Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СІСТЭ́МА ВЕРШАСКЛАДА́ННЯ,

гл. ў арт. Вершаскладанне.

т. 14, с. 420

СІСТЭ́МА ДРУКА́РСКІХ МЕР, тыпаметрыя,

сістэма вымярэння памераў, прынятая ў паліграфіі і выдавецкай справе. Створана ў 1737 франц. друкаром і словалітчыкам П.​С.​Фурнье, удасканалена Ф.​А.​Дзідо. З дапамогай Сд.м. вымяраюцца кеглі шрыфтоў, наборных лінеек, прагальных матэрыялаў, фарматы паласы набору; адбіўкі, водступы, палі, аборкі, міжлітарныя і міжрадковыя разрадкі, памеры калонак, ілюстрацый.

У аснову С.д.м. пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 франц. цалі, якая складае 27,06 мм. Для практычных вымярэнняў і большасці разлікаў 1 пункт прымаецца роўным 0,376 мм. 12 пунктаў складаюць 1 цыцэра, 4 цыцэра роўныя 1 квадрату, або 48 пунктам. Паміж адзінкамі С.д.м. і метрычнай існуюць суадносіны: 1 цыцэра = 4,51 мм, I квадрат = 18,04 мм, 1 мм = 2,66 пункта. Гэтая С.д.м. выкарыстоўваецца ў большасці еўрап. краін, у т. л. на Беларусі, Расіі і інш. краінах СНД. У ЗША, Вялікабрытаніі і інш. англамоўных краінах выкарыстоўваецца англа-амер. варыянт С.д.м., у аснову якога пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 т.зв. каралеўскай цалі (0,3514 мм); у іх фотанаборных машынах кегль шрыфту амаль на 7% меншы, чым у сістэме Дзідо.

Літ.:

Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации. М., 1989.

У.​М.​Сацута.

т. 14, с. 420

СІСТЭ́МА ЗЕМЛЯРО́БСТВА,

комплекс узаемазвязаных агратэхн., меліярац. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў па эфектыўным выкарыстанні зямлі. Забяспечвае расшыранае ўзнаўленне ўрадлівасці глебы, атрыманне ўсё большых ураджаяў і выключае негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць С.з. прымітыўныя (лядна-агнявая, аблогавая, лесапольная і інш.), экстэнсіўныя (папарныя) і інтэнсіўныя. На Беларусі з канца 3-га — пач. 2-га тысячагоддзяў да н.э. была пашырана лядна-агнявая С.з. (лес высякалі, дрэвы спальвалі, а зямлю выкарыстоўвалі пад ворыва); урадлівасць глебы зніжалася і аднаўлялася толькі пад уплывам прыроднай расліннасці. Аблогавая С.з. ўзнікла пры скарачэнні плошчы вольных зямель, неабходнасці вяртання старых участкаў, якія зноў выкарыстоўвалі пад пасевы, а потым запускалі пад аблогу. Пазней, пры выкарыстанні лесапольнай С.з., плошча ўзараных зямель была павялічана, тэрмін аблогі і лесаполля скараціўся, урадлівасць не аднаўлялася. У час феадалізму панавалі экстэнсіўныя С.з. Папарная С.з. прадугледжвала чаргаванне культур — папар, азімыя, яравыя. У канцы 19 ст. ўзнікла і пашыралася травапольная С.з. (гал. недахоп — увядзенне ўсюды бабова-збожжавых сумесей і змяншэнне пасеваў збожжавых культур). Сучасныя інтэнсіўныя С.з. (палепшаная, пладазменная, з кармавымі севазваротамі і інш. спецыялізаваныя) уключаюць севазвароты з травасеяннем, культ. лугаводства з перыядычным перазалужэннем лугоў, апрацоўку глебы з чаргаваннем плужных і бясплужных апрацовак, рацыянальнае ўжыванне арган. і мінер. угнаенняў, вапнаванне глебы, барацьбу з хваробамі, шкоднікамі і пустазеллем, рэгуляванне воднага рэжыму глеб і інш.

т. 14, с. 420

СІСТЭ́́МА КАМП’Ю́ТЭРНАГА ЗРО́КУ,

комплекс апаратна-праграмных сродкаў для ўводу даных з лічбавых оптыка-электронных прылад (фотаапаратаў, тэлевізійных ці відэакамер) і далейшай іх апрацоўкі з дапамогай вылічальнай тэхнікі.

