Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЛЁНКАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, плёнкаўтваральнікі,

рэчывы (звычайна алігамеры ці палімеры), здольныя ўтвараць шчыльныя, трывалыя плёнкі пры нанясенні іх на цвёрдую паверхню; асн. кампаненты лакафарбавых матэрыялаў. Паводле паходжання адрозніваюць прыродныя (напр., высыхальныя алеі, смолы прыродныя) і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт. П.р., на аснове якіх атрымліваюць лакафарбавыя пакрыцці з больш стабільнымі і разнастайнымі характарыстыкамі, чым на аснове прыродных.

Большасць П.в. — рэакцыйназдольныя алігамеры разгалінаванай ці лінейнай будовы (алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, меламіна-фармальдэгідныя, поліэфірныя і эпаксідныя смолы, некаторыя супалімеры акрылатаў). У якасці П.р. выкарыстоўваюць таксама параўнальна нізкамалекулярныя (напр., поліакрылаты, хлорзмяшчальныя палімеры) і высокамалекулярныя палімеры (гл. Парашковыя фарбы). Паводле рэакцыйнай здольнасці падзяляюць на П.р. неператваральныя, ці абарачальныя (тэрмапластычныя), якія ўтвараюць плёнку ў выніку выпарэння растваральніку, і ператваральныя, ці неабарачальныя (тэрмарэактыўныя), якія пры фарміраванні пакрыцця ператвараюцца ў сеткавыя палімеры ў выніку рэакцый полікандэнсацыі ці полімерызацыі па функц. групах (гл. Ацвярдзенне палімераў). Выкарыстоўваюць пераважна ў выглядзе раствораў у лятучых арган. растваральніках, водных раствораў і дысперсій.

Літ.:

Сорокин М.Ф., Кочнова З.А., Шодэ Л.Г. Химия и технология пленкообразующих веществ. 2 изд. М., 1989.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 426

ПЛЁНКІ ПАЛІМЕ́РНЫЯ,

суцэльныя слаі палімераў таўшчынёй 0,2—0,3 мм; празрыстыя эластычныя матэрыялы. Вырабляюць пераважна з сінт. палімераў (напр., поліэтылену, полівінілхларыду, поліамідаў), а таксама прыродных (напр., гідратцэлюлозныя плёнкі, найб. вядомы з іх цэлафан) і штучных палімераў, т.зв. эфірацэлюлозныя плёнкі, напр. ацэтатныя. Першыя прамысл. плёнкі выраблены ў 1899 у Вялікабрытаніі з нітратаў цэлюлозы, пазней з цэлафану.

У прам-сці П.п. атрымліваюць экструзіяй расплаваў, з раствораў палімераў: паліваннем на паліраваную паверхню (бясконцая метал. стужка або барабан) з наступным награваннем для выдалення растваральніку (сухое фармаванне) ці пры дапамозе спецсаставаў у асаджальнай ванне (мокрае фармаванне), каландраваннем пластыфікаваных палімераў (гл. Каландр), прасаваннем. Выкарыстоўваюць як упаковачныя і электраізаляцыйныя матэрыялы, аснову кіна- і фотаплёнак, магн. стужак, пакрыццё для цяпліц і парнікоў, для вырабу мембран (гл. Мембранныя метады раздзялення), святлафільтраў, ламінавання паліграфічнай прадукцыі і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 426

ПЛЁС,

больш глыбокі ўчастак рэчышча ракі, размешчаны паміж перакатамі. Звычайна ўтвараецца ў месцах павелічэння скорасці цячэння вады і інтэнсіўнага размывання дна (напр., у выгінах рэк, у звужаных рачных далінах). П. называюць таксама ч. азёр ці вадасховішчаў, адасобленыя астравамі, паўастравамі, косамі.

т. 12, с. 426

«ПЛЁТАЧКА»,

бел. нар. гульня. Гульцы (ад 6 і болей) выбіраюць «першага» і «расплятальніка». «Расплятальнік» адыходзіць убок і адварочваецца. Гульцы становяцца ў кола тварам да цэнтра, пачынаючы з «першага», па чарзе заплятаюцца (пераступаюць праз рукі, пераносяць іх над галавой і інш.), не расчапляючы рук, у адзін клубок, пасля завуць «расплятальніка», які павінен іх расплесці.

