Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАДЖЫ́ЕЎ Парашкеў (н. 14.4.1912, Сафія),

балгарскі кампазітар, педагог, муз. тэарэтык. Нар. арт. Балгарыі (1965). Герой Сац. Працы (1979). З 1940 выкладаў ў Балг. кансерваторыі (з 1947 праф.). Яго творы вылучаюцца меладычнай напеўнасцю, маляўнічасцю гармоніі, рэалізмам характараў: оперы «Альбена» (паст. 1963), «Мільянер» (паст. 1965), «Марыя Дзесіслава» (паст. 1978) і інш.; аперэты, мюзіклы, балеты, хары, песні для дзяцей (больш за 1000) і інш. Аўтар падручнікаў па гармоніі. Дзімітроўская прэмія 1962.

т. 16, с. 517

ХАДЖЫ́-МУРА́Т (1790-я г., Хунзах, Дагестан, Расія — 5.5.1852),

адзін з кіраўнікоў каўказскіх горцаў у час Каўказскай вайны 1817—64. У 1834 захапіў уладу ў васальным Расіі Аварскім ханстве. У 1836 арыштаваны рас. ўладамі па абвінавачанні ў сувязях з Шамілем, уцёк з турмы і стаў адным з яго бліжэйшых паплечнікаў. Пасля далучэння ў 1843 Аварыі да імамата Шаміля, прызначаны яе намеснікам (наібам). У снеж. 1851 Х.-М. парваў з Шамілем і перайшоў на бок Расіі. У крас. 1852 уцёк у горы, загінуў у сутычцы з рас. войскамі. Папулярны герой горскага фальклору. Яму прысвечана аповесць Л.​М.​Талстога «Хаджы-Мурат».

т. 16, с. 517

ХАДЖЭ́ННЕ,

сярэдневяковы літаратурны жанр. Узнік у выніку паломніцтва на Б. Усход да святынь Палесціны і Візантыі. Апісанне гэтых падарожжаў, асобных падзей грамадска-паліт. і культ. жыцця таго часу складае аснову зместу Х. Найб. ранні помнік жанру ў стараж.-рус. л-ры — «Хаджэнне ігумена Данііла» (пач. 12 ст.). Пазней узніклі складзеныя выхадцамі з Беларусі Х. Аграфенія (канец 14 ст.) і Варсанофія (2-я пал. 15 ст.), «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 — пач. 15 ст.).

У эпоху Вял. геагр. адкрыццяў актывізаваліся разнастайныя ўзаемасувязі паміж народамі, многія літ. жанры набылі новыя якасці. Х. сталі больш свецкімі і ператварыліся ў апісанні падарожжаў за мяжу наогул («Хаджэнне за тры моры» А.​Нікіціна). Адным з апошніх твораў, які не страціў жанравай сувязі з Х., было «Перагрынацыя, або паломніцтва... у Святую зямлю» М.​К.​Радзівіла (1590-я г.). Часам Х. называліся асобныя творы інш. жанраў, напр., апокрыф «Хаджэнне багародзіцы па пакутах».

Літ.:

Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэт. нарыс развіцця бел. паломніцкай літ. XII—XVI стст. Мн., 1999.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 517

«ХАДЖЭ́ННЕ БАГАРО́ДЗІЦЫ ПА ПАКУ́ТАХ»,

помнік стараж.-рус. перакладной літаратуры апакрыфічнага жанру (гл. Апокрыфы). Трапіла на Русь праз паўд.-слав. пасрэдніцтва; зместам блізкае да візант. тэксту помніка. Найб. стараж. рус. спіс датуецца 12 ст. У творы апавядаецца пра падарожжа гал. гераіні па замагільным свеце. Апокрыф прасякнуты рэліг. канцэпцыяй аб суровасці, але справядлівасці боскага суда, паводле якой душа чалавека асуджаецца пасля яго смерці на пакуты за зямныя грахі.

Тэндэнцыя запалохвання немінучымі пякельнымі жахамі за парушэнне прынцыпаў хрысціянства, боскіх запаведзяў некалькі змякчаецца ў творы спачуваннем грэшнікам, суперажываннем за іх пакуты. Гэта ідэя ўвасоблена ў вобразе Багародзіцы — чулай жанчыны, заступніцы людзей. Моцна ўражаная ўбачаным у пекле, яна звяртаецца да Бога з просьбай злітавацца над грэшнікамі і палегчыць ім пакуты. Незвычайнасць зместу твора, важнасць закранутых праблем, гуманіст. ідэя спачування чалавеку спрыялі папулярнасці твора сярод чытачоў. Бел. рэд. твора — «Аб дванаццаці пакутах».

