СІ́ХРА (Андрэй Восіпавіч) (1773, г. Вільня — 15.12.1850),
гітарыст, кампазітар. Па паходжанні чэх. З 1801 працаваў у Маскве, з 1813 у Пецярбургу. З 1926 выдаваў нотны «Journal pour la guitare...» («Часопіс для гітары»), у 1828—29 «Петербургский журнал для гитары...» Удасканаліў 7-струнную гітару, зацвердзіў яе сучасны строй. Гітарыст-віртуоз, выступаў у шматлікіх гарадах. Аўтар твораў для гітары, у т. л. варыяцыі на рус. нар. песні, пералажэнняў твораў розных кампазітараў. Складальнік кн «Тэарэтычная і практычная школы для 7-струннай гітары» (1870).
т. 14, с. 426
СІЦЗЯ́Н, Чжуцзян, Жамчужная, рака на ПдУ Кітая. Даўж. 2130 км, пл. бас. 437 тыс. км². Вытокі на Юньнаньскім нагор’і. Назва С. пасля сутокаў рэк Юцзян і Цзацзян вышэй г. Наньнін. Цячэ ў вузкай, глыбокай даліне ўздоўж паўд. ускраіны гор Наньлін, упадае ў Паўд.-Кітайскае м., утварае дэльту (пл. 16,9 тыс. км²), дзе зліваюцца воды рэк С., Бэйцзян і Дунцзян. Сярэдні расход вады каля 8 тыс. м³/с, макс. — 58 тыс. м³/с) (у час летніх мусонных дажджавых паводак). Ваганні ўзроўню вады да 15—20 м, Частыя паводкі (у бас. С. пабудавана каля 2 тыс. км ахоўных дамбаў). Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ад г. Учжоў. У дэльце — марскі порт Гуанчжоў.
т. 14, с. 426
СІ́ЦІ (City),
цэнтральная частка і гіст. цэнтр г. Лондан, у якой сканцэнтраваны канторы і праўленні найбуйнейшых банкаў і страхавых кампаній прамысл., гандл. і трансп. дзейнасці краіны. С. — сінонім англ. фін. алігархіі.
т. 14, с. 427
СІЦЫЛІ́ЙСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава ў 12—13 ст., якая ўключала тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі, заваяваныя нарманамі ў канцы 11 ст. Аформілася з каранацыяй Ражэра II [1130—54], заснавальніка Нарманскай дынастыі. Яго пераемнікі Вільгельм I [1154—66] і Вільгельм II [1166—89], абапіраючыся на дробнае рыцарства і царкву, стварылі магутную дзяржаву. У 1194 сіцылійская карона перайшла да імператара Генрыха VI Штаўфена (гл. Генрых, ням. каралі). У час праўлення Фрыдрыха II [1197—1250] завяршылася цэнтралізацыя С.к. Паводле законаў 12—13 ст. буйныя феадалы і гарады пазбаўлены вольнасцей, сяляне прымацаваны да зямлі. У 1266—68 апошнія сіцылійскія Штаўфены разбіты Карлам 1 Анжуйскім [1268—82]. У выніку паўстання ў 1282 на в-ве Сіцылія (гл. «Сіцылійская вячэрня») С.к. распалася. Сіцылія трапіла пад уладу ісп. Арагонскай дынастыі. У руках Анжуйскай дынастыі засталася толькі Паўд. Італія (Неапалітанскае каралеўства).
