РАДЫЕРЭЗІСТЭ́НТНАСЦЬ [ад радые... + лац. resistens (resistentis) процідзейны],
устойлівасць біялагічных аб’ектаў да дзеяння іанізавальнага выпрамянення. Процілегласць радыеадчувальнасці.
т. 13, с. 229
РАДЫЕСЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад радые... + лац. sensibilis адчувальны),
узмацненне адчувальнасці клетак да дзеяння іанізавальнага выпрамянення. Адбываецца пры дапамозе фіз. і хім. агентаў — радыесенсібілізатараў, што ўжываюць да (або ў час) апрамянення ў колькасцях, якія не ўплываюць на жыццяздольнасць клетак. Выкарыстоўваецца ў эксперым. і клінічнай анкалогіі для ўзмацнення прамянёвага пашкоджання пухлін. Мае выбіральнасць дзеяння на пухлінныя клеткі, у выніку чаго павышаецца эфектыўнасць прамянёвай тэрапіі. Колькаснае выражэнне Р. — каэфіцыент, або фактар змены дозы.
Н.А.Арцёмава.
т. 13, с. 229
РАДЫЕТАКСІКАЛО́ГІЯ,
галіна радыебіялогіі, якая вывучае таксічнае ўздзеянне радыеактыўных элементаў на жывыя арганізмы. Даследуе шляхі паступлення радыеактыўных ізатопаў, іх размеркаванне ў тканках і органах, кінетыку абмену і біял. ўздзеянне; вызначае і ацэньвае гранічна-дапушчальныя ўзроўні ўтрымання і паступлення ў арганізм, у т. л. з эксперым., дыягнастычнымі і тэрапеўт. мэтамі. Распрацоўвае меры прафілактыкі атручэнняў радыеізатопамі, сродкі для зніжэння іх усмоктвання са страўнікава-кішачнага тракту і хуткага выдзялення з арганізма (сарбенты, комплексаўтваральнікі, ірвотныя, слабіцельныя, мачагонныя, спец. дыеты і інш.).
т. 13, с. 229
РАДЫЕТАКСІ́НЫ,
нізкамалекулярныя біялагічна актыўныя рэчывы рознай прыроды, якія ўтвараюцца ў тканках арганізма пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення. Удзельнічаюць у фарміраванні прамянёвых пашкоджанняў: тармозяць і скажаюць сінтэз ДНК, прыгнятаюць мітозы, выклікаюць аберацыі храмасом, інтэрфазную гібель клетак, змяняюць пранікальнасць біял. мембран, спыняюць рост тканак.
т. 13, с. 229
РАДЫЕХІРУРГІ́Я (ад радые... + хірургія),
метад лячэння злаякасных пухлін чалавека, заснаваны на выкарыстанні прамянёвай тэрапіі ў час аперацыі з выкарыстаннем дыстанцыйнага або ўнутрытканкавага апрамянення пухліны (ці яе ложа). Узнікла ў сувязі з абмежаванымі магчымасцямі выкарыстання дыстанцыйнага апрамянення глыбока размешчаных пухлін. У аперабельных выпадках пухліна выдаляецца, пасля чаго ў тканкі, якія складаюць ложа пухліны, а таксама па шляхах лімфаадтоку ўводзяць кобальт (60Co), каліфорній (252Cf, ірыдый (192Ir), ёд (125I) і інш. Пры немагчымасці правядзення аперацыі забяспечваецца доступ да пухліны (хірург. шляхам), увядзенне ў яе гэтых прэпаратаў; праз некалькі дзён прэпараты дастаюць. Пры Р. ў час аперацыі таксама ўводзяць радыеактыўныя прэпараты з дапамогай мікраселектрона. Выкарыстоўваецца аднаразовае дыстанцыйнае апрамяненне (з дапамогай апаратаў блізкафокуснай рэнтгенатэрапіі). Прапанавана выкарыстанне высокаэнергет. электронаў, якія генерыруюцца лінейнымі або цыклічнымі паскаральнікамі. Метады Р. маюць рэальную магчымасць мінім. апрамянення нармальных тканак і макс. апрамянення пухлін і зон рэгіянарных метастазаў шляхам рэгулявання энергіі электроннага пучка і выкарыстання тубусаў або спец. фарміруючых блокаў, што зніжае частату мясц. рэцыдываў і пасляаперацыйных ускладненняў у анкалагічных хворых.
Літ.:
Козлова А.В. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М. 1976;
Голдобенко Г.Г., Чехонадский В.Н., Ожерельев А.С. Интраоперационное облучение злокачественных опухолей // Мед. радиология. 1989. Т. 34, № 9;
Coquard R. et al. Intraoperative radiotherapy in resected pancreatic cancer: feasibility and results // Radiotherapy and oncology. 1997. Vol. 44.
Н.А.Арцёмава.
т. 13, с. 230
РА́ДЫЁ (ад лац. radio выпрамяняю),
спосаб перадачы інфармацыі з дапамогай радыёхваль. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца з 1920-х г.
7.5.1895 А.С.Папоў прадэманстраваў Рускаму фіз.-хім. т-ву маланкаадзначнік (разрадаадзначнік) — першы ў свеце радыёпрыёмнік. У 1896 Г.Марконі таксама выкарыстаў эл.-магн. ваганні для радыёсувязі (перадатчык і прыёмнік Марконі паўтаралі прынцып апаратаў Папова). Першы перыяд развіцця Р. характарызаваўся выкарыстаннем іскравых тэлегр. радыёперадатчыкаў. У пач. 20 ст. з’явіліся дугавыя і машынныя генератары высокай частаты. Вынаходства электронных лямпаў дало магчымасць атрымліваць эл.-магн. ваганні розных частот, узмацняць іх і выконваць пераўтварэнні ваганняў для перадачы сігналаў любой формы і складанасці, што стала пачаткам радыёвяшчання. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася выкарыстанне электронных і паўправадніковых прылад. Тэхніка высокачастотных ваганняў шырока ўкаранілася ў розныя галіны навукі, тэхнікі, прам-сці, дала магчымасць стварыць самастойныя галіны: радыёастраномію, радыёлакацыю, радыёнавігацыю, тэлебачанне і інш.
А.Л.Ткачэнка.
т. 13, с. 230
РАДЫЁ...,
частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны іх да радыё, напр., радыёхвалі.
т. 13, с. 230