Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РАПАПО́РТ (Павел Аляксандравіч) (29.6.1913, С.-Пецярбург — 11.9.1988),

рускі археолаг, гісторык архітэктуры. Д-р гіст. н. (1965). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). Працаваў у Ленінградскім аддз. Ін-та археалогіі АН СССР (1939—88). Выкладаў гісторыю архітэктуры у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры Акадэміі мастацтваў СССР. Даследаваў праблемы гісторыі і археалогіі манум. архітэктуры Кіеўскай Русі і Маскоўскай дзяржавы. Даследаваў 12 помнікаў архітэктуры Беларусі часоў сярэдневякоўя; абследаваў некалькі дзесяткаў гарадзішчаў на тэр. стараж. Турава-Пінскай і Полацкай зямель і ў гарадах т. зв. Чорнай Русі, археалагічна вывучыў канструкцыю абарончых збудаванняў больш як 10 гарадзішчаў на тэр. Беларусі, у т. л. абарончыя збудаванні стараж. Ваўкавыска, Навагрудка, гарадзішча Турэцкая горка каля Слоніма і інш.

Тв.:

Раскопки в Волковыске в 1959 г. // Сов. археология. 1963. № 1;

Полоцкое зодчество XII в. // Там жа. 1980. № 3;

Памятники культуры: Новые открытия, 1979. Л., 1980 (у сааўт.);

Новые данные об архитектуре древнего Гродно // Древнерусское искусство: Худож. культура X—первой пол. XIII в. М., 1988.

А.​А.​Трусаў.

т. 13, с. 308

РАПАПО́РТ (Рыгор Якаўлевіч) (1890, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),

дзяржаўны дзеяч БССР. Камісар дзяржбяспекі 3-га рангу (1935). З 1918 у органах дзяржбяспекі. У 1929—31 старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па БВА і нач. асобага аддзела БВА; у 1936—37 нач. інспекцыі Наркамата харчовай прам-сці СССР. Чл. ЦК КП(б)Б (1930—31). 16.7.1937 арыштаваны і 8.2.1938 асуджаны да пакарання смерцю «па абвінавачванні ў шпіёнскай дзейнасці і прыналежнасці да антысавецкай арганізацыі правых». Рэабілітаваны ў 1956.

т. 13, с. 308

РА́ПАРТ, у ВМФ рапо́рт (польск. raport ад франц. rapport паведамленне),

1) вусны або пісьмовы даклад ваеннаслужачага начальніку па службовых пытаннях. У выглядзе Р. афармляюцца таксама заявы, прапановы і асабістыя просьбы ваеннаслужачых. Ва Узбр. сілах Беларусі і шэрагу інш. краін парадак аддання (падання) Р. вызначаецца Статутам унутранай службы.

2) Справаздача аб выкананні задання або абавязацельства.

т. 13, с. 308

Рапейка Максім Восіпавіч

т. 18, кн. 1, с. 443

РАПЕ́Т (Іван Паўлавіч) (сапр. Пятроў Іван Мікалаевіч; 1845—25.12.1908),

рускі архітэктар; заснавальнік аднаго з кірункаў псеўдарускага стылю. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1861—71) у А.​М.​Гарнастаева. У пабудовах і праектах (у т. л. эскізах убрання інтэр’ераў і прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва) шырока выкарыстоўваў дэкар. матывы рус. архітэктуры 17 ст. і нар. мастацтва: «Церамок» у сядзібе Абрамцава (Маскоўская вобл.; 1873), рус. павільёны на выстаўках у Парыжы (1878) і Чыкага (1893), будынак рус. пасольства ў Токіо (1890-я г., з В.​Харламавым) і інш.

І.Рапет. «Церамок» у сядзібе Абрамцава пад Масквой. 1873.

т. 13, с. 308

РАПІНЧУ́К (Андрэй Сцяпанавіч) (н. 2.10.1960, Мінск),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1980). У 1991—95 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі. З 1996 у ЗША. Навук. працы па тэорыі алг. груп, алг. тэорыі лікаў. Даследаваў і апісаў нармальныя структуры падгруп рацыянальных пунктаў алг. груп над лікавымі палямі, прынцып Гасе для аднародных прастор, групы канечнай шырыні і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988.

Тв.:

Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991 (разам з У.​В.​Платонавым).

т. 13, с. 309

РАПІ́РА (ням. Rapir ад франц. rapiére),

колючая, радзей колюча-сякучая зброя. Вядома з 2-й пал. 17 ст. Уяўляла сабой прамы плоскі або гранёны стальны клінок з завостраным (у дуэльных Р.), затупленым або забяспечаным засцерагальным патаўшчэннем (у фехтавальных Р.) канцом і эфес. У канцы 19 ст. на аснове фехтавальнай Р. ўзнікла спартыўная колючая зброя, якая складаецца з лёгкага стальнога эластычнага клінка, эфеса (засцерагальнай чашападобнай гарды і рукаяткі). У звычайных (трэніровачных) Р. наканечнік на клінку нерухомы, у электрыфікаваных (выкарыстоўваюцца ў афіц. спаборніцтвах па фехтаванні з 1954) — з рухомым электракантактным устройствам.

Іспанская рапіра 17 ст.

т. 13, с. 309

РАПП,

гл. Расійская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў.

т. 13, с. 309

РАПРЫ́НЦАВА (Валерыя Міхайлаўна) (н. 11.1.1932, г. Варонеж, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі. Д-р мед. н. (1989). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1955). З 1965 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па механізмах рэгуляцыі і выдзялення катэхаламінаў у гангліях, уплыў на гэты працэс розных тэмператур.

Тв.:

Катехоламины в симпатических ганглиях. Мн., 1983 (разам з І.​А.​Булыгіным);

Высвобождение катехоламинов в симпатических ганглиях при антидромном раздражении // Успехи физиол. наук. 1986. Т. 17, № 3.

т. 13, с. 309

РАПС (Brassica napus var. napus),

кветкавая расліна сям. крыжакветных. Спантанны гібрыд капусты агароднай і свірэпіцы. Часам Р. вылучаюць у самастойны від. У культуры вядомы з 4-га тыс. да н.э., у Расіі — з 19 ст. Вырошчваюць як алейную і кармавую расліну ў Індыі, Кітаі, Канадзе, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

Аднагадовая травяністая, азімая або яравая расліна, пакрытая васковым налётам. Галінастыя сцёблы выш. 50—150 см. Разетачнае лісце лірападобна-перыста-надрэзанае, ніжняе сцябловае — лірападобнае, верхняе — прадаўгавата-авальнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, зрэдку белыя, у гронках. Плод — стручок. Насенне мае сабе да 50% рапсавага алею, які спажываецца ў ежу. Макуха — высокабялковы (да 32% бялку) канцэнтраваны корм Зялёная маса, багатая аскарбінавай к-той і карацінам, ідзе на корм жывёле. Тэхн., харч., кармавая і меданосная расліна.

В.​М.​Прохараў.

Рапс.

т. 13, с. 309