РА́ДА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, паны-рада,
найвышэйшы орган дзярж. улады ў ВКЛ. У раду ўваходзілі вышэйшыя асобы дзяржавы (маршалак, гетман, канцлер, падскарбі, ваяводы, кашталяны, некат. старосты і інш.), каталіцкія епіскапы, найбуйнейшыя феадалы. Узнікла як дапаможны орган пры вялікім князю, у 15 ст. набыла большую самастойнасць. Была пастаянна дзеючым выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, кантралюючым і суд. органам. Да яе кампетэнцыі належалі: выбранне вял. князя, абарона дзяржавы, міжнар. справы, выданне законаў, разгляд найважнейшых суд. спраў. Для вырашэння гэтых пытанняў рада збіралася ў поўным складзе ці выносіла іх на разгляд сойма. Прававое становішча рады замацавана ў прывілеях 1492 і 1506; у Статуце ВКЛ 1588 яе паўнамоцтвы і парадак іх ажыццяўлення не атрымалі дастатковага замацавання і вызначаліся звычаямі.
Літ.:
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.
І.А.Юхо.
т. 13, с. 203
РА́ДА НАРО́ДНЫХ МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада Міністраў БНР. Сфарміравана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі замест Народнага сакратарыята Беларусі ў адпаведнасці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11.10.1918. У склад 1-й Р.н.м. (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф): А.Луцкевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я.Варонка (міністр унутр. спраў) В.Захарка (нам. старшыні да вер. 1919, міністр фінансаў), Л.Заяц (дзярж. кантралёр), А.Ладноў (міністр ваен. спраў), А.Смоліч (міністр асветы), А.Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пазней Варонку на пасадзе міністра змяніў К.Цярэшчанка. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР. на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найвышэйшая рада пацвердзіла паўнамоцтвы кабінета Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасля адстаўкі Луцкевіча (28.2.1920) Найвышэйшая рада свой кабінет не фарміравала. 6-м урадам БНР лічыцца кабінет, створаны 13.12.1919 Нар. радай. У склад гэтай Р.н.м. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і БПС-Ф: В.Ластоўскі (старшыня), Я.Бялевіч (міністр фінансаў, з вер. 1920 А.Вальковіч), Т.Грыб (міністр унутр. спраў), К.Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), Ладноў (міністр замежных спраў, пазней Цвікевіч), Заяц (дзярж. кантралёр), Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). У выніку ганенняў з боку польск. акупац. улад кабінет Ластоўскага эмігрыраваў. Да ліст. 1920 ён знаходзіўся ў Рызе, потым у Коўне (Каўнасе). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (1921, Прага) Р.н.м. прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады на Беларусі. 1.10.1922 створаны 7-ы ўрад БНР — Дзярж. калегія на чале з П.Крачэўскім. 8-ы ўрад БНР сфарміраваны 23.8.1923. У склад Р.н.м. увайшлі Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Варонка (міністр асветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в.а. міністра фінансаў), Заяц (дзярж. кантралёр), У.Пракулевіч (дзярж. пісар). Прэзідыум Рады БНР прыняў склад гэтага кабінета «да ведама», але не зацвердзіў яго пастановай. У ліст. 1923 Р.н.м. пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канферэнцыяй (1925, Берлін) Р.н.м. абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі акты Р.н.м. правамоцнымі. Пасля канферэнцыі старшынёй Р.н.м. стаў Захарка. У 1928—43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сак. 1943 да сак. 1946 старшынёй Рады БНР і Р.н.м. быў М.Абрамчык. З чэрв. 1948 Р.н.м. не фарміравалася.
Літ.:
Гл. пры арт. Беларуская Народная Рэспубліка.
А.М.Сідарэвіч.
т. 13, с. 204
РА́ДА ПЯЦЁХ,
другі ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў маі 1918. Сфарміраваны пасля выхаду з 1-га складу Народнага сакратарыята Беларусі ў пач. мая 1918 бел. сацыялістаў-рэвалюцыянераў П.Бадуновай, Т.Грыба, Л.Зайца і сацыял-дэмакрата А.Смоліча. У склад Р.п. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў Я.Варонка (старшыня), Я.Бялевіч, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі. Правыя ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі з мэтай адхіліць Р.п. стварылі Нар. сакратарыят пад кіраўніцтвам Р.Скірмунта. У выніку кампрамісу, дасягнутага паміж левымі і правымі, у чэрв. 1918 быў сфарміраваны 4-ы склад Нар. сакратарыята.
Літ.:
Гл. пры арт. Беларуская Народная Рэспубліка.
А.М.Сідарэвіч.
