Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Белікаў Генадзь Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 350

БЕ́ЛІН,

вёска ў Беларусі, у Асавецкім с/с Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 25 км на Пд ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 30 км ад чыг. ст. Драгічын-2. 374 ж., 126 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 77

БЕЛІ́НІ (Bellini),

сям’я італьянскіх жывапісцаў — заснавальнікаў мастацтва Адраджэння ў Венецыі (гл. Венецыянская школа жывапісу). Нарадзіліся ў Венецыі.

Жывапіс галавы сям’і Якапа (каля 1400—7.1.1470 ці 25.11.1471) пры мяккай лірычнасці вобразаў захаваў сувязь з гатычнымі традыцыямі («Мадонна з дзіцем», 1448). У яго малюнках (замалёўкі ант. помнікаў, арх. фантазіі) адлюстраваліся цікавасць да перспектывы, уплыў А.​Мантэньі і П.​Учэла. З імем Джэнтыле (каля 1429—23.2.1507), сынам Якопа, звязана зараджэнне венецыянскай жанрава-гіст. карціны («Працэсія на плошчы Сан-Марка», 1496, «Цуд святога крыжа», 1500). У сваіх партрэтах ён дакладна ўзнаўляў абрыс мадэлі. Джавані (каля 1430—29.11.1516), другі сын Якопа, — буйнейшы майстар венецыянскага кватрачэнта. Яго творчасць стала асновай мастацтва Высокага Адраджэння ў Венецыі. Настаўнік Тыцыяна і, верагодна, Джарджоне. Творы Джавані адметныя мяккай гармоніяй гучных, насычаных колераў і празрыстасцю святлоценявых градацый, яснай, спакойнай урачыстасцю і паэтычнасцю вобразаў («Мёртвы Хрыстос», 1470, «Мадонна з дрэўцамі», 1487, «Мадонна на троне ў акружэнні святых», 1505, «Баляванне Багоў», 1514, «Маладая жанчына за туалетам», 1515, і інш.). У яго творчасці побач з класічнай кампазіцыяй рэнесансавай алтарнай карціны сфарміраваўся поўны цікавасці да чалавечай асобы гуманістычны партрэт (партрэт дожа Леанарда Ларэдана, каля 1507).

Літ.:

Гращенков В.Н. Портреты Джованни Беллини // От эпохи Возрождения к двадцатому веку. М., 1963.

Джавані Беліні. Партрэт дожа Леанарда Ларэдана. Каля 1507.
Джэнтыле Беліні. Цуд святога крыжа. 1500.
Джавані Беліні. Маладая жанчына за туалетам. 1515.

т. 3, с. 77

БЕЛІ́НІ ((Bellini) Вінчэнца) (3.11.1801, г. Катанія, Італія — 23.9.1835),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў неапалітанскай кансерваторыі «Сан-Себасцьяна» (1819—25 ці 27) у Н.​А.​Цынгарэлі. Музыцы Беліні ўласцівы рамант. ўзнёсласць, мяккі лірызм. У яе аснове экспрэсіўная вак. мелодыка шырокага дыхання, неперарыўнасць развіцця, віртуозны бляск. Зрабіў вял. ўклад у развіццё опернага жанру, стылю бельканта, імкнуўся да натуральнага ўвасаблення ў музыцы моўных інтанацый, надаў драм. выразнасць опернаму рэчытатыву. Аўтар 11 опер, у т. л. «Пірат» (1827), «Чужаземка» (1829), «Капулеці і Мантэкі» (1830), «Самнамбула», «Норма» (1831), «Беатрычэ ды Тэнда» (1833), «Пурытане» (1835), кантаты «Ісмена», 7 сімфоній (1818—24), духоўнай музыкі, рамансаў, канцанет і інш.

Літ.:

Крунтяева Т.С. Винченцо Белини (1801—1835). Л., 1984;

Pastura F. Bellini secondo la storia. Parma, 1959.

