Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРОЦІАНЕМІ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі для лячэння анемій. Узмацняюць прадукцыю эрытрацытаў, ліквідуюць якасныя парушэнні ўтварэння эрытрацытаў у арганізме. Для лячэння анемій з паніжанай колькасцю гемаглабіну ўжываюць прэпараты, у якіх ёсць жалеза (напр., жалеза закіснага лактат, гемастымулін, фераплекс і інш.); пры анеміях з паменшанай колькасцю эрытрацытаў і павышаным насычэннем іх гемаглабінам — прэпараты вітаміну B12 і фоліевай кіслаты; пры анеміях, што развіваюцца ў выніку прыгнечвання функцыі касцявога мозга, — сродкі, якія стымулююць функцыю касцявога мозга (эрытрапаэтын, калоніястымулюючыя фактары).

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 43

ПРОЦІВАГА́З,

прыстасаванне для індывідуальнай аховы органаў дыхання і твару чалавека ад уздзеяння атрутных, радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Сухі фільтравальны П. распрацаваны рас. хімікам М.​Дз.Зялінскім (1915). П. бываюць фільтравальныя і ізалявальныя. Фільтравальны ачышчае заражанае паветра праз аэразольны фільтр і шыхту процівагазавай каробкі. Выкарыстоўваецца, калі ў паветры дастаткова кіслароду. Маса каля 2 кг. Ізаляваныя П. бываюць на хімічна звязаным кіслародзе і са сціснутым кіслародам (паветрам). Выкарыстоўваюцца, калі ў паветры ёсць дамешкі, якія не здольны затрымліваць фільтравальны П., калі не хапае кіслароду, а таксама пад вадой. Маса 4—16 кг. У некат. галінах прам-сці і сельскай гаспадарцы карыстаюцца П. і рэспіратарамі. Спец. П. існуюць для жывёлы.

Процівагаз. а — фільтравальны; б — кіслародны ізалявальны (1 — шлем-маска; 2 — клапанная каробка; 3 — гапкалітавы патрон; 4 — злучальная трубка; 5 — процівагазная каробка; 6 — вугаль-каталізатар; 7 — ватная пракладка; 8 — процідымны фільтр; 9 — балон з кіслародам; 10 — дыхальны мяшок; 11 — рэгенератыўны патрон).

С.​А.​Акружко.

т. 13, с. 43

ПРОЦІГІСТАМІ́ННЫЯ СРО́ДКІ, антыгістамінныя сродкі,

лекавыя сродкі, якія блакіруюць рэцэптары тканак, адчувальныя да гістаміну (напр., пры алергічным стане, павышанай сакрэцыі салянай к-ты страўнікавымі залозамі і інш.). Класіфікуюць у залежнасці ад рэцэптараў, з якімі яны ўзаемадзейнічаюць. Адрозніваюць H1-, H2-, H3- блакатары. Да H1-блакатараў адносяць дымедрол, супрасцін, тавегіл і інш. (ужываюць для лячэння алергіі), да H2- блакатараў — цыметыдзін, ранітыдзін і інш. (выкарыстоўваюць пры лячэнні язвавай хваробы страўніка і 12-ці перснай кішкі, гіперацыдных гастрытаў).

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

ПРОЦІДЫЯБЕТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, антыдыябетычныя сродкі,

лекавыя сродкі для лячэння дыябету цукровага. Зніжаюць колькасць глюкозы ў крыві. Да іх адносяць прэпараты інсуліну (з падстраўнікавых залоз свойскіх жывёл), цукразніжальныя сінт. прэпараты. Адрозніваюць прэпараты інсуліну кароткачасовага дзеяння — 6—8 гадз. (просты інсулін, суінсулін), сярэдняй працягласці — 12—18 гадз (Б-інсулін, суспензія цынк-інсуліну аморфная) і працяглага дзеяння — 24—30 гадз (суспензія цынк-інсуліну). Ужываюць таксама прэпараты чалавечага інсуліну (у параўнанні з жывёльнымі радзей выклікае пабочныя эфекты), напр., хумалог, хумулін, ультратард. Да сінт. П.с. адносяць вытворныя сульфанілмачавіны (бугамід, хлорпрапамід, букарбан і інш.) і бігуаніды (напр., глібутыд).

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

ПРОЦІЗАПАЛЕ́НЧЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя прэпараты для памяншэння або ліквідацыі запаленчых рэакцый. Падзяляюць на стэроідныя і нестэроідныя. Да стэроідных адносяць глюкакортыкастэроіды — гарманальныя прэпараты кары наднырачнікаў і іх сінт. заменнікі (гідракартызон, прэднізалон і інш.), яны валодаюць моцным імунадэпрэсіўным дзеяннем. Стэроідныя П.с. выкарыстоўваюць для лячэння міякардытаў, вострых і хранічных нефрытаў, гепатытаў і інш. запаленчых хвароб. Мясцова стэроідныя П.с. ўжываюць у дэрматалогіі, афтальмалогіі, отарыналарынгалогіі. Да нестэроідных П.с. адносяць вытворныя карбонавых к-т, піразалону і аксікаму. З групы карбонавых к-т найб: пашыраны саліцылаты (ацэтылсаліцылавая к-та), вытворныя фенілпрапіёнавай, індалвоцатнай і інш. кіслот. Нестэроідныя П.с., акрамя асн. дзеяння, часта выкарыстоўваюць як гарачкапаніжальныя сродкі, пры галаўным болі.