На С.к.з. грунтуецца тэхналогія аўтам. ўстанаўлення адпаведнасці назіранага аб’екта (у т. л. 3-мернага) аб’ектам пэўнага віду ці класа (гл. Распазнаванне вобразаў). Асобны выпадак — аптычнае распазнаванне тэкставай (сімвальнай) інфармацыі, уведзенай з дапамогай сканераў і далейшае праграмнае пераўтварэнне даных з графічнай формы ў тэкставую. С.к.з. выкарыстоўваецца для кіравання робатамі, у лятальных і касм. апаратах, ахоўных прыладах і сістэмах і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах С.к.з. вядуцца ў Ін-тах Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі.

Літ.:

Системы технического зрения. Л., 1988;

Хорн Б.К.П. Зрение роботов: Пер. с англ. М., 1989;

Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 2000.

С.​У.​Абламейка.

т. 14, с. 420

СІСТЭ́МА КІРАВА́ННЯ,

сукупнасць аб’екта кіравання і прылад, што падтрымліваюць (змяняюць) структуру і рэжым функцыянавання аб’екта адпаведна зададзенай праграмы (мэты кіравання). У склад С.к. ўваходзяць таксама інфарм. каналы прамой і адваротнай сувязі. Падзяляюцца на біял., тэхн. і сац.-эканамічныя. Асн. задачы: збор і перадача інфармацыі аб аб’екце кіравання, перапрацоўка інфармацыі, выдача кіруючых уздзеянняў на аб’ект кіравання. Вывучае С.к. кібернетыка.

Даследаванне С.к. ажыццяўляецца шляхам пабудовы матэм. мадэляў (гл. Гульняў тэорыя, Масавага абслугоўвання тэорыя, Распазнаванне вобразаў). Пабудова С.к. ажыццяўляецца з улікам прынцыпу аптымальнасці (гл. Аптымальная сістэма). Пры функцыянаванні С.к. істотнае значэнне мае фактар нявызначанасці, калі стан сістэмы можа змяняцца ў выніку розных уздзеянняў, выкліканых унутр. ці знешнімі прычынамі, што вырашаецца шляхам надання сістэме ўласцівасцей адаптацыі (адаптыўныя сістэмы) да ўмоў функцыянавання. Да С.к. адносяцца: у тэхніцы — сістэмы аўтам. кіравання складаных тэхн. аб’ектаў (напр., металарэзных станкоў, самалётаў, робатаў і інш.); у біялогіі — жывыя арганізмы рознага ўзроўню арганізацыі, у сацыяльна-эканам. развіцці — прамысл. прадпрыемствы, грамадскія арг-цыі, а таксама аўтаматызаваныя сістэмы кіравання гэтых аб’ектаў.

На Беларусі даследаванне і праектаванне С.к. праводзіцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Кузин Л.Т. Основы кибернетики. Т. 1—2. М., 1973—79;

Гайшун И.В. Многопараметрические системы управления. Мн., 1996;

Гринберг А.С., Савич Л.Н., Тимошек Л.Е. Прикладные системы обработки информации в управлении. Ч. 1. Мн., 1998;

Афанасьев В.Н., Колмановский В.Б., Носов В.Р. Математическая теория конструирования систем управления. 2 изд. М., 1998.

А.​А.​Несянчук, М.​П.​Савік.

т. 14, с. 420

СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

спосаб (сістэма) запісу лікаў. Гл. ў арт. Лічэнне.

т. 14, с. 420

СІСТЭ́МА МО́ВЫ,

1) сукупнасць элементаў кожнай натуральнай мовы (фанем, марфем, лексічных адзінак, мадэлей сказаў), што звязаны паміж сабой устойлівымі адносінамі і ўтвараюць структураванае адзінае цэлае, якое служыць падставай для пабудовы маўленчых выказванняў. С.м. ўключае: узроўні мовы, адзінкі мовы, парадыгматычныя (гл. Парадыгматыка) і сінтагматычныя (гл. Сінтагматыка) адносіны, знакавасць мовы, форму, структуру і субстанцыю, знешнія і ўнутр. сувязі ў мове, сінхранію і дыяхранію, аналіз і сінтэз і інш. С.м. складаецца з некалькіх падсістэм (фаналагічнай, лексічнай і інш.), якім уласціва розная ступень адкрытасці або закрытасці. Найб. закрытая падсістэма мовы — фаналагічная, найб. адкрытая — лексічная.

2) Сукупнасць моўных форм, што ўтвараюць пэўную грамат. катэгорыю (напр., сістэма склонаў, сістэма форм катэгорыі ладу і інш.).