В.Беліні. Партрэт работы невядомага мастака.

т. 3, с. 78

БЕЛІНСГА́ЎЗЕН (Фадзей Фадзеевіч) (20.9.1778, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 25.1.1852),

рускі мараплавец. Адмірал. У 1803—06 удзельнічаў у 1-м рускім кругасветным плаванні пад камандай І.​Ф.​Крузенштэрна. У 1819—21 узначальваў кругасветную экспедыцыю ў Антарктыку на шлюпах «Усход» (камандзір Белінсгаўзен) і «Мірны» (камандзір М.​П.​Лазараў). У 1819 адкрыта некалькі а-воў на Пд Атлантычнага ак. 28.1.1820 экспедыцыя адкрыла Антарктыду. У 1821 — адкрыты в-аў Пятра I і бераг Зямля Аляксандра I, шэраг астравоў у трапічнай ч. Ціхага ак. У 1828—29 удзельнічаў у рус.-тур. вайне. Імем Белінсгаўзена названа мора каля берагоў Антарктыды, мыс на Паўд. Сахаліне і в-аў у архіпелагу Туамоту.

Тв.:

Двукратные изыскания в Южном Ледовитом океане и плавание вокруг света в продолжение 1819, 1820, 1821 гг., совершенные на шлюпах «Восток» и «Мирный»... 3 изд. М., 1960.

Ф.Ф.Белінсгаўзен.

т. 3, с. 78

БЕЛІНСГА́ЎЗЕНА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна на ПдУ Ціхага ак., паміж мацерыковымі схіламі Антарктыды, Паўд. Амерыкі і Паўд.-Ціхаакіянскім, Усх.-Ціхаакіянскім і Зах.-Чылійскім падводнымі падняццямі. Працягласць з ПдУ на ПнЗ каля 8 тыс. км. Пераважная глыб. 4000—5000 м, найб. 5290 м. Грунт — чырвоныя глыбакаводныя гліны і дыятомавыя глеі. Названа ў гонар Ф.Ф.Белінсгаўзена.

т. 3, с. 78

БЕЛІНСГА́ЎЗЕНА МО́РА,

ускраіннае мора Ціхага ак. каля берагоў Зах. Антарктыды. Пл. 487 тыс. км². Найб. глыб. 4115 м. Вял. а-вы: Пятра I і Зямля Аляксандра I. Т-ра вады на Пн каля 0 °C, на Пд ніжэй за -1 °C. Салёнасць 33,5 ​o/00. На працягу ўсяго года б.ч. паверхні занята плывучымі льдамі і айсбергамі. Названа ў гонар Ф.Ф.Белінсгаўзена.

т. 3, с. 78

БЕ́ЛІНСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1826—50 у Беларусі, у маёнтку Белін Кобрынскага пав. (цяпер в. Белін Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.). Вырабляла сукно 3—5 гатункаў. У 1841—44 мела 75 ткацкіх станкоў, 37 прадзільных, 8 кардавальных, 15 часальных машын, 30 інш. станкоў. Воўну атрымлівала ад уласных авечак, фарбы — з Рыгі. Працавала да 420 рабочых (1836), з іх б.ч. наёмныя.

т. 3, с. 78

БЕЛІНФА́РМ,

гл. Беларускае інфармацыйнае агенцтва.

т. 3, с. 78

БЕ́ЛІН-ВО́САЎЦЫ,

вадасховішча ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., за 14 км на Пд ад г. Драгічын, каля в. Белін. Створана ў 1984 для рыбагадоўлі, арашэння. Наліўное, напаўняецца вадой помпамі з Белінскага і навакольных каналаў. Пл. 0,62 км², даўж. 3,39 км, найб. шыр. 0,4 км, найб. глыб. 4,6 м. Аб’ём вады 2,32 млн. м³. Берагі спадзістыя, вакол вадасховішча лесапасадкі. Мае мясц. рэкрэацыйнае значэнне.

т. 3, с. 77