т. 13, с. 204
РАДБЕ́РТУС-Я́ГЕЦАЎ ((RodbertusJagetzow) Карл Іаган) (12.8.1805, г. Грайфсвальд, Германія — 6.12.1875),
нямецкі вучоны-эканаміст, адзін з заснавальнікаў тэорыі «дзярж. сацыялізму». Атрымаў юрыд. адукацыю ў Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах. Лічыў, што рухальнай сілай сацыялізму павінна стаць дзяржава; адмаўляючы класавую барацьбу, сцвярджаў, што перабудова грамадства павінна ажыццяўляцца пры дапамозе дзярж. сац.-эканам. рэформ. Распрацоўваў праблему вартасці тавару. Лічыў, што ў якасці меры вартасці павінна выступаць праца, і прапаноўваў вартасць тавару вызначаць непасрэдна ў рабочых гадзінах шляхам выпуску «рабочых грошай».
т. 13, с. 208
«РА́ДВАН»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 150 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Дастаеўскія, Крычынскія, Паскевічы, Радзішэўскія, Шчыты, Юдзіцкія. У чырв. полі залатая царк. харугва з 3 канцамі з махрамі, на ёй залаты кавалерскі крыж. Клейнод — над прылбіцай з каронай 5 страусавых пёраў. Вядомы з пач. 15 ст.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 208
РАДВА́Н (Ян) (?, Вільня — пасля 1591),
паэт-латыніст, адзін з заснавальнікаў жанру эпічна-гераічнай паэзіі ў ВКЛ. Паслядоўнік Вергілія сярод паэтаў Беларусі і Літвы ў 16 ст. Пач. адукацыю атрымаў у Вільні, вучыўся ў зах.-еўрап. ун-тах, дыплом атрымаў у Падуі. Падарожнічаў па Еўропе ў свіце Хадкевічаў, пазней служыў у ваяводы смаленскага Я.Абрамовіча. Найб. значны твор — лацінамоўная паэма «Radivilas, sive de vita...», больш вядомая як «Радзівіліяда» (выд. ў 1588 разам з панегірычнымі творамі Абрамовіча, А.Волана, Я.Руцкага і інш. і вершамі самога Р.). Найлепшы ўзор польска-лац. спроб адаптацыі ант. паэзіі да мясц. умоў, прасякнута патрыятызмам, праслаўляе Радзіму і яе абаронцаў. У ёй і ў «Эпіталаме на вяселле Кр. Манівіда Дарагастайскага» (1590) пры апісанні прыроды і жывёльнага свету ВКЛ прасочваецца стылявое падабенства да паэзіі Міколы Гусоўскага. Шэраг панегірычных вершаў Р. надрукаваны разам з творам Гжэгаша з Жарнаўца «Абарона пасцілы евангельскай» (1591).
Літ.:
Кавалёў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. Мн., 1993.
А.А.Скеп ’ян.
т. 13, с. 208
РАДВА́НІЧЫ ВЯЛІ́КІЯ, Вялікія Радванічы,
вёска ў Брэсцкім р-не, на р. Рыта. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдУ ад Брэста. 523 ж., 198 двароў (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Раства-Багародзіцкая царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магілы ахвяр фашызму.
т. 13, с. 208
РА́ДЖА (санскр. — князь, цар, правіцель),
княжацкі тытул у дзяржавах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Існуе са стараж. часоў, упамінаецца ў Ведах. У сярэднявеччы — правіцель невял. княства, васал махараджаў, індус паводле веравызнання. Ў час брыт. калан. панавання ў Індыі — адзін з ганаровых тытулаў буйных землеўладальнікаў-індусаў.
т. 13, с. 208
РАДЖА́НГ (Rajang),
рака на ПнЗ в-ва Калімантан, у Малайзіі. Даўж. каля 600 км, пл. басейна каля 60 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Іран, цячэ пераважна па ўзгорыстай раўніне, упадае ў Паўд.-Кітайскае м., утварае забалочаную дэльту (пл. больш за 3 тыс. км²). Мнагаводная ўвесь год. Суднаходная для марскіх суднаў ад г. Сібу.
т. 13, с. 208
РАДЖАСТХА́Н,
штат на ПнЗ Індыі. Пл. 342 тыс. км². Нас. каля 50 млн. чал. (2000), пераважна раджастханцы і хіндустанцы. Адм. ц. — г. Джайпур. На Пн — ч. Інда-Гангскай раўніны, на Пд — Дэканскае пласкагор’е. Цэнтр ч. Р. перасякае з ПдЗ на ПнУ хр. Аравалі (выш. да 1722 м). Клімат трапічны, мусонны, сухі на ПнЗ, са значнымі летнімі ападкамі на ПдУ. Пераважае ксерафітная расліннасць. У эканоміцы гал. роля належыць сельскай гаспадарцы, асабліва жывёлагадоўлі. Гадуюць коз. авечак, буйн. раг. жывёлу, вярблюдаў. Земляробства пераважна на У, на арашальных землях (мясц. віды сорга, пшаніца, кукуруза, бавоўна, алейныя і садовыя культуры). Горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць. Саматужныя промыслы. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
т. 13, с. 208