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 518

«ХАДЖЭ́ННЕ ІГУ́МЕНА ДАНІІ́ЛА»,

помнік стараж.-рус. літаратуры пач. 12 ст. Напісана не пазней 1113 выхадцам з Чарнігаўшчыны ігуменам Даніілам, які ў пач. 1104—06 (паводле інш. меркаванняў, 1106—08) падарожнічаў у «святую зямлю» праз Канстанцінопаль і Кіпр. Там цікавіўся мясцінамі, звязанымі з біблейскімі падзеямі і героямі, асабліва захапляўся Іерусалімам. Аўтар дэталёва апісаў цэрквы і манастыры, хрысціянскія святыні Палесціны. Будучы на чужыне, Данііл маліўся за рус. князёў, баяр, духавенства, за ўвесь народ, сярод імён згадвае і мінскага князя Глеба Усяславіча. Твор карыстаўся вял. папулярнасцю на Русі (захавалася больш за 100 спісаў, самы ранні — 15 ст.), служыў узорам для інш. твораў гэтага жанру. На Беларусі твор быў вядомы ў рукапісе 16 ст. (зберагаўся ў б-цы Красінскіх у Варшаве, загінуў у 2-ю сусв. вайну) побач з «Хронікай Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», бел. перакладамі «Аповесці пра Таўдала» і біблейскай кнігі Товіт.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 518

«ХАДЖЭ́ННЕ Ў НАРО́Д»,

масавы рух радыкальнай рас. моладзі (прадстаўнікі розных плыняў народніцтва) у вёску ў 1870-я г. Пачалося летам 1873, найб. размаху дасягнула вясной-летам 1874 (ахапіла 37 губерняў Расіі). Прыхільнікі П.Л.Лаўрова («лаўрысты») мелі на мэце прапаганду сярод сялян ідэй сацыялізму, паслядоўнікі анархічна-бунтарскіх ідэй М.А.Бакуніна («бакуністы») — арг-цыю масавых антыўрадавых выступленняў. Цэнтры падрыхтоўкі: пецярбургскі і маскоўскі гурткі чайкоўцаў, «Кіеўская камуна». Рух разгромлены паліцыяй: да ліст. 1874 арыштаваны 4 тыс. чал., найб. актыўныя асуджаны на «працэсе 193-х» (кастр. 1877—лют. 1878).

Літ.:

Филиппов Р.В. Из истории народнического движения на первом этапе «хождения в народ». Петрозаводск. 1967;

Троицкий Н.А. Первые из блестящей плеяды: Большое о-во пропаганды, 1871—1874 гг. Саратов. 1991.

т. 16, с. 518

«ХАДЖЭ́ННЕ Ў ЦА́РГРАД»,

помнік стараж.-рус. і бел. літаратуры 14 — пач. 15 ст. Напісана смаленскім дзякам Ігнаціем, які ў 1389 суправаджаў у вандроўцы ў Царград (Канстанцінопаль) рус. мітрапаліта Пімена і пасля абрання мітрапалітам Кіпрыяна быў пакінуты ў складзе дыпламат. місіі пры Канстанцінопальскай патрыярхіі. Помнік дайшоў у 2 рэдакцыях: кароткай (15 ст.) і летапіснай (16 ст.) і ў шэрагу іх варыянтаў. Складзены паводле загаду смаленскага епіскапа Міхаіла як працяг летапісу, які, магчыма, Ігнацій вёў з 1370 (пазней названы «Сказание летом въ кратце»). У «Хаджэнні» апісаны прылеглыя да горада мясціны. барацьба паміж Іаанам IV Калуянам і Мануілам II Палеалогам за візант. пасад у 1390, землетрасенне 1391, каранацыя Мануіла II у 1393. Твор вызначаецца высокімі маст. якасцямі і багатай інфармацыяй пра шлях на Усход, насельніцтва Прычарнамор’я, грамадска-паліт. жыццё Візантыі. У ім ёсць унікальныя звесткі пра помнікі архітэктуры і мастацтва, манастыры, хрысц. святыні і інш. Спалучае летапісны стыль і традыцыі паломніцкай л-ры; твор пераходны да свецкага апавядання пра падарожжы, ён адзін з першых узораў аўтабіягр. бел. прозы.

