Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РАІ́ЗІЙ (Пётр) (?—1571),

прававед, адзін з заснавальнікаў навук. школы юрыспрудэнцыі ў ВКЛ. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Падуі і Балонні. Выкладаў права ў Кракаўскім ун-це. Перасяліўшыся ў ВКЛ, служыў у жамойцкага біскупа Я.Даманеўскага і пакінуў вял. літ.-прававую спадчыну. У 1561 склаў для біскупства Канстытуцыю і Навелы — законапалажэнні і правілы, якімі яно павінна было карыстацца. У Вільні ўваходзіў у склад гаспадарскага суда, дзе разглядаліся апеляцыі ад гарадоў з магдэбургскім правам. Аўтар працы «Заключэнне Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэннях Літвы, і аб абскарджанні судовых рашэнняў» (выд. ў 1563 у Кракаве, у 1570 у Франкфурце-на-Майне, у 1572 у Венецыі). Прыходскую школу Р. ператварыў у вучылішча юрыспрудэнцыі, дзе арганізаваў падрыхтоўку суддзяў, адвакатаў і інш. суд. чыноўнікаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 269

РАІ́НЧЫК (Васіль Пятровіч) (н. 7.3.1950, в. Чарапы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Засл. арт. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю па кл. фп. (1974, кл. В.​Шацкага) і кампазіцыі (1981, кл. Я.​Глебава). З 2000 праф. Бел. ун-та культуры. З 1974 маст. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Верасы», адначасова з 1998 маст. кіраўнік дзіцячага ансамбля «Верасяты»; з 1997 муз., з 2000 маст. кіраўнік маладзёжнага т-ра эстрады пры Бел. ун-це культуры. Выканаўца і аўтар шматлікіх твораў на фп., электронных муз. інструментах. Стварыў шэраг стылявых інтэрпрэтацый, аранжыровак, электронных кампазіцый, якія вызначаюцца яркім меладыйным малюнкам, свежымі тэмбравымі фарбамі, неардынарнасцю структуры. Піша музыку для сімф. аркестра, эстрады, камерна-інстр. творы, песні. Сярод твораў: балет «Крылы над Расіяй» (паст. 1987); араторыя «Хлапчыш-Кібальчыш» (сл. У.​Някляева, 1984); арк. музыка — для сімф. арк. «Сімфанічныя варыяцыі» (1980), для эстр. арк. «Варыяцыі», «Балеро», «Карнавал» (усе 1984); п’есы для электронных інструментаў «Назад да зорак» (1985), «Жыццё артыста» (1986); музыка да спектакля «Голы кароль» (1993); песні, у т. л. «Зорка кахання», «Горад юнацтва», «Так не бывае». Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

А.​У.​Валадковіч.

В.П.Раінчык.

т. 13, с. 269

РА́ІЧ (Іован) (11.11.1726, Срэмскі-Карлаўцы, Сербія — 11.12.1801),

сербскі гісторык. Скончыў Кіеўскую акадэмію (1756). Аўтар «Гісторыі розных славянскіх народаў і найперш за ўсё балгар, харватаў і сербаў...» (Вена, 1794—95, ч. 1—4), у якой найб. каштоўнасць маюць ч. 2 (канец) — 4, прысвечаныя гісторыі Сербіі ад часоў старажытнасці да 2-й пал. 18 ст. У гэтым творы Р. адлюстраваўся рост. нац. самасвядомасці сербскага народа і яго імкненне да вызвалення ад тур. няволі. У 1772 прыняў манаскі сан і займаўся напісаннем багаслоўскіх твораў і перакладамі.

т. 13, с. 269

РА́ІЧКАВІЧ (Стэван) (н. 5.7.1928, Нерасніца, Сербія),

сербскі пісьменнік, перакладчык. Правадз. чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1981). Скончыў Бялградскі ун-т (1952). Працаваў на радыё, у 1959—81 у выд-ве «Асвета». Друкуецца з 1945. Найб. вядомы як паэт-лірык (зб-кі «Дзяцінствы», 1950, «Песня цішыні», 1952, «Балада пра адвячорак», 1955, «Каменная калыханка», 1963, «Запісы пра чорнага Уладзіміра», 1971, «Кола для катавання», 1981 і інш.). Аўтар паэмы «Выпадковыя мемуары» (1978), кніг эсэ «Нататкі пра паэзію» (1978), «Інтымныя карты» (1985). Піша для дзяцей, перакладае на сербскахарвацкую мову бел., англ., італьян., рус., укр. паэтаў. Укладальнік анталогіі «Славянскія рыфмы» (1976), у якой змешчаны ў яго перакладзе 5 вершаў Я.​Купалы. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў Н.​Гілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Па камянях, як па зорах: Выбр. старонкі сучаснай югасл. паэзіі. Мн., 1981;

У кн.: Гілевіч Н. Роднасць: Выбр. пер. са слав. паэтаў. Мн., 1983;

У кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — Стихи. М., 1979.

І.​А.​Чарота.

т. 13, с. 269

РА́ІЧЫЧ (Станойла) (н. 16.12.1910, Бялград),

сербскі кампазітар, педагог. Чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1958). Вучыўся ў Пражскай кансерваторыі (1930—35). Вучань І.Сука. З 1936 выкладаў у муз. школах, з 1940 у Муз. акадэміі ў Бялградзе. У 1958—63 дырэктар Ін-та музыказнаўства Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. У творчасці апошняга перыяду вядучымі сталі меладычны пачатак, апора на нац. муз. фальклор у ясных па форме сімф. і камерных творах. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Сіманіда» (1957), «Караджорджэ» (1971), «Запіскі звар’яцелага» (паводле М.​Гогаля, 1974); 4 балеты, 6 сімфоній (1935—67), 4 сімф. паэмы (усе 1942); канцэрты для інстр. з арк., кам.-інстр. ансамблі, вак. творы, музыка да драм. спектакляў і кіно.

