Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПІТУІТРЫ́Н,

водны экстракт задняй долі гіпофіза забойнай жывёлы; лекавы сродак з групы гарманальных прэпаратаў. Утрымлівае гармоны аксітацын і вазапрэсін. Выкарыстоўваюць у акушэрскай практыцы, пры нецукровым дыябеце, начным нетрыманні мачы.

т. 12, с. 391

ПІ́ТЫЙ (Pythium),

род ааміцэтавых грыбоў сям. пітыевых. Каля 140 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомы П.​Дэбарыяна (P. debaryanum). Развіваецца на ўсходах цукр. буракоў, агуркоў, капусты, радысу радыскі*, сеянцах елкі і хвоі. Узбуджальнік караняеду буракоў і чорнай ножкі.

Міцэлій аднаклетачны, разгалінаваны, тонкі, павуціністы. Зааспоры пры прарастанні ўтвараюць парастак. Аагоніі шарападобныя, антэрыдыі булавападобныя. Ааспоры адзіночныя, празрыстыя або карычняватыя. Паразітуюць на водных і наземных раслінах, шкоднікі с.-г. культур.

т. 12, с. 391

ПІТЫУ́ЗСКІЯ АСТРАВЫ́, Пітыускія астравы (Islas Pitiusas),

група астравоў у паўд.-зах. ч. Міжземнага м., у складзе Балеарскіх а-воў; тэр. Іспаніі. Пл. 760 км². Асн. в-аў Івіса (выш. да 475 м). Рэльеф узгорысты. Складзены пераважна з вапнякоў і мергеляў. Карст. Міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі. Рыбалоўства. Здабыча кухоннай солі. Марскія курорты. Порт — г. Івіса.

т. 12, с. 391

ПІТЭ́АС (Pytheas),

Піфей (4 ст. да н.э.), старажытнагрэчаскі мараплавец, астраном, матэматык і географ. Нарадзіўся ў грэч. калоніі Масалія (цяпер г. Марсель, Францыя). Паміж 350 і 320 да н.э. праплыў з Масаліі праз Гібралтарскі праліў уздоўж. зах. і паўн. берагоў Еўропы. Адкрыў а-вы Зеландыя, Вялікабрытанія і Ірландыя, п-вы Брэтань і Скандынаўскі, моры Паўн. і Ірландскае, праліў Катэгат і Біскайскі заліў, апісаў прыроду і насельніцтва в-ва Вялікабрытанія, які назваў Брытаніяй. Вызначыў сувязь паміж рухам Месяца і прыліўна-адліўнымі з’явамі акіяна, вылічыў нахіл плоскасці экліптыкі да плоскасці нябеснага экватара.

Літ.:

Авадяева Е.Н., Зданович Л.И. 100 великих мореплавателей. М., 1999;

Верн Ж. Проклятое золото: Пер. с фр. Гродно, 1994.

М.​К.​Багадзяж.

т. 12, с. 391

ПІТЭКА́НТРАП ( ад грэч. pithēkos малпа + anthrōpos чалавек),

старажытны чалавек, які жыў каля 1 млн. г. назад. Рэшткі П. (чарапная накрыўка, сцегнавая косць, фрагмент ніжняй сківіцы і 5 зубоў) знойдзены ў 1891—93 галандскім урачом Э.​Дзюбуа на в-ве Ява. П. меў пакаты лоб, нізкае скляпенне чэрапа (ёмістасць чэрапа 900 см³.), на лобнай косці выступаў надвочны валік. П. разам с сінантрапам, гейдэльбергскім чалавекам, атлантрапам належыць да найстараж. людзей — архантрапаў, якія з’яўляюцца адной са стадый у філагенетычным развіцці чалавека (гл. таксама Антрапагенез). Л.​І.​Цягака.

Пітэкантрап.

