Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

ПРЫВІЛЕ́Й 1506,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Жыгімонтам I Старым у Гродне 7.12.1506 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Складаецца з 7 артыкулаў. П. пацвердзіў «усе правы, вольнасці і граматы», выдадзеныя цэрквам, духоўным і свецкім феадалам, «гарадам, мяшчанам, жыхарам і наогул асобам усіх саслоўяў і стану». Такім чынам, былі замацаваны юрыд. нормы, запісаныя ў прывілеях асобным землям (княствам), валасцям і гарадам ВКЛ. П. 1506 пацвердзіў асн. палажэнні Прывілея 1492. Новым быў запіс аб праве падданых падаваць чалабітныя і скаргі на дзеянні адміністрацыі. Падкрэслівалася, што абранне вял. князя адбылося са згоды ўсіх падданых і жыхароў дзяржавы, хоць яно праводзілася на з’ездзе (сойме) баяр. П. адрасаваны ўсяму насельніцтву ВКЛ. Напісаны на лац. мове. Выданнем П. 1506 завяршыўся этап развіцця бел. дзярж. права ў выглядзе прывілеяў. Наступныя агульнадзярж. прывілеі 1529, 1547 і 1551 толькі паўтаралі і пацвярджалі палажэнні папярэдніх. На новым этапе развіцця бел. права адбывалася кадыфікацыя юрыд. норм у выглядзе Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

ПРЫВІЛЕ́Й 1563,

гл. Віленскі прывілей 1563.

т. 13, с. 58

ПРЫВІЛЕ́Й 1564,

гл. Бельскі прывілей.

т. 13, с. 58

ПРЫВІЛЕ́Я,

ільгота; выключнае права, якім карыстаецца хто-н. у адрозненне ад іншых.

т. 13, с. 58

ПРЫВІ́СЛІНСКІ КРАЙ,

агульная назва ў Расійскай імперыі 10 губерняў Каралеўства Польскага ў 1867—1917. Да 1875 намесніцтва, потым генерал-губернатарства, цэнтр — Варшава.

т. 13, с. 59

ПРЫВО́Д у праве,

прымусовае суправаджэнне (дастаўленне) органамі міліцыі падазронага, абвінавачанага, а таксама пацярпелага, сведкі ў суд, органы дазнання або да пракурора і следчага ў выпадку іх няяўкі без уважлівай прычыны па выкліку. Адбываецца паводле матываванай пастановы органа дазнання, следчага, пракурора ці вызначэння суда, якія накіроўваюцца для выканання адпаведнаму органу ўнутр. спраў. На Беларусі парадак і ўмовы ажыццяўлення П. рэгламентуюцца крымін.-працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 59

ПРЫВО́Д,

энергасілавая канструкцыя, якая прыводзіць у рух рабочыя машыны і механізмы. Складаецца з крыніцы энергіі (рухавік або прыстасаванне, што аддае назапашаную энергію — спружынны, інерцыйны, гіравы механізмы), перадатачнага механізма (мех., гідраўл., пнеўматычная, эл. і камбінаваная перадача) і апаратуры кіравання (ручная, паўаўтам. і аўтам.). Выкарыстоўваецца таксама ручны і нажны П. (у ручных лябёдках, швейных машынах, мясарубках, веласіпедах і інш.).

Бывае групавы (рух ад аднаго рухавіка перадаецца групе машын ці механізмаў праз адну або некалькі трансмісій — сілавых перадач), індывідуальны (кожная рабочая машына мае ўласны рухавік з перадачай) і шматрухавіковы (асобныя рабочыя органы машыны прыводзяцца ў рух асобнымі рухавікамі са сваімі перадачамі); стацыянарны (на раме ці фундаменце, пераважна электрычны прывод), перасоўны (на рухомых рабочых машынах) і транспартны (на розных трансп. сродках) — з цеплавымі рухавікамі (у т. л. ўнутр. згарання) і непасрэднай мех. ці эл. перадачай. У вытв-сці выкарыстоўваюцца таксама гідрапрывод і пнеўмапрывод, у якіх энергія сціснутых вадкасцей або паветра пераўтвараецца ў мех. энергію гідра- і пнеўмарухавікамі. У П. найб. часта выкарыстоўваюцца рэдуктары, мультыплікатары, каробкі перадач, варыятары, гнуткія валы.

т. 13, с. 59

ПРЫВО́ЛЖСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.

На У Усх.-Еўрап. раўніны, уздоўж правага берага р. Волга ад г. Ніжні Ноўгарад да г. Валгаград. Выш. 375 м (Жыгулі). Складзена з мезазойскіх і палеагенавых пяскоў, глін, мергеляў, мелу, апокаў. Усх. і паўн. схілы стромкія, зах. — спадзістыя. Пераважае эразійны рэльеф, месцамі развіты карст. Асобныя часткі наз. гарамі (Змеевыя, Жыгулі і інш.). На Пн шыракалістыя лясы, якія б.ч. змяняюцца лесастэпам, на Пд стэп. Тэр. П.ў. пераважна ўзараная. Радовішчы нафты, гаручых газаў і сланцаў, фасфарытаў, вапнякоў і інш.

т. 13, с. 59

ПРЫГАВО́РКА,

жартаўлівы выраз (звычайна ў рыфмаванай форме) для ажыўлення размовы, якога-н. дзеяння. Гл. ў арт. Выслоўе.

т. 13, с. 59