Да тэксту Ігнація ў летапіснай рэдакцыі памылкова далучана ананімнае «Апісанне Іерусаліма», выпадкова пераплеценае ў 16 ст. разам з «Хаджэннем».

С.​Л.​Гаранін, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 518

ХАДЗІЛО́НІ,

вёска ў Першамайскім с/с Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр калгаса. За 45 км на Пн ад г. Шчучын, 66 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 262 ж., 102 двары (2003). Базавая школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 16, с. 518

ХАДЗЬБА́ СПАРТЫ́ЎНАЯ,

від лёгкай атлетыкі. Ад звычайнай хадзьбы адрозніваецца абавязковым выпростваннем апорнай нагі ў каленным суставе пры верт. становішчы, ад бегу — адсутнасцю безапорнай фазы руху. Спаборніцтвы сярод жанчын праводзяцца на дыстанцыях 5, 10 і 20 км, сярод мужчын — 5, 10, 15, 20, 30, 50 км і на час (1 і 2 гадз). Спартсмен за 1 мін робіць 200—210 крокаў даўж. 110—120 см.

Як від спорту склалася ў 2-й пал. 19 ст. Першыя спаборніцтвы адбыліся ў аматарскім Атлетычным клубе (1866, Англія) на дыстанцыі 7 міль (11 км). У праграме Алімп. гульняў з 1908 (мужчыны; дыстанцыі 3,5 км і 10 міль), з 1932 мужчыны спаборнічаюць на дыстанцыі 50 км. з 1956 — і на дыстанцыі 20 км; жанчыны — на дыстанцыях 10 км (з 1992) 1 20 км (з 2000). У праграме чэмпіянатаў Еўропы па лёгкай атлетыцы з 1934. чэмпіянатаў свету — з 1976. Буйнейшыя міжнар. асабіста-камандныя спаборніцтвы па Х.с. на Кубак г. Лугана (Швейцарыя) з 1961. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Мексіцы, Расіі, Швецыі і інш.

На Беларусі Х.с. ўваходзіць у лёгкаатлетычныя праграмы з 1944. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся прызёры Алімп. гульняў Я.​Маскінскоў (1956), Я.​Іўчанка і П.​Пачынчук (1980); прызёры чэмпіянатаў свету Я Місюля (1991, 1995), М.​Хмяльніцкі (1997), В.​Цыбульская (1997, 2001) і інш.

т. 16, с. 518

ХАДКЕ́ВІЧ Аляксандр (4.6.1776, г. Чарнобыль, Украіна — 24.1.1838),

палітычны і ваенны дзеяч, хімік, літаратар. Чл. Пецярбургскай АН (з 1818), шматлікіх навук. т-ваў. З роду Хадкевічаў. Вучыўся ў Варшаўскім пансіянаце для магнацкай моладзі М.​Нікуты. У час паўстання 1794 прызначаны Т.​Касцюшкам маёрам нац. гвардыі, напэўна, браў удзел у Віленскім паўстанні 1794 і баях у ВКЛ. Пасля падаўлення паўстання жыў на Валыні. У вайну 1812 чл. Ваеннага к-та Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага, камандзір 18-га пях. палка, які выставіў за ўласны кошт. У 1813 трапіў у рас. палон. Пры арганізацыі войска Каралеўства Польскага ў 1815 прызначаны нач. штаба гвардзейскай дывізіі, у 1818 — ген. брыгады. У 1819 сенатар Каралеўства Польскага, з 1820 дэпутат сейма. Належаў да масонскіх лож. У пач. 1824 арганізаваў у Кіеве спатканне дзекабрыстаў М.П.Бястужава-Руміна і С.І.Мураўёва-Апостала з прадстаўніком Патрыятычнага таварыства С.​Крыжаноўскім. У 1826 высланы ў Пецярбург, пасля ў Жытомір пад нагляд паліцыі Вызначыўся як хімік-даследчык, тэхнолаг. Гал. навук. праца — «Хімія» (т. 1—7, 1816—18). Займаўся таксама мінералогіяй, фармацэўтыкай. Вядомы як паэт, драматург, тэатр. крытык, калекцыянер. Аўтар нарысаў пра Касцюшку, Я.​Г.​Дамброўскага, кн. «Партрэты праслаўленых палякаў з іх апісаннем» (1820).

А.​А.​Ерашэвіч.

т. 16, с. 518