Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАЗВАДЗЯ́ШЧЫ,

ваеннаслужачы, які прызначаны для выстаўлення падначаленых яму вартавых на пасты, для праверкі нясення імі службы і своечасовай змены вартавых. На Беларусі абавязкі і правы Р. вызначаны ў Статуце гарнізоннай і каравульнай службаў Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Каравул.

т. 13, с. 253

РАЗВАДНЫ́ МОСТ,

мост з рухомай (развадной) пралётнай пабудовай для праходжання суднаў значнай вышыні.

Адрозніваюць паваротныя (пралётная пабудова моста можа паварочвацца вакол верт. восі), верт.-пад’ёмныя і раскрывальныя (адна- і двухкрылыя), у т. л. каромыславыя і адкатныя. Р.м. абсталёўваюць мех. ці гідраўл. механізмамі перамяшчэння пралётнай пабудовы, светлавой і гукавой сігналізацыяй, блакіравальнымі прыстасаваннямі. Канструкцыю рухомай пралётнай пабудовы робяць са сталі, лёгкіх сплаваў.

Развадны мост: 1 — двухкрылы паваротны ў адкрытым становішчы; 2 — вертыкальна-пад’ёмны ў паднятым стане.

т. 13, с. 253

РАЗВАДО́ВА,

гл. ў арт. Баранавічы.

т. 13, с. 253

РАЗВАДО́ЎСКІ ((Rozwadowski) Ян Міхал) (7.12.1867, каля г. Тарнаў, Польшча — 13.3.1935),

польскі мовазнавец-індаеўрапеіст. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1903), чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1911). Ў 1885—89 вучыўся ў Кракаве і Лейпцыгу. З 1899 праф. Ягелонскага ун-та ў Кракаве. З 1920 віцэ-прэзідэнт, у 1925—29 прэзідэнт Польскай АН. Аўтар прац па агульным, індаеўрап., польскім мовазнаўстве, анамастыцы: «Утварэнне і значэнне слова» (1904), «Семасіялогія, або Навука аб развіцці значэнняў слова» (1907), «Була 1136 года як найстаражытнейшы помнік польскай мовы» (1909), «Гістарычная фанетыка польскай мовы» (1914), «Адносіны польскай мовы да іншых славянскіх» (1915), «Пра з’явы і развіццё мовы» (1921), «Даследаванні назваў славянскіх рэк» (выд. 1948) і інш.

Тв.:

Wybór pism. T. 1—3. Warszawa, 1959—61.

т. 13, с. 253

РАЗВА́ЛКІ, розвальні,

найбольш пашыраны від саней на Беларусі. Паверх пагрузачнай пляцоўкі (для яе павелічэння) уздоўж саней прымацаваны 2 жэрдкі з папярочкай на канцах — развалкі (адсюль назва). Выкарыстоўваюцца на гасп. работах і для выездаў (тады на Р. ставяць кузаў — трохбаковую рашотку, або драбінкі, плецены палукашак). Бытуюць і ў наш час.

т. 13, с. 253

РАЗВЕ́ДВАЛЬНАЯ СУПО́ЛКА,

аб’яднанне разведвальных падраздзяленняў з адпаведнай іерархічнай структурай і фінансавай базай, якое вядзе разведвальную дзейнасць. Р.с. існуюць у некат. краінах (напр., ЗША) з мэтай здабывання і апрацоўкі інфармацыі пра рэальныя і патэнцыяльныя магчымасці, дзеянні і планы (намеры) замежных дзяржаў, арганізацый і асоб; садзеяння ў рэалізацыі мер, што ажыццяўляюцца ў інтарэсах забеспячэння нац. бяспекі краіны.

В.​А.​Окунеў, А.​А.​Мініч.