т. 13, с. 270

РАЙ,

паводле большасці рэліг. вераванняў (у хрысціянстве, ісламе, іудаізме, будызме), месца, куды адпраўляюцца душы памерлых людзей, пераважна праведнікаў. Багасловы сцвярджаюць, што Р. трэба разумець не літар., не ў фіз. сэнсе як рэальную асалоду, а як духоўнае пачуццё задаволенасці, якое перажываюць душы праведнікаў пасля смерці. У Бібліі (Стары запавет; стараж.-яўр. эдэм), Р. — прыгожы сад, у якім жылі «першачалавекі» Адам і Ева (да грэхападзення). Райскай асалодзе супрацьпастаўляюцца пакуты грэшнікаў, якія трапляюць у пекла.

т. 13, с. 270

РАЙ (Рам Мохан) (22.5.1772 або 1774, Раджнагар, Індыя — 27.9.1833),

індыйскі (бенгальскі) асветнік, філосаф, рэфарматар індуізму, грамадскі і літ. дзеяч. Скончыў вышэйшую мусульм. школу ў г.Патна. Імкнуўся стварыць універсальную рэліг. сістэму на аснове індуізму, выступаў за скасаванне яго найб. адыёзных звычаяў (самаспаленне ўдоў, дыскрымінацыя «недатыкальных», дзіцячыя шлюбы і інш.). Стварыў рэліг.-рэфарматарскае т-вы Ар’я самадж (1815) і Брахма самадж (1828). Па ініцыятыве Р. ў Калькуце адкрыта першая інд. свецкая школа — Індускі каледж (1817). Выдаваў газ. «Шомбад каўмудзі» («Месяц навін», на бенгальскай мове) і «Мірат уль-ахбар», («Люстэрка навін», на перс. мове). Аўтар перакладаў на бенгальскую мову філас. твораў Стараж. Індыі, юрыд. даследаванняў, памфлетаў, падручнікаў.

т. 13, с. 270

РАЙГРА́С,

кармавыя травяністыя расліны сям. метлюжковых. Акультураны 1 від Р. высокі, або французскі (Arrhenatherum elatius), і 2 віды з роду жыціку. Р. пашавы, або англійскі, ці жыцік шматгадовы (Lolium perenne), і Р. шматукосны, або італьянскі, ці жыцік шматкветкавы (Lolium multiflonim). На Беларусі 1 дзікарослы від Р. высокі. Трапляецца на лугах.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—180 см. Сцёблы прамыя, тонкія, гладкія, полыя. Лісце плоскае, вузкалінейнае. Каласкі двух- і шматкветкавыя, суквецце — колас або мяцёлка. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Райграс: 1 — высокі; 2 — пашавы; 3 — шматукосны.

т. 13, с. 270

РАЙД ((Ride) Салі) (н. 26.5.1951, г. Энсіна, штат Каліфорнія, ЗША),

першая жанчына-касманаўт ЗША. Д-р філасофіі (1978), магістр навук па фізіцы (1975). З 1978 у групе касманаўтаў НАСА. 18—24.6.1983 і 5—13.10.1984 здзейсніла (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) палёты ў складзе экіпажаў касм. карабля «Чэленджэр». Правяла ў космасе 14,3 сут.

С.Райд.

т. 13, с. 270

РА́ЙЗМАН (Юлій Якаўлевіч) (15.12.1903, Масква — 10.12.1994),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Латвіі (1949). Нар. арт. СССР (1964). Герой Сац. Працы (1973). Праф. (1960). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1924 літ. кансультант на кінастудыі «Міжрабпом-Русь». Быў асістэнтам рэж. Я.​Пратазанава. Першыя рэжысёрскія работы: «Круг» (1927), «Катарга» (1928), «Зямля чакае» (1930), «Апавяданне пра Умара Хапцока» (1932). Грамадз. пафас, уменне ствараць характары герояў у іх непарыўнай сувязі з духам часу, рэальным асяроддзем у фільмах: «Лётчыкі» (1935), «Апошняя ноч» (1937; гал. прэмія Міжнар. выстаўкі ў Парыжы 1937), «Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава (1940), «Машачка» (1942), «Кавалер Залатой Зоркі» (1951, гал. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў г. Карлавы Вары), «Урок жыцця» (1955), «Камуніст» (1958), «А калі гэта каханне?» (1962), «Твой сучаснік» (1968), «Візіт ветлівасці» (1973), «Дзіўная жанчына» (1978), «Прыватнае жыццё» (1982), «Час жаданняў» (1984) і інш. Аўтар дакумент. фільмаў: «Да пытання пра перамір’е з Фінляндыяй» (1944), «Берлін» (1945), «Райніс» (1949). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946 (двойчы), 1950, 1952, 1983.

Тв.:

Когда фильм окончен. М., 1964;

Вчера и сегодня: [Рассказ о творческом пути]. М., 1969.

Літ.:

Зак М. Юлий Райзман. М., 1962;

Рыбак Л.А. В кадре — режиссер. М., 1974.

Ю.Я.Райзман.

т. 13, с. 270