Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Сідорскі Сяргей Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 457

СІДР (ад франц. cidre),

слабае насычанае вуглякіслым газам віно, якое атрымліваюць зброджваннем яблычнага соку. Мае 5—7% (аб’ёмных) этылавага спірту; паводле колькасці цукру падзяляюць на салодкі (мае цукру 10 г/л), паўсухі (5 г/л) і сухі (менш за 0,3 г/л). Пачалі вырабляць у Паўн. Францыі, дзе С. наз. любы алкагольны напітак, атрыманы з яблыкаў.

т. 14, с. 370

СІ́ДРА, Сірт Вялікі,

заліў Міжземнага м. каля берагоў Лівіі. Даўж. 115 км, шыр. каля ўвахода 465 км, глыб. да 1374 м. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Парты — Бенгазі, Марса-эль-Бурэйка, Эс-Сідэр.

т. 14, с. 370

СІ́ДЫ-БЕЛЬ-АБЕ́С,

горад на ПнЗ Алжыра. Адм. ц. аднайм. вілайі. Засн. ў 1843. Каля 200 тыс. ж. (2001). На аўтадарозе і чыгунцы, якія злучаюць Алжыр з Марока. Аэрапорт. Гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: харч. (мукамольная, сыраробчая, алейная), абутковая, с.-г. машынабудаванне. Прадпрыемствы па зборцы радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў.

т. 14, с. 370

СІДЭРАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ (ад грэч. sidēros жалеза + phileō люблю),

група хім. элементаў з іонамі пераходнага тыпу. Да іх належаць элементы (пераважна VIII групы перыядычнай сістэмы), жалеза, кобальт, нікель, рутэній, родый, паладый, осмій, ірыдый, тытан, малібдэн, рэній. Вылучаны В.​М.​Гольдшмітам у 1924 як група элементаў, што складаюць ядры планет. Пры звычайных умовах С.э. ферамагнітныя або парамагнітныя. У прыродзе трапляюцца ў самародным выглядзе (плаціна самародная, осмісты ірыдый), утвараюць злучэнні з серай і мыш’яком (напр., сульфіды і арсеніды жалеза, кобальту, нікелю), з кіслародам (напр., магнетыт, гематыт, ліманіт) і інш. элементамі. У зямной кары найб. пашыраны жалеза (4,65%), менш — кобальт (1,8∙10​−3%) і нікель (5,8∙10​−3%). Багатыя С.э. і жалезныя метэарыты (да 80—90% жалеза, 6—18% нікелю, 0,5—1% кобальту і інш.), у меншай колькасці каменныя.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 370

СІДЭРА́ЦЫЯ (ад франц. sidération),

заворванне зялёнай масы раслін-сідэратаў (зялёнага ўгнаення) для абагачэння глебы арган. рэчывам і азотам. Для С. вырошчваюць пераважна бабовыя культуры — лубін, сырадэлю, рутвіцу, баркун, чыну, канюшыну і інш.

Расліны на фазе цвіцення заворваюць ці скошваюць для ўгнаення інш. палёў. С. спрыяе павышэнню ўрадлівасці глеб (асабліва пясчаных, супясчаных і эрадзіраваных) і ўраджайнасці (напр., збожжавых культур на 8—10 ц/га, бульбы на 40—50 ц/га). Сідэраты вырошчваюць як прамежкавыя культуры, ці сеюць у міжрадкоўі.

т. 14, с. 370

СІДЭРЫ́Т (грэч. sidēritis, ад sidēros жалеза),

жалезны шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат жалеза, FeCO3. Мае ў сабе аксід жалеза FeO да 62,1%, прымесі магнію, марганцу, кальцыю. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, канкрэцыі, зямлістыя масы, нацёчныя формы, зрэдку крышталі ромбаэдрычныя, таблітчастыя, прызматычныя і інш. Колер жаўтавата-белы, у акісленага С. — карычневы да чорнага з чырв. адценнем. Цв. 4. Шчыльн. З,96 г/см³. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае метамарфічнае. Гал. мінерал жалезных руд. Радовішчы ў Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстрыі, на Украіне і інш.

Сідэрыт.

т. 14, с. 371

СІДЭРЫ́ЧНЫ ГОД [ад лац. sidus (sideris) нябеснае свяціла, зорка],

зорны год, прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Сонца, пры яго бачным гадавым руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Роўны перыяду поўнага абарачэння Зямлі вакол Сонца (адносна зорак). Складае 365,25636 сярэдніх сонечных сутак.

т. 14, с. 371

СІДЭРЫ́ЧНЫ МЕ́СЯЦ, Зорны месяц,

прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Месяца, пры яго бачным месячным руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Працягласць непастаянная, можа мяняцца на некалькі гадзін. Сярэдняе значэнне С.м. 27,321661 сярэдніх сонечных сутак. С.м. роўны перыяду поўнага абарачэння Месяца вакол Зямлі (адносна зорак).

т. 14, с. 371

СІД КАМПЕАДО́Р [Cid Campeador, сапр. Дыяс дэ Бівар (Díaz de Bivar) Радрыга; каля 1043, Бівар, каля г. Бургас, Іспанія — 10.7.1099],

палкаводзец у час Рэканкісты, ісп. нацыянальны герой. Служыў каралю Санча II, разам з якім выхоўваўся пры двары. Пасля забойства Санча II (1072) на службе ў караля Альфонса VI Ліёнскага і Кастыльскага. Трапіў у няміласць, з 1081 у ссылцы; служыў правадыру маўраў Сарагосы. Пасля прымірэння ў 1086 з Альфонсам VI падпарадкаваў яму ўсе тэр. на У Іспаніі. У 1094 атрымаў перамогу над Альмаравідамі ў бітве за Валенсію, якой кіраваў да сваёй смерці як самастойны манарх. Вобраз С.К. адлюстраваны ў ісп. нар. эпасе «Песня пра майго Сіда», у творах П.​Карнеля, І.​Гердэра і інш.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 367