дрэвах і на зямлі. Нясуць 1—6 яец. Кормяцца насякомымі і раслінамі. Маюць невялікае прамысл. значэнне.

т. 1, с. 121

АДНАДВО́РЦЫ,

катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).

На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.

В.П.Панюціч.

т. 1, с. 121