СІНГАПУ́Р (малайскае Singapura, англ. Singapore),
горад, сталіца Рэспублікі Сінгапур, буйны эканам. цэнтр Паўд.-Усх. Азіі, каля Сінгапурскага праліва. Засн. ў канцы 13 ст., у 1365 быў разбураны ў выніку ваен. дзеянняў. У 1819 перайшоў да англічан. 3567 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Адзін з найбуйнейшых марскіх партоў свету (штогадовы грузаабарот больш за 400 млн. т). Міжнар. аэрапорт. Чыгункай і шашой звязаны з п-вам Малака. Міжнар. валютна-фін. цэнтр, буйны цэнтр гандлю сыравіннымі таварамі (натуральны каўчук, прадукты какосавай пальмы, драўніна, вострыя прыправы, фрукты, кава, волава). Важны цэнтр нафтаперапрацоўкі. Прам-сць: эл.-тэхн., хім., нафтахім., маш.-буд., суднабуд. і суднарамонт, гумавая, цэм., дрэваапр., харчовая; новыя галіны — радыёэлектронная, вытв-сць трансп. абсталявання, тэкстыльная і швейная, оптыка-механічная. Бункероўка суднаў. Ун-ты. Музеі. Бат. сад, марскі акварыум.
т. 14, с. 397
СІНГАПУ́РСКІ ПРАЛІ́Ў Паміж паўд. часткай п-ва Малака і в-вам Сінгапур на Пн і архіпелагам Рыау на Пд. Злучае Паўд.-Кітайскае м. і Андаманскае м. праз Малакскі праліў. Даўж. 114 км, шыр. 12—37 км, найменшая глыб. на фарватэры 22 м. Порт Сінгапур.
т. 14, с. 397
СІНГАРМАНІ́ЗМ (ад грэч. syn разам + гармонія) у мовазнаўстве, марфаналагічная з’ява, якая заключаецца ў прыпадабненні галосных гукаў (прагрэсіўная асіміляцыя), што ўваходзяць у склад афіксаў, да галосных кораня па прыкмеце месца ўтварэння, лабіялізацыі і інш. На С. уплывае і характар апошняга зычнага кораня (пярэдне- ці заднеязычны). Напр., турэцкі суфікс мн. л. набывае розную фанетычную будову ў залежнасці ад фанетычнай структуры кораня (параўн.: ev дом — evler дамы, але ok стрэл — oklar стрэлы). С. уласцівы пераважна аглюцінатыўным мовам, у якіх ён забяспечвае функцыянальна (як націск у індаеўрап. мовах) цэласнасць і адасобленасць словаформы.
Літ.:
Черкасский М.А. Тюркский вокализм и сингармонизм. М., 1965;
Виноградов В.А. Типология сингармонических тенденций в языках Африки и Евразии // Проблемы африканского языкознания. М., 1972.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 397
СІНГУЛЯ́РНАЕ РАЗМЕРКАВА́ННЕ ў тэорыі імавернасцей,
размеркаванне імавернасцей у n-мернай вектарнай прасторы, якое засяроджана на мностве нулявой меры Лебега і прыпісвае кожнаму аднапунктаваму мноству нулявую імавернасць. У больш шырокім сэнсе — кожнае размеркаванне імавернасцей з’яўляецца С.р. у адносінах да меры P (гл. Мера мноства), калі яно засяроджана на мностве N такім, што яго мера P{N} = 0. У гэтым выпадку любое дыскрэтнае размеркаванне імавернасцей з’яўляецца С.р. у адносінах да меры Лебега.
С.р. (адносна меры Лебега), зададзенае на прамой, мае неперарыўную функцыю размеркавання, мноства пунктаў росту якой мае Лебегаву меру нуль. Напр., кантарава размеркаванне, якое мае выпадковая велічыня Y = 2(1/3X1 + 1/32X2 + ... + 1/3jXj + ...), дзе X1, X2, ... — паслядоўнасць незалежных выпадковых велічынь, якія прымаюць значэнні 0 і 1 з імавернасцю 1/2. Любое размеркаванне імавернасцей у эўклідавай n-мернай прасторы можна адназначна выразіць праз камбінацыю дыскрэтнага, неперарыўнага і сінгулярнага размеркаванняў: P = aPдыскр + bPнепер + cPсінг, дзе a, b,c ≥ 0 і a + b + c = 1 (раскладанне Лебега).
