Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ТНІК»,

газета. Выдавалася з чэрв. 1943 да ліст. 1944 у Берліне на бел. мове пад кантролем герм. улад. Была разлічана на беларусаў, якія добраахвотна выехалі або прымусова вывезены на работы ў Германію. Газету курыравалі Беларускае прадстаўніцтва, аўтарскі калектыў газ. «Раніца». Распаўсюджвалася пераважна ў тых рэгіёнах, дзе былі значныя кантынгенты выхадцаў з Беларусі. Асноўны змест: агляды міжнар. жыцця, сусветная хроніка, матэрыялы навук.-папулярнага характару, вершы і проза бел. аўтараў, артыкулы і нарысы па гісторыі і культуры Беларусі і інш. Частку матэрыялаў запазычвала з інш. бел. акупац. газет. Выйшаў не менш як 41 нумар.

С.У.Жумар.

т. 2, с. 455

БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ КЛУБ.

Існаваў у 1920 у Мінску. Праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў тэатр. мастацтва. Пры клубе працавалі драм., муз. і харавая секцыі, бібліятэка, курсы беларусазнаўства. Рэжысёры драм. секцыі У.Галубок, Ф.Ждановіч, В.Сташэўскі паставілі спектаклі «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Суд» і «За мураванай сцяной» Галубка, «Міхалка» Далецкіх і інш. 10.8.1920 у клубе спектаклем «Суд» пачала сваю дзейнасць трупа Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр).

т. 2, с. 455

БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТР імя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі. Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р

(«Наш тэатр»),

у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.Красінскі, рэжысёр Ф.Ждановіч, з 1930 В.Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.Чарота, «На стыку» Ц.Гартнага, «Будні» І.Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.Прута, «Стрэл» А.Безыменскага, «Чынгісбуд» К.Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.Цікоцкага.

С.А.Пятровіч.

т. 2, с. 455

«БЕЛАРУ́СКІ РА́ДНЫ»,

часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.Ярош, Т.Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 455

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі

т. 18, кн. 1, с. 349

БЕЛАРУ́СКІ РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР Ю́НАГА ГЛЕДАЧА́,

назва Тэатра юнага гледача Рэспублікі Беларусь у 1955—91.

т. 2, с. 455

БЕЛАРУ́СКІ САВЕ́ЦКІ ТЭА́ТР.

Існаваў у Мінску з 22.12.1918 да сак. 1919. Створаны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча і тэатр. калектыву пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У склад т-ра ўваходзілі таксама хор У.Тэраўскага і аркестр пад кіраўніцтвам Ф.Тхожа. Рэжысёры Аляхновіч, Ждановіч. Сярод акцёраў (усяго 35 чал.): В.Вашкевіч, У.Галубок, Р.Жакоўскі, А.Крыніца, М.Міцкевіч, Л.Навахацкая, Ч.Родзевіч, В.Тарасік. У рэпертуары пераважалі бел. творы: «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Кветка папараці» К.Буйло, п’есы Галубка, Аляхновіча, А.Чэхава, інсцэніроўкі па творах Э.Ажэшкі і інш. Пры т-ры працавала літ. секцыя. Калектыў т-ра праводзіў культ.-асв. Работу.

А.В.Сабалеўскі.

т. 2, с. 456

БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З АРХІТЭ́КТАРАЎ,

гл. Саюз архітэктараў Беларусі.

т. 2, с. 456

БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З КАМПАЗІ́ТАРАЎ,

гл. Саюз кампазітараў Беларусі.

т. 2, с. 456

БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З КІНЕМАТАГРАФІ́СТАЎ,

гл. Саюз кінематаграфістаў Беларусі.

т. 2, с. 456