т. 14, с. 427
СІЦЫЛІ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баявыя дзеянні англа-амерыканскіх войск па авалоданні в-вам Сіцылія 10.7—17.8.1943 у 2-ю сусв. вайну. Мэта аперацыі (кодавая назва «Хаскі») — захапіць Сіцылію, каб стварыць плацдарм для наступлення на кантынент. Італію (гл. Італьянская кампанія 1943—45). С.а. ажыццяўляла 15-я англа-амер. група армій у складзе 8-й англ. і 7-й амер. армій (усяго 478 тыс. чал.) пры ўдзеле буйных сіл флоту і авіяцыі. Узначаліў С.а. вярх. галоўнакамандуючы сіламі на Міжземнаморскім тэатры ваен. дзеянняў ген. Д.Эйзенхаўэр. Абаранялі Сіцылію 6-я італьян. армія j 2 ням. дывізіі — усяго 255 тыс. чал. (яшчэ 2 ням. дывізіі былі перапраўлены на в-аў у першыя дні баёў). Высадцы дэсанта папярэднічалі двухмесячныя сістэматычныя налёты саюзнай авіяцыі на аэрадромы, парты, базы падводных лодак, прамысл. цэнтры, размешчаныя ў Сіцыліі, Сардзініі і на Пд Апенінскага п-ва. У ходзе 1-га этапу С.а. англа-амер. войскі 10 ліп. высадзіліся на ПдУ і ПдЗ вострава і да 14 ліп. захапілі плацдармы глыбінёй 5—15 км. Італьян. войскі аказвалі пасіўнае супраціўленне, ням. дывізіі процідзейнічалі наступаючым больш арганізавана. Да 18 ліп. саюзнікі авалодалі паўд. ч. в-ва. На 2-м этапе С.а. англа-амер. войскі занялі ўвесь востраў і 17 жн. ўвайшлі ў г. Месіна, які пакінулі ням. войскі і марскім шляхам пераправіліся на мацерыковую Італію. Большасць італьян. войск трапіла ў палон.
Літ.:
Типпельскирх К. История второй мировой войны, 1939—1945: Пер. с нем. М., 2001.
Ю.В.Грыбоўскі.
т. 14, с. 427
«СІЦЫЛІ́ЙСКАЯ ВЯЧЭ́РНЯ»,
паўстанне ў г. Палерма (в-аў Сіцылія) у 1282 супраць франц. прыхільнікаў караля Карла I Анжуйскага, які ў 1268 падпарадкаваў сваёй уладзе Сіцылійскае каралеўства. Карл рэзка павысіў у Сіцыліі падаткі, пазбавіў гарады прывілеяў, канчаткова заняволіў сялян, не лічыўся са стараж. звычаямі і вольнасцямі мясц. насельніцтва, перанёс сталіцу Сіцылійскага каралеўства з Палерма ў Неапаль. Паўстанне пачалося стыхійна 31 сак. (паводле пазнейшай легенды — пад сігнал звона да вячэрні; адсюль назва). Большасць французаў (3—4 тыс.) была забіта. Палермскім парламентам сіцылійская карона прапанавана арагонскаму каралю Педра III, які ў вер. 1382 прыбыў на востраў і авалодаў усёй Сіцыліяй. Вайна супраць французаў скончылася ў 1302 поўным адпадзеннем ад Паўд. Італіі Сіцыліі, дзе ўсталявалася Арагонская дынастыя.
т. 14, с. 427
СІЦЫЛІ́ЙСКІЯ ПАЎСТА́ННІ РАБО́Ў,
паўстанні рабоў на в-ве Сіцылія ў 2-й пал. 2 ст. да н.э. Пасля 2-й Пунічнай вайны Рым ператварыў Сіцылію ў сваю жытніцу. Узмацненне эксплуатацыі рабоў, што працавалі на латыфундыях, выклікалі хваляванні, якія перараслі ў паўстанні. 1-е паўстанне 136(138 ці 137) — 132 да н.э. ўзначаліў раб-сірыец Еўн. Паўстанцы захапілі г. Эна і абвясцілі Еўна царом пад імем Антыёха. Другую армію паўстанцаў узначальваў раб-кілікіец Клеон. Калі абедзве арміі аб’ядналіся, ён узначаліў 70-тыс. войска, якое захапіла гарады Таўраменій, Катану, Месану і інш. Былі створаны органы дзярж. кіравання: савет, нар. сход. У 132 да н.э. консул П.Рупілій задушыў паўстанне. Клеон загінуў у баі, Еўн памёр у турме. 2-е паўстанне (104—99 да н.э.) у паўд.-зах. частцы і ў цэнтры Сіцыліі ўзначаліў раб-італік Сальвій (абвешчаны царом пад імем Трыфона), а на захадзе в-ва — раб-кілікіец Афініён. Калі іх арміі аб’ядналіся, Афініён стаў стратэгам Трыфона, а калі той памёр — царом. Рым. армія пад кіраўніцтвам прэтараў Лукула, потым Гая Сервілія не здолела разбіць рабоў. У 101 да н.э. армія консула Манія Аквілія высадзілася ў Сіцыліі і ў 99 да н.э. задушыла паўстанне.
