Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСІНТО́РФ,

рабочы пасёлак у Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобласці. За 16 км ад г. Дуброўна, 7 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск. 1,7 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы па здабычы торфу. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Узнік у 1927 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства па нарыхтоўцы паліва для БелДРЭС. З 27.9.1938 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі; дзейнічала Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1946 у Арэхаўскім, з 1956 у Аршанскім, з 1965 у Дубровенскім р-нах.

т. 2, с. 31

АСІНТО́РФСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943 у раёне прадпрыемства «Асінторф», чыг. ст. Асінаўка Дубровенскага р-на, гідрастанцыі БелДРЭС. Аб’ядноўвала каля 50 чал. Кіруючы састаў: Г.Г.Амельчанка, С.П.Шмуглеўскі, Я.У.Вільсоўскі, Л.К.Букацік, В.Ф.Агурцоў. Баявыя групы былі ў г. Дуброўна, рабочых пасёлках Цэнтральны, № 1, 2, 3, 5, 6, 8, 11, в. Азёры, Замоські, Заполле, Судзілавічы, у Асінторфскім лагеры ваеннапалонных. Падпольшчыкі здабывалі для партызанаў зброю, боепрыпасы, дакументы, медыкаменты, пропускі, звесткі пра дыслакацыю войскаў праціўніка, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных, ратавалі людзей ад вывазу ў Германію, перапраўлялі іх да партызанаў і за лінію фронту. Патрыёты ўзарвалі чыг. мост, спалілі плаціну помпавай станцыі, вывелі са строю сістэму гідраторфу, знішчылі 3 склады боепрыпасаў, ваен. маёмасці і гаручага, спалілі дом адпачынку ням. афіцэраў, псавалі тэлеф. сувязь, машыны і абсталяванне. У кастр. 1943 уліліся ў 16-ю Смаленскую партыз. брыгаду.

т. 2, с. 31

АСІНХРО́ННАЯ МАШЫ́НА,

электрычная машына пераменнага току, у якой частата вярчэння ротара не супадае з частатой вярчэння магнітнага поля, што ствараецца пераменным (звычайна 3-фазным) токам у абмотках статара. Прынцып дзеяння заснаваны на ўзаемадзеянні паміж магнітным полем, што адварочваецца, і пераменным токам, які наводзіць гэта поле ў абмотках ротара. У залежнасці ад спосабу выканання ротарнай абмоткі асінхронныя машыны падзяляюцца на каротказамкнутыя і з фазным ротарам. Могуць служыць асінхронным электрарухавіком, асінхронным генератарам, электрамагнітным тормазам, індукцыйным рэгулятарам.

т. 2, с. 31

АСІНХРО́ННЫ ГЕНЕРА́ТАР,

асінхронная машына, якая працуе ў генератарным рэжыме (першасны рухавік круціць ротар у адным напрамку з магнітным полем, але з большай частатой). Асінхронныя генератары выкарыстоўваюцца ў асноўным як дапаможныя крыніцы эл. току невял. магутнасці і як тармазныя прыстасаванні ў электрапрыводзе.

т. 2, с. 31

АСІНХРО́ННЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

асінхронная машына, якая працуе ў рухальным рэжыме. Частата вярчэння Асінхроннага электрарухавіка рэгулюецца зменай ліку пар полюсаў, частаты сілкавальнага току, супраціўлення ў ланцугу ротара, а таксама каскадным уключэннем некалькіх машын. Напрамак вярчэння асінхроннага электрарухавіка мяняюць пераключэннем любых дзвюх фазаў абмоткі статара. Асінхронныя электрарухавікі выкарыстоўваюцца як асн. рухавікі ў электрапрыводзе. Магутнасць ад некалькіх ват да дзесяткаў мегават.

т. 2, с. 31

АСІ́ПАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на ПдЗ ад г. Вілейка, 100 км ад Мінска, 3,5 км ад чыг. ст. Чырвоны Беражок. 424 ж., 168 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 31

АСІ́ПАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Галоўчыцкім с/с Драгічынскага р-на Брэсцкай вобласці. Цэнтр калгаса. За 28 км ад Драгічына, 106 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Вулька-Антопальская. 509 ж., 205 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 31

АСІПЕ́НКА Алесь

(Аляксандр Харытонавіч; 7.9.1919, в. Пушкары Віцебскага р-на — 6.8.1994),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры БССР (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955). У Айч. вайну партызан. З 1966 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1972 гал. рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», у 1976—80 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Першы зб. апавяданняў «Лёд растае» (1958). Асн. тэмы твораў — гераізм народа ў барацьбе з фашызмам, партыз. рух, пасляваен. аднаўленне (раман «Вогненны азімут», 1965; аповесці «Жыта», 1966; «Два дні і дзве ночы», 1976; апавяданні), жыццё вёскі і горада, сац. і маральна-этычныя праблемы (раманы «Непрыкаяны маладзік», 1971—80, Літ. прэмія імя І.Мележа 1981; «Лабірынты страху», 1992; аповесці «Дысертацыя», «Няроўнай дарогай», абедзве 1957; «Паплавы», 1958; «Абжыты кут», 1963; апавяданні). Па сцэнарыях Асіпенкі пастаўлены маст. фільмы «Пяцёра адважных» (1971), «Надзейны чалавек» (1975), «Кожны трэці» (1980, з Н.Сафаравым), тэлефільм «Ясь і Яніна» (1974, з С.Паляковым), дакумент. фільм «Трывогі першых птушак» (1986) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1989—90.

Літ.:

Быкаў В. Таленавітая аповесць // Полымя. 1964. №7;

Кухараў С. Акрыленасць душы // Полымя. 1979. № 9;

Савік Л. Падзеі, час, людзі // Полымя. 1981. № 1;

Грамадчанка Т. З увагай да звычайнага // Полымя. 1983. № 6.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 31

АСІПЕ́НКА Паліна Дзянісаўна

(8.10.1907, с. Асіпенка Бярдзянскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 11.5.1939),

савецкая ваен. лётчыца. Маёр (1939), Герой Сав. Саюза (1938). Устанавіла 5 міжнар. авіяц. рэкордаў для жанчын. Разам з М.Расковай і Грызадубавай на самалёце «Радзіма» здзейсніла беспасадачны пералёт Масква — Д. Усход (1938). Загінула пры выкананні службовых абавязкаў.

т. 2, с. 32

АСІПЕ́НКА Раіса Васілеўна

(н. 8.12.1926 Гомель),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Бел. кансерваторыю (1951, клас. Я.Віцінга). У 1951—82 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вылучалася драм. тэмпераментам, добрай вак. школай. Сярод партый: у нац. рэпертуары Алеся («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Саўка («Марынка» Р.Пукста), Надзея Дурава (у аднайм. оперы А.Багатырова), Мальвіна («Калючая ружа» Ю.Семянякі), Васілеўна і Маці («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера); у класічным — Ядвіга («Страшны двор» Манюшкі), Ваня («Іван Сусанін» М.Глінкі), Вольга («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Клітэмнестра («Арэстэя» С.Танеева), Зібель («Фауст» Ш.Гуно).

т. 2, с. 32