Б.А.Залескі.
т. 14, с. 397
СІНГУЛЯ́РНАСЦЬ (ад лац. singularis асобны, асаблівы) касмалагічная, асаблівы стан у пачатку касмалагічнага расшырэння Сусвету ў фрыдманаўскіх і некаторых інш. касмалагічных мадэлях агульнай адноснасці тэорыі (АТА), што ляжаць у аснове сучаснай касмалогіі. Характарызуецца разбежнымі значэннямі шчыльнасці энергіі матэрыі, інварыянтаў тэнзара крывізны і інш. параметраў.
Існаванне Сусвету ў часе ў рамках гэтых мадэлей у мінулым абмежавана касмалаг. С. Наяўнасць яе ў касмалаг. рашэннях АТА сведчыць аб непрыдатнасці класічнай АТА у вобласці экстрэмальных умоў. Рабілася мноства спроб рашэння праблемы С., якія прывялі да пабудовы некаторых рэгулярных касмалаг. мадэлей, у прыватнасці, пабудаваны рэгулярныя закрытыя інфляцыйныя касмалаг. мадэлі ў рамках АТА і калібровачных тэорый гравітацыі. Існаванне Сусвету ў такіх мадэлях у мінулым і будучым не абмежавана ў часе. Стадыі касмалаг. расшырэння папярэднічае стадыя сціскання, а замест С. выступае стан з экстрэмальна вялікімі (магчыма, планкаўскімі) значэннямі шчыльнасці энергіі, т-ры і інш. параметраў. З гэтага стану пачынаецца расшырэнне Сусвету, якое падобна да Вялікага Выбуху і мае экспаненцыяльны характар у інфляцыйных мадэлях. Згодна з тэарэт. і назіральнымі данымі працягласць касмалаг. расшырэння («узрост Сусвету») у межах 10—20 млрд. гадоў.
Літ.:
Силк Дж. Большой взрыв: Пер. с англ. М., 1982;
Вайнберг С. Первые три минуты: Пер. с англ. М., 1981;
Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2000;
Minkevich A.V. Vacuum gravitational repultion effect and regular inflationary cosmology // X Intematioual Seminar «Nonlinear Phenomena in Complex Systems». Minsk, 2001.
А.В.Мінкевіч.
т. 14, с. 397
СІНД,
правінцыя на ПдУ Пакістана, у бас. нізоўяў р. Інд. Мяжуе на У з Індыяй, на Пд абмываецца Інд. ак. Пл. 151,4 тыс. км², нас. каля 35,7 млн. чал. (2000), пераважна сіндхі. Адм. і гал. прамысл. цэнтр — г. Карачы. Паверхня раўнінная і нізінная. Клімат субтрапічны. Ападкаў каля 100 мм за год. Адзіная р. Інд, якая шырока выкарыстоўваецца на арашэнне. Натуральная расліннасць пустынная і паўпустынная. У С. (пераважна ў г. Карачы) засяроджана амаль палавіна прамысл. вытв-сці краіны; буйныя прамысл. цэнтры Хайдарабад і Сукур. Асн. галіны прам-сці: тэкст., харч. і харчасмакавая, хімічная. Ёсць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі. Шматгаліновае арашальнае земляробства ў даліне Інда. С. дае каля 50% агульнанац. збору рысу, 15% пшаніцы і цукр. трыснягу, 30% бавоўны і алейных культур, 35% джавара (від проса). Характэрна высокая таварнасць с.-г. вытворчасці. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне, буйн. раг. жывёла выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Рыбалоўства. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Знешнія сувязі марскім транспартам.