т. 12, с. 391

ПІ́ТЭРМАРЫЦБУРГ (Pietermaritzburg),

горад на У Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Засн. ў 1838. Каля 150 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць аўтамашын, пад’ёмных кранаў і інш.), хім., харчовая. Ун-т. Бат. сад. Нац. музей.

т. 12, с. 392

ПІТЭ́ШТЫ (Piteşti),

горад на Пд Румыніі, на р. Арджэш. Адм. ц. жудзеца Арджэш. Вядомы з 1388. Каля 190 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр нафтапрамысл. р-на. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., маш.-буд. (аўтамаб. і электраматорны з-ды), харч. (мясная, малочная, вінна-гарэлачная), гарбарна-абутковая, тэкст., швейная, гумавая, дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў. Музеі.

т. 12, с. 392

ПІЎНА́Я ВЫ́ВАРКА,

адход піваварнай вытворчасці, нерастваральны ў вадзе асадак соладу (піўная гушча). Змяшчае часцінкі ядзер і абалонкі зерня. У свежым і сушаным выглядзе, часцей у сумесі з інш. кармамі, выкарыстоўваецца для скормлівання с.-г. жывёлам. Хутка псуецца. У 100 кг свежай П.в. змяшчаецца 4,2 кг засваяльнага пратэіну, у 100 кг сушаных — 16,9.

т. 12, с. 392

ПІЎНІ́ЧЫ,

пасада (урад) у ВКЛ. Загадваў велікакняжацкімі піўніцамі, сачыў за якасцю і пастаўкамі піва да стала вял. князя ВКЛ. Першы вядомы П. — Мікіта Мікалаевіч (1546).

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 12, с. 392

«ПІЎНЫ́ ПУТЧ» 1923, Мюнхенскі путч, Гітлераўскі путч,

спроба захопу ўлады ў Баварыі нацыстамі і праварадыкаламі пад кіраўніцтвам А.Гітлера і Э.Людэндорфа (далучыўся па просьбе Гітлера) 8—9 ліст. Адбыўся ва ўмовах рэв. крызісу 1923 у Германіі і пад уплывам паспяховага паходу на Рым 1922 італьян. фашыстаў. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. Увечары 8 ліст. 600 узбр. нацысцкіх штурмавікоў (гл. СА) на чале з Гітлерам уварваліся ў мюнхенскую піўную залу «Бюргербройкелер» (адсюль назва путчу), дзе праходзіў афіц. мітынг з удзелам кіраўнікоў Баварыі Г. фон Кара (в.а. прэм’ер-міністра), ген. О. фон Лосава (каманд. ўзбр. сіламі) і палк. Г. фон Зайсера (нач. паліцыі); Гітлер абвясціў пачатак «нац. рэвалюцыі» і стварэнне новага ўрада. Змушаныя на словах далучыцца да «рэвалюцыянераў» і іх урада, Кар, Лосаў і Зайсер пазней здолелі ўцячы і па загадзе з Берліна мабілізавалі сілы для ліквідацыі путчу. Удзень 9 ліст. 3-тысячную калону ўзбр. путчыстаў на чале з Гітлерам, Людорфам Людэндорфам, Г.Герынгам і інш. сустрэлі ў цэнтры Мюнхена каля 100 узбр. паліцэйскіх. Пасля кароткай перастрэлкі, у ходзе якой загінулі 16 нацыстаў і 3 паліцэйскія, путчысты разбегліся. Правал путчу стаў падставай для забароны Нацыянал-сацыялісцкай партыі (да 1925), арышту і зняволення за дзярж. здраду яго лідэраў. Але асвятленне гэтай падзеі ў друку прынесла Гітлеру і яго партыі агульнагерм. вядомасць. Няўдалая спроба путчу навяла Гітлера на думку, што ў далейшым нацысцкай партыі трэба дамагацца ўлады законнымі, парламенцкімі, а не гвалтоўнымі сродкамі.

Літ.:

Мазер В. Адольф Гитлер: Пер. с нем. Мн., 2000;

Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996.

Н.​Г.​Клюева.

т. 12, с. 392