БЕ́ЛАЯ,
рака ў Расійскай Федэрацыі, пераважна ў Башкортастане, левы прыток Камы. Даўж. 1430 км, пл. бас. 142 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Паўд. Урала, ніжэй ад упадзення р. Уфа цячэ па раўніне, мае шырокую пойму, утварае шмат лукавін, разбіваецца на рукавы. Гал. прытокі: Нугуш, Уфа (справа), Дзёма (злева). Сярэднегадавы расход вады каля г. Бірск 846 м³/с. Суднаходства ад г. Уфа. На Белай гарады Беларэцк, Салават, Ішымбай, Стэрлітамак, Уфа, Бірск.
т. 3, с. 72
БЕ́ЛАЯ,
рака ў Беларусі, у Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Друці (бас. Дняпра). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 111 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Старое Заліцвінне. Амаль цалкам каналізаваная.
т. 3, с. 72
БЕ́ЛАЯ АРДА́, Ак-Арда,
удзел (улус) у складзе Залатой Арды ў 13—14 ст. На думку некаторых гісторыкаў, уключала Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ, Паўн. Прычарнамор’е, стэпы Казахстана (улус хана Шыбана), інш. лічаць, што Белая Арда займала землі па ніжнім цячэнні Сырдар’і і належала нашчадку хана Арды. У 15 ст. на тэр. Белай Арды з’явіліся новыя дзярж. ўтварэнні: Нагайская Арда, узб. і каз. ханствы.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь. М., 1992.
т. 3, с. 72
БЕ́ЛАЯ ГАРА́
(Bilá Hora),
гара ў Чэхіі, побач з Прагай. Тут 8.11.1620 у час Трыццацігадовай вайны 1618—48 імперска-баварскія войскі (Каталіцкая ліга) разбілі чэшскія войскі (Пратэстанцкая унія). З гэтага часу Чэхія страціла сваю самастойнасць і на 300 гадоў трапіла пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў.
т. 3, с. 72
БЕ́ЛАЯ ГАРА́ЧКА,
алкагольны дэлірый, найбольш частая форма вострых алкагольных псіхозаў. Узнікае пасля чарговага запою або калі раптоўна спыняюць прыём алкаголю. Пачынаецца з таго, што хворы дрэнна спіць, бачыць пакутлівыя сны, палахлівы. Пазней з’яўляюцца бяссонніца, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі. Хворым бачацца пачвары, чэрці, насякомыя, пацукі, мышы. Парушаецца свядомасць. Такія хворыя небяспечныя для сябе і тых, хто іх акружае. Іншы раз павышаюцца т-ра і крывяны ціск, дрыжаць рукі. Стан пагаршаецца пад вечар. Хвароба цягнецца 3—9 дзён, пасля чаго хворы звычайна ачуньвае. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
т. 3, с. 73
БЕ́ЛАЯ ГВА́РДЫЯ,
неафіцыйная назва ваенна-паліт. антыбальшавіцкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20, пазней — у эміграцыі. Назва «белыя» звязана з традыцыйнай сімволікай белага колеру — колеру прыхільнікаў правапарадку і ўлады манарха (у процілегласць чырвонаму — колеру рэвалюцыі). «Белы» рух меў на мэце звяржэнне сав. улады. Арганізатарамі і кіраўнікамі яго былі манархісты, партыі правых эсэраў, кадэтаў і меншавікоў. Лідэры Белай гвардыі (А.І.Дзянікін, А.М.Каледзін, А.В.Калчак, Л.Г.Карнілаў, П.М.Красноў, П.М.Урангель, М.М.Юдзеніч і інш.) камандавалі буйнымі вайск. злучэннямі, на падведамасных тэрыторыях стваралі свае ваенна-паліт. рэжымы (гл. Дзянікіна ўрад, Калчака ўрад, Урангеля ўрад і інш.). Пасля перамогі Чырв. Арміі ў грамадз. вайне і прыходу да ўлады бальшавікоў б.ч. белагвардзейцаў эмігрыравала (гл. Эміграцыя белая).
т. 3, с. 73
БЕ́ЛАЯ ДУБРО́ВА,
вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Беседзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад Касцюковічаў, 172 км ад Магілёва, 16 км ад чыг. ст. Камунары. 738 ж., 318 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Каля вёскі 2 гарадзішчы жал. Веку.
т. 3, с. 73