БІЁКА
(Віоко; да 1973 Фернанда-По, да 1979 Масіяс-Нгема-Біёга),
востраў у Гвінейскім зал. каля ўзбярэжжа Афрыкі, тэр. Экватарыяльнай Гвінеі. Пл. 2017 км². Нас. 105 тыс. чал. (1984). Утвораны 3 злучанымі вулканічнымі масівамі. Выш. да 3008 м (г. Малаба). Горныя вечназялёныя трапічныя лясы. Запаведнік Піка-дэ-Санта-Ісабель. Плантацыі кавы, какавы, алейных пальмаў; вырошчваюць маніёк, арахіс, цукр. трыснёг. На Біёка — г. Малаба, сталіца Экватарыяльнай Гвінеі.
т. 3, с. 148
БІЁМ
(англ. biome),
сукупнасць відаў раслін, жывёл і асяроддзя іх пражывання ў пэўнай ландшафтна-геагр. зоне. У склад біёму ўваходзяць біягеацэнозы, якія цесна ўзаемазвязаны патокамі энергіі і рэчываў. Для кожнага біёму (стэп, тайга, тундра, пустыня, горы, лясы і інш.) характэрна пэўная форма кліматычнай расліннасці. Тэрмін ужываецца пераважна ў замежнай л-ры. У прыродаахоўнай л-ры біём — сінонім паняцця «біятычная супольнасць». Блізкі да тэрміна біёта.
т. 3, с. 148
БІЁНІКА
(ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),
кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).
Літ.:
Антомонов Ю.Г. Моделирование биологических систем: Справ. Киев, 1977;
Биологическая и медицинская кибернетика. Киев, 1986;
Жерарден Л. Бионика: Пер. с фр. М., 1971;
Проблемы бионики. М., 1973.
А.С.Леанцюк.
т. 3, с. 148
БІЁНІКА АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
кірунак навуковай і праектна-канструктарскай дзейнасці, які заключаецца ў вывучэнні і практычным выкарыстанні законаў, заканамернасцяў і прынцыпаў прыроды для стварэння новых прыёмаў арх. арганізацыі прасторы, новых канструкцый і матэрыялаў. Садзейнічае лепшай функцыян. арганізацыі аб’ектаў, павышэнню нясучай здольнасці канструкцый, зніжэнню вагі збудаванняў і г.д. Прыклады выкарыстання біёнікі архітэктурнай — сучасныя танкасценныя абалонкі пакрыццяў, якія нагадваюць кветку (арх. Ф.Кандэла), пнеўматычныя канструкцыі, рабрыстыя пакрыцці і скляпенні (арх. П.Л.Нерві), эксперым. праекты гарадоў і мастоў (арх. П.Саляры), пабудовы арх. Ф.Л.Райта, Р.Б.Фулера.
Літ.:
Лебедев Ю.С. Архитектура и бионика. М., 1977.
т. 3, с. 148
БІЁНТ
[ад грэч. bion (biontos) які жыве],
асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.
т. 3, с. 148
БІЁТА
(ад грэч. biote жыццё),
сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.
т. 3, с. 149
БІЖАГО́Ш, Бісагуш (партуг. Ilhas dos Bijagós),
архіпелаг нізінных астравоў (каля 60) у Атлантычным ак., каля зах. ўзбярэжжа Афрыкі, у складзе Гвінеі-Бісау. Пл. 1600 км². Трапічныя мангравыя лясы. Збіранне пладоў дзікарослых какосавай і алейнай пальмаў, пасевы рысу. Порт Балама.
т. 3, с. 149
БІЖУТЭ́РЫЯ
(ад франц. bijouterie гандаль ювелірнымі вырабамі),
жаночыя ўпрыгожанні (пацеркі, брошкі, пярсцёнкі і інш.) з некаштоўных камянёў і металаў (шкла, пластмасы, латуні і інш.).
т. 3, с. 149
БІЗА́НТ,
у грэчаскай міфалогіі заснавальнік г. Візантый (Бізантый). Сын Пасейдона і Кераэсы, дачкі Іо і Зеўса. Адбіў нападзенне на горад фракійскага цара Гемаса і гнаў ворага да аддаленых раёнаў Фракіі. У яго адсутнасць на горад напаў скіфскі цар Одрыс, жонка Бізанта Фідалея з жанчынамі закідала лагер ворага ядавітымі змеямі і выратавала Візантый.
т. 3, с. 149
БІЗЕ́РТА,
горад на Пн Туніса. Адм. ц. вілаета Бізерта. Засн. стараж. фінікійцамі. 98,9 тыс. ж. (1994). Порт (вываз жал. руды, свінцу, цынку, цэменту, нафтапрадуктаў, аліўкавага алею і інш. с.-г. прадукцыі), чыг. станцыя. Аэрапорт. Каляровая металургія, нафтаперапр., цэментная, харчасмакавая прам-сць. Суднаверфі. Маст. рамёствы (выраб дываноў, карункаў). Турызм. Арх. помнікі 13—17 ст.
т. 3, с. 149