А.Г.Зельскі.
т. 14, с. 427
СІЦЫЛІ́ЙСКІ ПРАЛІ́Ў,
другая назва Туніскага праліва.
т. 14, с. 427
СІЦЫ́ЛІЙ АБЕ́ДЗВЮХ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава на тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі ў 1504—1860 (з перапынкамі). Утворана пасля аб’яднання пад уладай Іспаніі Неапалітанскага каралеўства з Сіцыліяй. Пасля вайны за ісп. спадчыну 1701—14 Сіцылія адышла да Савойскага герцагства, кантынентальная частка каралеўства — да Аўстрыйскай імперыі. У 1720 абедзве часткі зноў аб’яднаны пад уладай Габсбургаў. З 1735 у каралеўстве правілі ісп. Бурбоны. У студз. 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка, але ў чэрв. 1799 улада Бурбонаў адноўлена. У 1806 на кантынентальнай ч. ўтворана залежнае ад Францыі Неапалітанскае каралеўства (1806—15). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 С.а.К. адноўлена пад уладай Бурбонаў. Неапалітанская рэвалюцыя 1820—21 задушана аўстр. войскамі. У выніку рэвалюцыі 1859—60 у Італіі, якая скінула ўладу Бурбонаў, С.а.К. ліквідавана, яго тэр. далучана да Сардзінскага каралеўства.
т. 14, с. 427
СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),
найбуйнейшы востраў у Міжземным м., тэр. Італіі. Аддзелены ад Апенінскага п-ва Месінскім пралівам. Пл. 25,46 тыс. км², з прылеглымі астравамі, што ўваходзяць у аўт. вобл. Сіцылія, 25,7 тыс. км². Нас. каля 5,5 млн. чал. (2001). Берагі стромкія, слаба парэзаныя, на паўн. і ўсх. узбярэжжах — зручныя бухты. Пераважае гарысты і ўзгорысты рэльеф. Паводле геал. будовы і рэльефу С. з’яўляецца працягам Апенінскага п-ва. У паўн. ч. крышт. горы Пеларытані (1374 м), пясчанікава-сланцавыя горы Небрады (1847 м) і вапняковы масіў Ле-Мадоніе (1975 м). Унутраная ч. в-ва — узгорыстыя ўзвышэнні з кангламератаў, пясчанікаў, мергеляў. На крайнім ПдУ — купалападобнае плато Іблеі (выш. да 986 м), у будове якога дамінуюць вапнякі і базальты. На Пн ад Іблеі плоская акумулятыўная раўніна Катанія. Характэрны неатэктанічнае падняцце, магутныя сейсмічныя і вулканічныя працэсы. На ПдУ — дзеючы вулкан Этна (3340 м), на Пн трапляюцца гразевыя вулканы, гарачыя і тэрмамінер. крыніцы. Здабыча нафты, прыроднага газу, серы, калійнай і кухоннай солей, буд. матэрыялаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 11—12 °C, ліп. — 26—28 °C. Вясной і летам з боку Афрыкі дзьме гарачы вецер сірока, тады т-ра павышаецца да 40—45 °C. Ападкаў у гарах 750—1400 мм, на раўнінах — 400—450 мм за год. Рачная сетка развіта слаба. Рэкі невял., разліваюцца зімой і часта перасыхаюць летам. Расліннасць міжземнаморскага тыпу. У гарах да выш. 800—1000 м невял. ўчасткі цвердалістага лесу, маквісу на Пн, гарыгі на Пд. Вышэй — да 1300—1500 м каштанавыя і дубовыя лясы, якія змяняюцца букавымі. Над поясам лясоў — зараснікі калючых хмызнякоў. Лясы моцна высечаны і займаюць 4% плошчы. У цэнтры і на Пд вострава пераважаюць хмызнякі і стэпы. Жывёльны свет моцна вынішчаны. Вырошчваюць пшаніцу, цытрусавыя, масліны, вінаград. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Адм. цэнтр — Палерма. Буйныя гарады: Палерма, Месіна, Катанія, Сіракуза.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 14, с. 428