т. 14, с. 398
«СІНДБА́Д-НАМЕ́»,
помнік персідска-тадж. л-ры. Складаецца з 34 абрамленых прытчаў. У аснове сюжэта апавяданні пра царэвіча, на якога быў узведзены паклёп рабыняй бацькі, і сем везіраў на чале з мудрым выхавацелем, якія даказваюць невінаватасць сына. Першааснова «С.-н» — стараж.-інд. апавяданні, перакладзеныя на сярэднеіранскую мову пехлеві ў 5—6 ст. У 8 ст. перакладзены на араб. мову. Найб. вядомы празаічны пераклад Асбага Сіджыстані, т. зв. «Вялікі Сіндбад»; у той самы час з’явіўся паэтычны пераклад Абана аль-Лахікі. У 9 ст. зроблены скарочаны пераклад на араб. мову — «Малы Сіндбад», які перакладзены на многія еўрап. мовы. Новаараб. варыянт пад назвай «Сем везіраў» пакладзены ў аснову тур. версіі «Сем мудрацоў», якая амаль уся ўвайшла ў збор казак «Тысяча і адна ноч».
Публ.: Рус. пер. — Мухаммад аз-Захири ас-Самарканди. Синдбад-наме. М., 1960.
т. 14, с. 398
СІНДРО́М (ад грэч. syndromē намнажэнне, збег),
сукупнасць сімптомаў, абумоўленых адзіным механізмам узнікнення хваробы (патагенезам), якія характарызуюць вызначаны паталаг. стан арганізма. У некат. выпадках адлюстроўвае ўсё захворванне цалкам, зрэдку адзін і той жа С. сустракаецца пры розных захворваннях. Напр., гемарагічны С. назіраецца пры вострым лейкозе, гемафіліі, цырозе печані і інш. Сучасная медыцына вылучае каля 1500 С.
т. 14, с. 398
СІНДРО́М НАБЫ́ТАГА ІМУНАДЭФІЦЫ́ТУ,
СНІД, вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем імуннай сістэмы; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб. Як самаст. хвароба выяўлены ў 1981 у ЗША. Найб. пашыраны ў краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Узбуджальнік — вірус (ВІЧ — вірус імунадэфіцыту чалавека), які разбурае Т-лімфацыты і макрафагі. Узбуджальнік не перадаецца паветрана-кропельным шляхам, пры быт. кантактах, праз посуд. Заражэнне адбываецца пры палавых кантактах, праз кроў і яе прэпараты, органы, тканкі інфіцыраванага донара. Магчыма ўнутрывантробнае заражэнне плода праз плацэнту і ў час родаў.
Групы павышанай рызыкі — наркаманы, гомасексуалы, хворыя на венерычныя захворванні. СНІД уключае разнастайныя другасныя інфекцыі, неўралагічныя парушэнні, злаякасныя новаўтварэнні. Першасныя праявы СНІДу (ліхаманка, павелічэнне лімфавузлоў і інш.) узнікаюць у перыяд ад 3 сут да некалькіх месяцаў, другасныя, абумоўленыя непасрэдна дзеяннем ВІЧ (гнойна-запаленчыя працэсы, пнеўманіі і інш), цягнуцца ад некалькіх месяцаў да 8—10 гадоў.
Літ.:
Покровский В.В. Эпидемиология и профилактика ВИЧ-инфекции и СПИД. М., 1996;
ВИЧ-инфекция: клиника, диагностика и лечение. М., 2000.
М.З.Ягоўдзік.
т. 14, с. 398
СІ́НДЫКА,
назва тэрыторыі, якую насялялі стараж. плямёны сіндаў, а таксама іх дзяржавы ў 5—4 ст. да н.э. Знаходзілася на тэр. Таманскага п-ва (Расія). Асн. заняткамі жыхароў былі земляробства, рыбалоўства і гандаль. Як дзяржава С. склалася ў 5 ст. да н.э. ў выніку войнаў сіндаў са скіфамі, што прывяло да ўзмацнення ўлады сіндскіх военачальнікаў. Вызначалася найб. ступенню элінізацыі ў параўнанні з інш. абласцямі Прычарнамор’я. У 4 ст. да н.э. страціла самастойнасць і ўключана ў склад Баспорскага царства.
т. 14, с. 398