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

ПРОЦІЗАЧА́ТКАВЫЯ СРО́ДКІ, кантрацэптывы,

сродкі, якія засцерагаюць ад цяжарнасці. Адрозніваюць мех. і хім. П.с., якія выконваюць бар’ерную функцыю і перашкаджаюць злучэнню сперматазоіда і яйцаклеткі, гарманальныя П.с., якія парушаюць фізіял. механізмы ўзнаўлення патомства. Да мех. П.с. адносяць прыстасаванні, якія прадухіляюць пранікненне сперматазоідаў у матку або перашкаджаюць развіццю ў матцы аплодненай яйцаклеткі (прэзерватывы, гумавыя дыяфрагмы, каўпачкі, унутрыматачныя сродкі). Мужчынскі прэзерватыў — адзін з найб. эфектыўных сродкаў прафілактыкі венерычных захворванняў і СНІДу. Унутрыматачныя П.с. ўводзяць у поласць маткі (могуць мець і лек. сродкі). Да хім. П.с. мясц. дзеяння адносяць рэчывы, якія выклікаюць гібель сперматазоідаў, што трапілі ў похву (напр., слабыя арган. к-ты, экстракты некат. раслін). Хім. П.с. часта камбінуюць паміж сабой і выкарыстоўваюць у выглядзе спец. паст, парашкоў і інш. Пашыраны гарманальныя лек. П.с., якія прадухіляюць цяжарнасць шляхам прыгнечвання авуляцыі і сперматагенезу, зменай уласцівасцей слізі шыйкі маткі і інш. У якасці пераральных гарманальных П.с. выкарыстоўваюць сінт. аналагі жан. палавых гармонаў або іх камбінацыі.

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

ПРОЦІЗЗЯ́ННЕ,

слабае свячэнне, якое назіраецца на начным небе ў месцы, дыяметральна процілеглым Сонцу. Абумоўлена рассеяннем сонечнага святла пылавымі часцінкамі міжпланетнага асяроддзя. Мае форму эліпса, вял. вось якога накіравана ўздоўж экліптыкі. Сярэднія вуглавыя памеры (6—8°) х (10—13°). Сярэдні кантраст над фонам начнога неба 10—12% (макс. — 20%). Форма, памеры і яркасць залежаць ад сонечнай актыўнасці. Найлепшыя ўмовы назірання вясной і восенню. Гл. таксама Задыякальнае святло.

т. 13, с. 44

ПРОЦІКА́ШЛЕВЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія знімаюць кашаль шляхам прыгнечвання цэнтр. і (або) перыферычных звёнаў кашлевага рэфлексу. Адрозніваюць П.с. цэнтр. дзеяння (прыгнечваюць функцыю кашлевага цэнтра) і перыферычнага (памяншаюць паток аферэнтных імпульсаў у ц. н. с. з запалёных слізістых абалонак дыхальных шляхоў). П.с. цэнтр. дзеяння падзяляюць на апіоідныя (наркатычныя) і неапіоідныя (ненаркатычныя). Апіоідныя П.с. — алкалоіды опіуму ці сінт. аналагі марфіну (кадэін, этылмарфін) — валодаюць таксама актыўнасцю анальгетыкаў, зніжаюць адчувальнасць дыхальнага цэнтра, павышаюць тонус бронхаў і інш. (пры працяглым ужыванні наркатычныя П.с. выклікаюць лек. залежнасць). Да ненаркатычных П.с. цэнтр. дзеяння адносяць глаўцын і акселадзін; да П.с. перыферычнага дзеяння — лібексін. Процікашлевай актыўнасцю валодаюць таксама рэчывы, якія аказваюць слабае анестэзійнае ўздзеянне на слізістыя абалонкі (ментол, фалімінт). П.с. ўжываюць пры сухім кашлі, пры кашлі з макротай П.с. проціпаказаны.

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

ПРОЦІЛЕ́ГЛАСЦЬ,

адносіны ўзаемнага выключэння бакоў; кожны з 2 бакоў, які ўваходзіць у структуру супярэчнасці. Гл. Супярэчнасць дыялектычная.

т. 13, с. 44

ПРОЦІЛЕ́ГЛАЯ ТЭАРЭ́МА,

тэарэма, якая атрымліваецца заменай умовы і высновы дадзенай зыходнай (прамой) тэарэмы на іх адмаўленні. Напр., для тэарэмы «калі ў чатырохвугольніку сума процілеглых вуглоў роўная 180°, то вакол гэтага чатырохвугольніка можна апісаць акружнасць» П.т. будзе «калі ў чатырохвугольніку сума процілеглых вуглоў не роўная 180°, то вакол гэтага чатырохвугольніка нельга апісаць акружнасць». П.т. раўнасільная. адваротнай тэарэме.

т. 13, с. 44