Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СЕРАПІЁН УЛАДЗІ́МІРСКІ (? — 1275),

старажытнарускі пісьменнік-прапаведнік. Архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра, з 1274 епіскап Уладзімірскі. З яго «слоў» (пропаведзі, павучанні) дайшло 5 у зб-ках «Залатая чэпь» (14 ст.), «Паісіеўскі» (14 — пач. 15 ст.), «Ізмарагд», «Златавуст». Гал. тэма — пакуты рус. народа ў сувязі з мангола-татарскім нашэсцем. Славіў ратныя подзвігі абаронцаў роднай зямлі, выказваў надзею на вызваленне Русі і дакараў князёў, якія сваімі нязгодамі наклікалі на яе бяду як боскую кару за іх грахі, асуджаў сац. несправядлівасць, выкрываў забабоны, заклікаў да маральнага ўдасканалення. Ім уласцівы актуальнасць зместу, вобразнасць, паэтычнасць, эмацыянальнасць, дынамічнасць, рытмічнасць. Апрача царк. кніжнасці апіраўся на апокрыфы і нар. легенды, развіваў лепшыя традыцыі аратарскай прозы Іларыёна і Кірылы Тураўскага.

Літ.:

Памятники литературы Древней Руси, XIII в. М., 1981.

Л.​Л.​Кароткая.

т. 14, с. 343

СЕРА́ПІС, Сарапіс,

божышча, культ якога быў уведзены ў эліністычным Егіпце царом Пталамеем I [305—283 да н.э.]. Егіпцяне атаясамлівалі С. з богам урадлівасці Асірысам, часам са свяшчэнным быком Апісам. Як і Асірыс, ён лічыўся ўладаром мёртвых, падаўцом урадлівасці і богам-лекарам. Грэкі атаясамлівалі яго з Зеўсам. Культ С. быў пашыраны, акрамя Егіпта, ва ўсім эліністычным свеце.

т. 14, с. 343

СЕРАПРАФІЛА́КТЫКА (ад лац. serum сываратка + прафілактыка),

увядзенне ў арганізм антыцел супраць мікраарганізмаў або іх таксінаў для прафілактыкі інфекц. хвароб. Пры С. ўводзяць імунаглабуліны, імунныя сывараткі, у выніку ўзнікае пасіўны імунітэт (да 2—4 тыдняў). Ужываюць пры высокай рызыцы заражэння з мэтай прадухілення батулізму, слупняку, дыфтэрыі, сібірскай язвы і інш. Эфектыўнасць С. тым большая, чым раней яна праведзена. Калі пасля С. чалавек захварэў, хвароба працякае менш цяжка, радзей узнікаюць ускладненні і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 343

СЕРАСКЕ́Р (тур. sarasker),

у Асманскай імперыі першапачаткова галоўнакамандуючы арміяй, якога выбіралі з ліку пашоў; у канцы 19 — пач. 20 ст. — ваен. міністр. Акрамя таго, з канца 16 ст., калі тур. султаны ўхіліліся ад асабістага камандавання войскамі, тытул С. насілі нам. вял. везіра, якія кіравалі войскамі. Тытул С. скасаваны ў пач. 20 ст.

т. 14, с. 343

СЕ́РАС-КАЛАРА́ДАС (Cerros Colorados),

вадасховішча на ПдЗ Аргенціны. Створана на р. Неўкен у 1969—71. Пл. 607 км², аб’ём вады 43,4 км³, даўж. 55 км. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і ірыгацыі.

т. 14, с. 343

СЕРАТАНІ́Н (ад лац. serum сываратка + грэч. tonos напружанне),

біялагічна актыўнае рэчыва, адзін з медыятараў нерв. сістэмы. Удзельнічае ў перадачы нерв. імпульсаў, садзейнічае надыходу сну, прыгнечвае болевую адчувальнасць, зніжае т-ру цела, выклікае скарачэнне гладкіх мышцаў, павялічвае згусальнасць крыві, валодае радыеахоўнымі ўласцівасцямі і інш. Прысутнічае ў тканках большасці жывёл і раслін (шмат у бананах, ананасах).