т. 13, с. 254

РАЗВЕ́ДВАЛЬНЫЯ О́РГАНЫ,

спецыяльныя падраздзяленні, якія дзяржава стварае для ажыццяўлення разведвальнай дзейнасці; састаўная ч. разведвальнай суполкі і сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Прызначаны абараняць інтарэсы асобы, грамадства, дзяржавы ад знешніх пагроз з выкарыстаннем вызначаных заканадаўствам спец. метадаў і сродкаў.

В.​А.​Окунеў, А.​А.​Мініч.

т. 13, с. 254

РАЗВЕ́ДВАЛЬНЫ ЦЭ́НТР,

1) умоўная назва цэнтральнага апарата знешняй разведкі, які ажыццяўляе арганізацыю і кіраўніцтва разведвальнай дзейнасцю за рубяжом, а таксама на тэр. сваёй краіны (з пазіцый мін-ваў і ведамстваў, што маюць замежныя сувязі). Р.ц. арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць рэзідэнтур, камплектуе іх кадрамі, забяспечвае мат.-тэхн. і фін. сродкамі, а таксама вядзе цэнтралізаваны ўлік.

2) Цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі разведчыкаў. Усе спецслужбы свету маюць спец. вучэбныя ўстановы, дзе рыхтуюць кадравых супрацоўнікаў падраздзяленняў разведкі і контрразведкі.

В.​А.​Окунеў, А.​А.​Мініч.

т. 13, с. 254

РАЗВЕ́ДКА,

1) від дзейнасці, якую арганізуюць спец. органы дзяржавы з мэтай збору інфармацыі пра паліт., ваен., навук.-тэхн. і эканам. патэнцыял інш. дзяржаў; орган (інстытут, установа), што ажыццяўляе разведвальную дзейнасць. Р. падзяляецца на знешнюю, агентурную, тэхн., касм. і інш. (гл. Разведка ваенная, Разведка партызанская). У Рэспубліцы Беларусь Р. з’яўляецца састаўной ч. сістэмы забеспячэння бяспекі краіны; здабывае інфармацыю пра знешнія пагрозы нацыянальнай бяспецы і інш. звесткі, неабходныя для рэалізацыі інтарэсаў дзяржавы, абароны фіз. і юрыд. асоб, што знаходзяцца за мяжой, і інш. Структура, функцыі, паўнамоцтвы і кірункі дзейнасці Р. вызначаны законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі» (1997). Гл. таксама Контрразведка.

2) Абследаванне і вывучэнне чаго-н. са спецыяльнай мэтай, напр., Р. карысных выкапняў, Р. надвор’я і інш.

Літ.:

Очерки истории российской внешней разведки: В 6 т. Т. 1—4. М., 1997—99;

Тактическая разведка. М., 1968;

Симонян Р.Г., Гришин С.В. Разведка в бою. М., 1980;

Князев С.Н. Военная контрразведка на территории Беларуси в начале двадиатого века. Мн., 2000;

Яго ж. Военная контрразведка в Беларуси. Мн., 1999;

Всемирная история шпионажа. М., 2000.

С.​Н.​Князеў, Г.​М.​Круглоў, Э.​А.​Шаркоў.

т. 13, с. 254

РАЗВЕ́ДКА ВАЕ́ННАЯ,

сукупнасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца з мэтай здабывання, апрацоўкі і вывучэння звестак аб праціўніку, у т. л. магчымым, яго ўзбр. сілах, ваен.-эканам. патэнцыяле і інш. Вядзецца спец. падраздзяленнямі, разведчыкамі і інш. Падзяляецца на стратэг., аператыўную і тактычную; наземную, паветр., касм., марскую, спецыяльную. Адрозніваюць Р.в.: радыётэхн., артыл., інж., радыяцыйную, хім., біял. і інш. У Р.в. выкарыстоўваюць арбітальныя станцыі, штучныя спадарожнікі Зямлі, авіяцыю, разведвальна-ўдарныя комплексы, лазерныя, тэлевізійныя, магнітаметрычныя і інш. прылады.

В.​А.​Окунеў.

т. 13, с. 254