Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РА́ДЫУС-ВЕ́КТАР адвольнага пункта прасторы, вектар, накіраваны ў гэты пункт з пэўнага фіксаванага пункта (полюса). Калі полюсам з’яўляецца пачатак дэкартавых каардынат, то праекцыі Р.-в. пункта М на восі дэкартавых прамавугольных каардынат супадаюць з каардынатамі пункта М.

т. 13, с. 239

РА́ДЫУС ІНЕ́РЦЫІ ў механіцы,

фізічная велічыня R, якая мае размернасць даўжыні і з дапамогай якой момант інерцыі цела адносна зададзенай восі выражаецца формулай J = MR​2, дзе M — маса цела. Напр., для аднароднага шара Р.і. адносна восі, што праходзіць праз яго цэнтр, прыкладна роўны 0,632r, дзе r — радыус шара.

т. 13, с. 239

РАДЫЯГРА́ФІЯ (ад радые... + ...графія),

неразбуральны метад кантролю суцэльнасці цвёрдых цел; метад радыяцыйнай дэфектаскапіі. Засн. на прасвечванні аб’екта іанізавальным выпрамяненнем і рэгістрацыі выпрамянення, якое прайшло праз аб’ект, фатагр. метадам.

Пры Р. ў якасці крыніцы іанізавальнага выпрамянення звычайна выкарыстоўваюць радыенукліды, якія вылучаюць γ-кванты (напр., цэзій-137, ірыдый-192, селен-75), у якасці дэтэктара выпрамянення, што прайшло праз аб’ект, — рэнтгенаграфічныя плёнкі, у т. л. каляровыя, спец. ядз. фотаматэрыялы. Асн. разнавіднасць Р. — аўтарадыяграфія, калі фатагр. метадам рэгіструюць іанізавальнае выпрамяненне радыеактыўных атамаў, размеркаваных у аб’ёме ці паверхневым слоі цвёрдага цела. Выкарыстоўваюць Р. для кантролю якасці ліцця, зваркі, пайкі і інш.

т. 13, с. 239

РАДЫЯЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,

галіна медыцыны, якая вывучае дзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека, распрацоўвае метады яго выкарыстання з дыягнастычнай і лячэбнай мэтамі, вырашае пытанні проціпрамянёвай аховы і радыегігіены. Уключае прамянёвую дыягностыку і прамянёвую тэрапію. Прамянёвая дыягностыка выкарыстоўвае выпрамяненні для даследавання будовы і функцый нармальных і паталагічна змененых органаў і сістэм чалавека. У яе ўваходзіць рэнтгенадыягностыка, радыенуклідная дыягностыка, ультрагукавая дыягностыка, магнітнарэзанансная візуалізацыя. Да прамянёвай дыягностыкі адносяцца таксама тэрмаграфія, ЗВЧ-тэрмаметрыя. Р.м. ўзнікла пасля адкрыцця рэнтгенаўскіх прамянёў і радыеактыўнасці. Пашырана ў анатоміі (прамянёвая нармальная і паталаг. анатомія), фізіялогіі (прамянёвая фізіялогія і патафізіялогія), біяхіміі (радыяцыйная біяхімія). На Беларусі пытаннямі Р.м. займаюцца ў НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (вядучая навук. ўстанова), на кафедрах радыялогіі (прамянёвай дыягностыкі) Мінскага мед. ін-та, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Выдаецца час. «Новости лучевой диагностики».

Літ.:

Михайлов А.Н. Рентгеносемиотика и диагностика болезней человека. Мн., 1989;

Яго ж. Лучевая диагностика в гастроэнтерологии. Мн. 1994;

Resnik D., Pettersson H. A skeletal radiology. Oslo, 1992;

Pettersson H. A global textbook of radiology. Oslo, 1995.

А.​М.​Міхайлаў.

т. 13, с. 240

РАДЫЯЛЯ́РЫЕВЫ ІЛ,

сучасны акіянічны глыбакаводны крамяніста-гліністы іл, абагачаны шкілетамі радыялярый (гл. Прамянёвікі). У вільготным стане ўяўляе сабой карычневы, зеленавата-шэры, чорны алеўра-пелітавы і пелітавы асадак. Складаецца з апалавага крэменязёму, гліністых мінералаў, вулканагеннага матэрыялу, гідраксідаў жалеза і марганцу, радзей цэалітаў. Пашыраны ў экватарыяльнай зоне Інд. і Ціхага акіянаў на глыб. 4,5—6 км і больш. Займае каля 3,4% агульнай плошчы дна Сусветнага акіяна. У выкапнёвым стане пераходзіць у арганагенную асадкавую пароду — радыялярыт.

т. 13, с. 240

РАДЫЯЛЯ́РЫІ,

клас (падклас) прасцейшых беспазваночных жывёл; гл. ў арт. Прамянёвікі.

т. 13, с. 240

РАДЫЯ́Н (ад лац. radius прамень, радыус),

адзінка плоскага вугла, вуглавой каардынаты, фазы ваганняў і інш. вуглавых велічынь у СІ; адносіцца да дадатковых адзінак гэтай сістэмы. Р. — безразмерная адзінка, таму можа выкарыстоўвацца ў інш. сістэмах адзінак. Абазначаецца рад. 1 рад роўны вуглу паміж двума радыусамі акружнасці, даўжыня дугі паміж якімі роўная радыусу: 1 рад ≈ 57°17′45". Вуглы ў 30°, 45°, 60°, 90° роўныя адпаведна π/6, π/4, π/3, π/2 рад. Выкарыстоўваецца пераважна ў тэарэт. разліках.