У млекакормячых і чалавека да 90% С. ўтрымліваецца ў кішэчніку, ёсць таксама ў трамбацытах, гіпаталамусе, эпіфізе. Недахоп С. ў мозгу адзначаецца пры дэпрэсіях, эпілепсіі і інш., лішак прыводзіць да спазмы бронхаў, боляў у жываце. У медыцыне выкарыстоўваюць як кроваспыняльны сродак.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 343

СЕРАТЭРАПІ́Я (ад лац. serum сываратка + тэрапія),

метад лячэння шляхам увядзення імунных сываратак або імунаглабулінаў. Распрацаваў Э.​А.​Берынг. Выкарыстоўваюць пры дыфтэрыі, слупняку, інш. хваробах, таксама пры імунадэфіцытных станах, з мэтай прыгнечання імунітэту ў транспланталогіі і інш. Пры С. бываюць ускладненні — алергічныя рэакцыі (амаль да анафілактычнага шоку, гл. Анафілаксія).

т. 14, с. 343

СЕРАФІМО́ВІЧ (сапр. Папоў) Аляксандр Серафімавіч

(19.1.1863, станіца Ніжнекурмаярская Цымлянскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 19.1.1949),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1883—87). За рэв. дзейнасць сасланы ў Архангельскую губ. (1897—90). У 1926—29 рэдагаваў час. «Октябрь». Адзін з арганізатараў Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1899. Першая кніга — «Апавяданні і нарысы» (1901). У ранніх творах раскрываў драматызм штодзённай барацьбы чалавека за выжыванне. У аповесці «Пяскі» (1908), рамане «Горад у стэпе» (1912) — маральная праблематыка, звязаная з развіццём капіталізму ў горадзе. Раман «Жалезны паток» (1924), у аснове якога гіст. факт — паход Таманскай арміі (1918), лічыўся класікай сацыялістычнага рэалізму. Аўтар нарысаў пра калектывізацыю (серыя «Па данскіх стэпах», 1931), грамадз. і Вял. Айч. войны, артыкулаў пра л-ру. С. наведваў Беларусь, быў асабіста знаёмы з Я.​Купалам, Я.​Коласам, Ц.​Гартным, П.​Галавачом, М.​Лыньковым і інш., удзельнічаў у рабоце 2-га пленума праўлення БелАПП (1931). На бел. мову яго творы перакладалі С.​Іва, П.​Місько, С.​Хурсік і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—7. М., 1959—60;

Бел. пер. — Вераб’іная ноч: Апавяданні. Мн., 1930;

Горад у стэпу. Мн., 1930;

Жывы астрог: Апавяданні. Мн., 1930;

Сопка з крыжамі: Апавяданні. Мн., 1930;

У нумары. Мн., 1930;

У сям’і: Апавяданне. Мн., 1930;

Працавітыя юнакі: Апавяданні. Мн., 1931;

Стачка. Мн., 1932;

Жалезны паток. 3 выд. Мн., 1936;

Апавяданні. Мн., 1937 (на вокл.: 1938).

Літ.:

Волков А.А. Творческий пугь А.С. Серафимовича. 2 изд. М., 1963;

Хигеров и ч Р.И. Путь писателя: Повесть о Серафимовиче. 3 изд. М., 1963;

Воспоминания современников об А.​С.​Серафимовиче. М., 1977;

Чалмаев В.А. Серафимович. Неверов. М., 1982.

т. 14, с. 344

СЕ́РА-БАЛІ́ВАР (Cerro Bolivar),

група жалезарудных радовішчаў у Венесуэле. Адкрыты ў 1947 (7 радовішчаў), найб. Сера-Балівар. Паводле паходжання метамарфізаваныя. Руды — жалезістыя кварцыты і гематытавыя. Агульныя запасы каля 850 млн. т. руды, з сярэдняй колькасцю жалеза 62—63%.

т. 14, с. 340

СЕ́РА-ДУ-ЭСПІНЬЯ́СУ (Serra do Espinhaço),

група горных хрыбтоў у Бразіліі, на У Бразільскага пласкагор’я, па правабярэжжы р. Сан-Франсіску, паміж 15—21° паўд. ш. Уласна С.-д.-Э. наз. паўд. ч. паміж 16—20° паўд. ш. Выш. да 2107 м (г. Сол). Уяўляюць сабой выхады шчыльных метамарфічных парод, пераважна кварцытаў. На Пд радовішчы жал. (Ітабіра) і марганцавых руд, а таксама алмазаў, золата. На ўсх. схілах вільготныя лясы, на зах. — ксерафітныя хмызнякі і рэдкалессі.

т. 14, с. 342