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 426

ПЛІ́ЕЎ (Грыс) (Рыгор Дзамбалатавіч; 15.10.1913, с. Рук, Паўднёвая Асеція — 17.11.1999),

асецінскі паэт, драматург, перакладчык. Нар. паэт Паўн. Асеціі (1973). Скончыў Маск. тэатр. ін-т (1935), вучыўся на Вышэйшых літ. курсах пры Літ. ін-це імя М.​Горкага (1955—57). З 1935 акцёр Паўн.-Асецінскага драм. т-ра, у 1946—48 яго дырэктар. Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў вершаў «У крылатыя гады» (1933), «Салдат» (1948), «Жыццё і смерць» (1963), «Сем чэркесак» (1967) і інш., драм. твораў у вершах (трагедыя «Чэрмен», 1949). Паэзія П. адметная музыкальнасцю, кампазіцыйнай стройнасцю, дакладнай апрацоўкай формы. Пераклаў на асецінскую мову асобныя вершы Я.​Купалы, М.​Багдановіча, некат. творы У.​Шэкспіра, А.​Пушкіна, М.​Лермантава.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1959;

Пятый кинжал: Стихи. Баллады. Поэмы. Орджоникидзе, 1972.

А.​С.​Пухаеў.

т. 12, с. 426

ПЛІ́ЕЎ (Іса Аляксандравіч) (25.11.1903, с. Стары Батакаюрт Правабярэжнага р-на Паўн. Асеціі, Расія — 6.2.1979),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1962), Герой МНР (1971). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1922. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., Паўд.-Зах., Сцяпным, 3-м Укр., 2-м Бел., 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Пад яго камандаваннем конна-механіз. група ў час Бел. аперацыі 1944 удзельнічала ў вызваленні Глуска, Слуцка, Міра, Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавіч, Слоніма, Брэста; вызначылася пры знішчэнні паўд.-бугскай групоўкі праціўніка на Украіне і ў Маньчжурскай аперацыі. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1941—70.

І.А.Пліеў.

т. 12, с. 427

ПЛІ́МУТ (Plymouth),

горад на ПдЗ Вялікабрытаніі, на п-ве Корнуал. Засн. ў 12 ст. Каля 300 тыс. ж. (2000). Порт каля ўпадзення р. Плім у прал. Ла-Манш. Цэнтр суднабудавання і суднарамонту. Рыбалавецкі цэнтр. Марская біял. лабараторыя і акварыум. Ваенна-марская база. Музей і маст. галерэя. Цэрквы 15 і 17 ст., цытадэль 17 ст.

т. 12, с. 427

ПЛІМУТРО́К (ад англ. Plymouth Rock),

мяса-яечная парода курэй, выведзеная ў ЗША у 19 ст. Паводле колеру апярэння вылучаюць 8 іх разнавіднасцей, найб. пашыраны белыя і паласатыя. Паласатыя выведзены скрыжаваннем чорных іспанскіх курэй, белых кахінхінаў, паласатых дамініканскіх і інш. парод; белыя ўзніклі як мутацыя ад паласатых ці ў выніку скрыжавання П. з белымі легорнамі. Белы П. — мацярынская форма ў скрыжаваннях для вытв-сці мясных куранят — бройлераў.

Корпус масіўны, галава невял. з прамастойным лістападобным грэбенем. Сярэдняя маса курэй 2,5—3, пеўняў 3,6—4 кг. Куры пачынаюць несціся ў 6—7 месяцаў. Яйцаноскасць 160—180 яек за год; маса аднаго — да 60 г, шкарлупіна светла-карычневая.

Плімутрок: 1 — паласаты; 2 — белы.

т. 12, с. 427

ПЛІ́НА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 5 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,87 км², даўж. 2,56 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 18,2 м, даўж. берагавой лініі 6,6 км. Пл. вадазбору 14,6 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. да 17 м, стромкія (на Пд і Пн 5—8 м), на З разараныя. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя. Ложа ўскладнена ўпадзінамі і мелямі. 2 астравы агульнай пл. 6 га. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Упадаюць 7 ручаёў і канаў, выцякае ручай у воз. Утвіна.

т. 12, с. 427

ПЛІ́НІЙ Малодшы,

Гай Пліній Цэцылій Секунд (Gaius Plinius Caecilius Secundus; 61 ці 62, г. Кома, Італія — каля 114), старажытнарымскі пісьменнік і дзярж. дзеяч. Пляменнік і прыёмны сын Плінія Старэйшага. Консул (100), імператарскі легат у прав. Віфінія і Понт (111—113). З твораў П. захаваліся 10 кн. пісьмаў і пахвальная прамова ў гонар Траяна («Панегірык»). У лістах П. вял. гіст. матэрыял, які характарызуе эканам. і паліт. жыццё ў Рым. імперыі 1—2 ст., яе культуру і побыт.

Тв.:

Рус. пер. — Письма Плиния Младшего. 2 изд. М., 1984.

Літ.:

Соколов В.С. Плиний Младший. М., 1956.

т. 12, с. 427