т. 13, с. 240

РАДЫЯ́НТ [ад лац. radians (radiantis) які выпрамяняе],

пункт нябеснай сферы, з якога быццам бы выходзяць (з прычыны перспектывы) бачныя шляхі метэораў аднаго і таго ж метэорнага патоку. Метэорныя патокі наз. па сузор’ях, у якіх знаходзяцца іх Р., напр., андрамедыды, леаніды, персеіды і інш.

Радыянт.

т. 13, с. 240

РАДЫЯ́ТАР (ад лац. radio выпрамяняю),

1)у ацяпляльных сетках — прылада сістэм вадзянога і паравога ацяплення. Чыгунныя складаюцца з секцый (адна-, двух- ці шматканальных), па якіх цыркулюе цепланосьбіт — вада або пара. Бываюць таксама стальныя (панэльнага тыпу) і керамічныя (фарфоравыя).

2) Р. рухавіка ўнутранага згарання — прыстасаванне сістэмы ахаладжэння рухавіка, дзе зніжаецца т-ра ахаладжальнай вадкасці. Складаецца з частак: ахаладжальнай (трубчаста-пласціністай ці трубчаста-стужачнай), верхняй (з заліўной гарлавінай) і ніжняй (з кранам для зліву вадкасці).

3) У радыёэлектроніцы — прыстасаванне, што адводзіць цеплату ад паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, рэзістараў і інш. Бываюць у выглядзе асобнай (пласціністыя, драцяныя, штырковыя) або апорнай канструкцыі корпуса радыёэлектронных вырабаў.

Радыятары: 1 — сістэма вадзянога ацяплення; 2 — сістэмы вадзянога ахаладжэння аўтамабільнага рухавіка; 3 — штыравы для паўправадніковых прылад.

т. 13, с. 240

РАДЫЯХІ́МІЯ (ад радые... + хімія),

раздзел хіміі, які вывучае фізіка-хім. і хім. ўласцівасці радыеактыўных ізатопаў элементаў (радыенуклідаў), метады іх выдалення і канцэнтравання. Асн. раздзелы: агульная Р., якая вывучае агульныя заканамернасці паводзін радыенуклідаў, іх стан у ультрамалых канцэнтрацыях у растворах, газах і цвёрдых рэчывах; хімія радыеактыўных элементаў, якая вывучае хім. ўласцівасці радыеактыўных элементаў, прыкладная Р., якая ўключае сінтэз мечаных злучэнняў, выкарыстанне радыенуклідаў у хім., біял. і інш. даследаваннях (гл. Ізатопныя індыкатары), а таксама праблемы атрымання і перапрацоўкі ядз. гаручага, перапрацоўкі радыеактыўных адходаў і інш. У Р. выкарыстоўваюцца спецыфічныя высокаадчувальныя метады вымярэння колькасці радыенуклідаў, што абумоўлена радыеактыўнасцю даследуемых рэчываў.

Станаўленне Р. звязана з адкрыццём у 1898 радыеактыўных элементаў радыю і палонію (П.Кюры, М.Складоўская-Кюры). У 1-й трэці 20 ст. ўстаноўлены законы суасаджэння і адсорбцыі радыенуклідаў з ультраразбаўленых раствораў (К.Фаянс, Ф.А.Панет, В.Р.Хлопін, О.Ган і інш.), распрацаваны асновы метаду ізатопных індыкатараў (Дз.Хевешы і Панет) і эманацыйны метад даследавання фіз.-хім. уласцівасцей цвёрдых цел. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці (І. і Ф. Жаліо-Кюры) стала пачаткам новага этапу ў развіцці Р.; былі атрыманы радыенукліды нерадыеактыўных рэчываў пры апрамяненні іх нейтронамі (Э.Фермі з супрацоўнікамі), першыя штучныя радыеактыўныя элементы тэхнецый (1937), астат, нептуній, плутоній (1940). Далейшае развіццё Р. звязана з атрыманнем штучных радыенуклідаў усіх элементаў перыяд. сістэмы (акрамя гелію і літыю), што ёсць у прыродзе, актыноідаў, а таксама трансактыноідных элементаў.

На Беларусі развіццё Р. пачалося ў 1969, калі ў Ін-це ядз. энергетыкі АН была створана радыехім. лабараторыя па даследаванні радыенуклідаў у растворах, вывучэнні працэсаў гідролізу катыёнаў і сорбцыі гідракомплексаў радыенуклідаў, па распрацоўцы метадаў ачысткі раствораў радыеактыўных рэчываў, а таксама спосабаў дэзактывацыі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) даследаванні фіз.-хім. стану, хім. трансфармацыі і міграцыі радыенуклідаў у глебе, глебава-раслінным покрыве, вадзе, паветры праводзяцца ў Ін-це радыеэкалагічных праблем і Ін-це радыебіялогіі Нац. АН і БДУ.

Літ.:

Несмеянов А.Н. Радиохимия. 2 изд. М., 1978;

Келлер К. Радиохимия: Пер. с нем. М., 1978;

Нефедов В.Д., Текстер Е.Н., Торопова М.А. Радиохимия. М., 1987.

Ю.​П.​Давыдаў.

т. 13, с. 240