Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРЫНЁМАНСКІ КАНГЛАМЕРА́Т,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Прыгодзічы Гродзенскага р-на, на правым беразе р. Нёман, на паўн. схіле Калодзежнага рова. Уключае 4 буйныя глыбы пясчана-жвірова-галечнага кангламерату, з іх найб. даўж. 10,4 м, шыр. 6,1 м, выш. 5,9 м, у абводзе 27,6 м, аб’ём бачнай часткі 198,4 м³, маса каля 525,7 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі карбанатным растворам флювіягляцыяльных адкладаў пры напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс. г. назад.

В.​Ф.​Вінакураў.

Прынёманскі кангламерат у Гродзенскім раёне.

т. 13, с. 74

ПРЫНС-ПА́ТРЫК (Prince Patrick),

востраў у зах. ч. Канадскага Арктычнага архіпелага, у групе а-воў Пары. Тэр. Канады. 15,8 тыс. км². Паверхня — раўніна выш. да 247 м. Тундравая расліннасць. На паўд. беразе — пасёлак і метэастанцыя Моўлд-Бей.

т. 13, с. 74

ПРЫНС-Э́ДУАРД ВО́СТРАЎ (Prince Edward Island),

правінцыя на У Канады, на в-ве Прынс-Эдуард. Пл. 5,6 тыс. км². Нас. 134,6 тыс. чал. (1996). Адм. ц. і асн. порт — г. Шарлатаўн. Востраў нізінны і раўнінны. Выш. да 137 м. Пераважаюць хвойныя і шыракалістыя лясы. На паўн. беразе — нац. парк. Асн. галіны гаспадаркі — жывёлагадоўля, пушная зверагадоўля, рыбалоўства, лясная і дрэваапр. прам-сць. Здабыча каменнага вугалю, прыроднага газу, руд урану і ванадыю. Вырошчваюць бульбу, агародніну, фрукты, тытунь. Транспарт марскі, аўтамаб. і чыгуначны. Востраў звязаны з мацерыком чыг. паромам. Турызм.

т. 13, с. 74

ПРЫ́НТЭР (ад англ. printer друкар),

прылада для аўтам. друку вынікаў апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ. Адносіцца да знакасінтэзавальных друкавальных прылад. Адрозніваюць П. кантактавага друку (маюць друкавальную, як і ў пішучых машынках, ці ігольчастую галоўку) і бескантактавага друку (струменныя і лазерныя), якія дазваляюць атрымліваць якасныя каляровыя відарысы.

т. 13, с. 74

ПРЫНЦ (ням. Prinz, франц. prince ад лац. princeps першы, галоўны),

тытул няцарствуючай асобы каралеўскага ці інш. ўладарнага дому ў Зах. Еўропе. У П. — наследнікаў прастола, якія атрымлівалі ва ўдзел родавую правінцыю, яе назва ўключалася ў тытул: напр., П. Уэльскі (з 1301), П.​Астурыйскі (з 1388), П. Неапалітанскі (з 1735). У герм. манархіях 19 ст. старэйшы сын правячага герцага ці князя наз. наследны П. Пры Напалеоне ПІ у Францыі наследнік прастола наз. імперскім П. У герм. імперыі П. кароны (кронпрынц) тое, што франц. дафін ці рас. царэвіч. У некат. еўрап. краінах асобы, якія часова кіравалі каралеўствам, наз. П.-рэгентамі. Тытул П. носяць наследнікі прастола ў Кувейце, Саудаўскай Аравіі, Тайландзе і некат. інш. краінах Усходу.

т. 13, с. 74

ПРЫ́НЦЫП (ад principium аснова, пачатак),

1) асноўнае, зыходнае палажэнне якой-н. тэорыі, вучэння, навукі і да т.п.

2) Унутранае перакананне ў чым-н., пункт погляду, якія вызначаюць адносіны да рэчаіснасці, нормы паводзін і дзейнасці.

3) Асноўная асаблівасць канструкцыі якога-н. механізма, прылады.

т. 13, с. 74

ПРЫ́НЦЫП (Гаўрыла) (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),

удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл. сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл. Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-й сусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.

т. 13, с. 74

ПРЫНЦЫПА́Т (ад лац. principatus кіруючая роля, імператарская ўлада),

форма ўлады ў Стараж. Рыме, асобы від манархіі, усталяваны Аўгустам у 27 да н.э. Сістэма П. фармальна захоўвала асновы рэсп. форм кіравання, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках імператара, які быў галоўнакамандуючым усімі рым. арміямі, кіраваў б.ч. правінцый, быў вышэйшым апеляцыйным суддзёй імперыі і практычна галоўным заканадаўцам. Перыяд П., т.зв. Ранняй Імперыі, ахоплівае праўленне дынастый Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192].

Літ.:

Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 75

ПРЫНЦЭ́СЫ ЕЛІЗАВЕ́ТЫ ЗЯМЛЯ́ (Princess Elizabeth Land),

частка тэр. Усх. Антарктыды, паміж 73° і 88° у. д., якая абмываецца морамі Садружнасці і Дэйвіса. Тоўшча ледавіковага покрыва 1000—1500 м, на ўзбярэжжы — участкі скал, свабодныя ад лёду (аазіс Вестфаль). Адкрыта брыт.-аўстр.-новазел. экспедыцыяй Д.​Моўсана ў 1931 і названа імем англ. прынцэсы (цяпер каралева Вялікабрытаніі Лізавета II).

т. 13, с. 75

ПРЫНЦЭ́СЫ РА́ГНХІЛЬ БЕ́РАГ (Princess Ragnhild Coast),

частка ўзбярэжжа Зямлі Каралевы Мод (Усх. Антарктыда), паміж 20°30′ і 34°00′ у. д. Акаймаваны шэльфавымі ледавікамі шыр. 10—50 км, якія цягнуцца ўздоўж узбярэжжа, пераходзяць у ледавіковы схіл і ледавіковае плато Нансенісен (выш. да 3000 м). На яго паўн. мяжы ўзвышаюцца горы Сёр-Рондане і Бельжыка (выш. да 3630 м). Адкрыты ў 1931 нарв. экспедыцыяй Г.​Ісаксена і Я.​Рысер-Ларсена. Названы імем нарв. прынцэсы.

т. 13, с. 75