Літ.:

Солнцев В.М. Язык как системно-структурное образование. 2 изд. М., 1978.

А.​Я.​Міхиевіч.

т. 14, с. 420

СІСТЭ́МА ПРА́ВА,

пабудова нацыянальнага права, якая заключаецца ў раздзяленні адзіных па прызначэнні ў грамадстве ўнутрана ўзгодненых норм на пэўныя часткі — галіны права, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на ін-ты права. Напр., галіна цывільнага права падзяляецца на ін-ты права ўласнасці, абавязацельнае права, аўтарскае права і сумежныя правы, спадчыннае права і інш. Дакладна распрацаваная С.п. — неабходная аснова для эфектыўнай работы па сістэматызацыі заканадаўства, павышэнні прававой культуры. С.п. розных краін могуць адрознівацца пэўнымі асаблівасцямі, абумоўленымі гіст. ўмовамі, нац. традыцыямі, узроўнем развіцця прававой культуры.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 421

СІСТЭ́МА РАЎНКІЕ́РА,

экалагічная класіфікацыя раслін, заснаваная на месцазнаходжанні пупышак узнаўлення ў адносінах да паверхні глебы і наяўнасці адпаведных прыстасаванняў для перажывання неспрыяльнай пары года (зімы або засушлівага перыяду). Прапанавана дацкім эколагам і геабатанікам К.​Раўнкіерам (1905, 1907). Адпаведна С.Р. адрозніваюць 6 груп жыццёвых форм раслін: эпіфіты — расліны, якія не маюць каранёў у глебе; фанерафіты — надземныя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на парастках, размешчаных вертыкальна; хамефіты — паверхневыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны высока над зямлёй; гемікрыптафіты — расліны, што ўтвараюць дзірван, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на ўзроўні глебы ці пад яе паверхняй; крыптафіты — расліны, або іх часткі (клеткі), у якіх зімой пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); тэрафіты — аднагадовыя расліны, у якіх жыццёвы цыкл заканчваецца за адзін вегетацыйны сезон (неспрыяльную пару года перажываюць у выглядзе насення).

т. 14, с. 421

СІСТЭ́МА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

цэласнае, структурна ўпарадкаванае ўтварэнне, якое складаецца з індывідаў і сац. супольнасцей, аб’яднаных сац. сувязямі і ўзаемаадносінамі. Істотнымі рысамі С.с., як і кожнай сістэмы, з’яўляюцца цэласнасць і інтэгральнасць. Новая якасць, якую яна ўтварае, не зводзіцца механічна да сумы якасцей яе элементаў (інтэгральны эфект), а ўласцівасці і заканамернасці элементаў часам выяўляюцца інакш, чым пры самаст. існаванні. У шырокім сэнсе С.с. — усё грамадства з яго падсістэмамі (сац. ін-тамі, арг-цыямі і інш. структурнымі фарміраваннямі). На эмпірычным узроўні — пэўная сац. супольнасць ці арганізацыя, для якой характэрны такія сістэмаўтваральныя якасці, як мэта, іерархія, кіраванне, этн. і нац. супольнасці, дзяржава. С.с. можна лічыць і кожную асобу, калі разглядаць яе з пункту гледжання характарыстык, якія выяўляюцца ў працэсе сац. узаемаадносін. У параўнанні з біял., тэхн. і інш. сістэмамі С.с. максімальна складаная, паколькі Яе асн. элемент (чалавек) валодае суб’ектыўнасцю і вял. дыяпазонам выбару паводзін. Аб’ектыўная складанасць С.с. прапарцыянальная множнасці яе элементаў, колькасці ўзроўняў і падсістэм, разнастайнасці сувязей паміж імі, ступені аўтаномнасці яе частак. Кожнай канкрэтнай С.с. уласціва іерархічнасць пабудовы — сістэмы ніжэйшага ўзроўню паслядоўна ўключаюцца ў сістэмы вышэйшага. Яна арганічна звязана са знешнім асяроддзем, выконвае строга абмежаваныя функцыі. Спосабам рэгулявання шматузроўневай іерархіі, забеспячэння сувязей паміж рознымі ўзроўнямі С.с. з’яўляецца кіраванне. Эфектыўны метад кіравання С.с. — мэтанакіраваны ўплыў на яе сістэмаўтваральныя элементы і сувязі.

Літ.:

Аверьянов А.Н. Система: филос. категория и реальность. М., 1976;

Афанасьев В.Г. Системность и общество. М., 1980;

Социология: Основы общей теории. М., 1996.

І.​В.​Катляроў.

т. 14, с. 421