Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЛЕВЕ́Н ((Pleven) Рэнэ Жан) (15.4.1901, г. Рэн, Францыя — 13.1.1993),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 2-ю сусв. вайну з 1940 чл. руху «Свабодная Францыя». У 1941—44 камісар фінансаў, калоній, замежных спраў Франц. нац. к-та і Франц. к-та нац. вызвалення. У 1944—46 міністр калоній, фінансаў, нац. эканомікі Часовага ўрада. У 1946—69 дэп. Нац. сходу. У 1946—53 старшыня партыі Дэмакр. і сацыяліст. саюза Супраціўлення. Міністр нац. абароны (1949—50, 1952—54), прэм’ер-міністр (ліп. 1950 — лют. 1951 і жн. 1951 — студз. 1952) Францыі. Выступаў за стварэнне і ўмацаванне зах. саюза і НАТО. У 1950 прапанаваў праект стварэння ваен. блока зах.-еўрап. дзяржаў (Плевена план). Садзейнічаў уцягванню Францыі ў калан. вайну ў Індакітаі. Міністр замежных спраў (1958), юстыцыі (1969—73). У 1974—76 старшыня Брэтонскага рэгіянальнага савета.

т. 12, с. 421

ПЛЕВЕ́НА ПЛАН,

праект арганізацыі ваен. блока зах.-еўрап. дзяржаў, пакладзены ў аснову Парыжскага дагавора 1952, які прадугледжваў стварэнне «Еўрапейскага абарончага таварыства». Прапанаваны ў кастр. 1950 прэм’ер-міністрам Францыі Р.Плевенам (адсюль назва).

т. 12, с. 421

ПЛЕД (ад англ. plaid),

1) клятчастая тоўстая шарсцяная шаль з махрамі — прыналежнасць шатландскага нац. касцюма.

2) Прамавугольны кавалак грубай шарсцяной або паўшарсцяной тканіны, якая выкарыстоўваецца ў якасці пакрывала.

т. 12, с. 421

ПЛЕ́ЕР (ад англ. player),

малагабарытны магнітафон (ці магнітола), прызначаны толькі для узнаўлення фанаграм, звычайна праз навушнікі. Адрозніваецца адсутнасцю ўзмацняльніка запісу, гучнагаварыцеляў і інш. Існуюць таксама пішучыя П. Відэаплеер прызначаны для ўзнаўлення відэафільмаў праз тэлевізар ці на малагабарытным вадкакрышталічным экране. Ад відэамагнітафона адрозніваецца адсутнасцю радыёканала для запісу тэлевіз. праграм. Носьбітамі інфармацыі для П. з’яўляюцца аўдыё- і відэакасеты з магн. стужкай, кампакт-дыскі (у т. л. лазерныя і магнітааптычныя), а таксама цвердацельныя прылады памяці. Існуюць П., якія маюць выхад для падключэння да камп’ютэра.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 421

ПЛЕЗІЯЗА́ЎРЫ (Plesiosauria),

падатрад вымерлых марскіх паўзуноў атр. заўраптэрыгій падкл. сінаптазаўраў. Вядомы з сярэдняга трыясу да позняга мелу (каля 220—70 млн. г. назад). Вялі спосаб жыцця, падобны да сучасных ластаногіх. 3 надсям.: пістазаўрыды (Pistosauroidea), плезіязаўрыды (Plesiosauroidea), пліязаўрыды (Pliosauroidea). Жылі пераважна ў прыбярэжнай зоне. Характэрныя прадстаўнікі — эласмазаўр (Elasmosaurus), натазаўр (Nothosaurus) і інш. Рэшткі знойдзены на ўсіх мацерыках, па іх вызначаюць узрост геал. адкладаў.

Даўж. ад 1,5 да 16 м. Плезіязаўрыды мелі доўгую шыю, невял. галаву; пліязаўрыды — кароткую шыю, вял. галаву. Канечнасці адносна кароткія, ластападобныя. Пазванкоў да 150, з пляскатымі сучляноўнымі паверхнямі. Зубы канічныя, аднародныя або дыферэнцыраваныя на іклы і больш дробныя зубы. Драпежнікі.

П.​Ф.​Каліноўскі.

Плезіязаўры: 1 — эласмазаўры; 2 — натазаўр; 3 — пеланеўстас.

т. 12, с. 421

ПЛЕЙСТАСЕ́ЙСТАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ (ад грэч. pleistos найбольшы + seistos страсянуты),

вобласць зямной паверхні, у межах якой пры землетрасеннях бываюць макс. разбурэнні. Найчасцей размешчана ў эпіцэнтры ці непадалёку ад яго (напр., плошча П.в. ташкенцкага землетрасення ў 1966 роўна 20 км²). Плошча і форма П.в. залежаць ад інтэнсіўнасці землетрасення, глыбіні гіпацэнтра, характару і кірунку сіл, якія дзейнічаюць у гіпацэнтры, ад геал. будовы мясцовасці і інш.

т. 12, с. 421

ПЛЕЙСТАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), плейстацэн (ад грэч. pleistos найбольшы + kainos новы),

ніжні аддзел антрапагенавай сістэмы (перыяду), апошні адрэзак ледавіковай гісторыі Зямлі, які адпавядае найб. працяглай эпосе антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Паводле розных ацэнак П.а.(э.) доўжыўся 0,7—3,5 млн. г. і завяршыўся 0,1 млн. г. назад. Ён падзелены на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) плейстацэн або эа-, меза- і неаплейстацэн. Характарызуецца глабальным пахаладаннем клімату Зямлі і чаргаваннем у сярэдніх шыротах халодных (ледавіковых) і адносна цёплых (міжледавіковых) інтэрвалаў. Тэр. Беларусі належыць да рэгіёнаў класічнага развіцця ледавіковых з’яў і падзей у плейстацэне.

А.​Ф.​Санько.

т. 12, с. 421

ПЛЕЙСТО́Н (ад грэч. plein плысці на судне),

сукупнасць водных арганізмаў, якія трымаюцца на паверхні вады або паўпаглыбленыя ў яе. Прадстаўнікі марскога П. найб. разнастайныя. Для многіх арганізмаў з П. характэрна ўтварэнне газавых камер (напр., сіфанафора фізалія) або выдзяленне пеністых паплаўкоў (актынія мініяс, малюск янціна і інш.); інш. выкарыстоўваюць паверхневую плеўку вады як апору (напр., малюск глаўкус). З раслін да П. адносяцца, напр., саргасавыя водарасці, раска.

т. 12, с. 421

ПЛЕКСІГЛА́С (ням. Plexiglas ад лац. plexus пераплецены + ням. Glas шкло),

тэхнічная назва аптычна празрыстых пластычных мас на аснове поліметылметакрылату. Гл. Шкло арганічнае.

т. 12, с. 422

ПЛЕКСІ́Т,

пашкоджанне нервовага спляцення, утворанага пярэднімі галінамі спіннамазгавых нерваў. Адрозніваюць П. шыйны, плечавы і паяснічна-крыжавы. Прычыны ўзнікнення: траўмы (у т. л. родавая), пухліны, запаленчыя працэсы пазваночніка, суставаў і інш. Зрэдку бывае пры інфекц. хваробах (напр., ангіне, грыпе). Характарызуецца адчувальнымі, рухальнымі і трафічнымі расстройствамі. Лячэнне комплекснае, пры неабходнасці хірургічнае.

т. 12, с. 422