Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, значэнні якой не змяняюцца, калі да значэнняў яе аргумента дадаць (ці адняць) некаторы лік τ > 0, г.зн. 𝑓(x) = 𝑓(x + τ) = 𝑓(x − τ). Найменшы лік T з усіх лікаў τ наз. перыядам функцыі 𝑓(x). Напр. sin(x + 2π) = sinx, tg(x + π) = tgx (перыяды адпаведна 2π і π).

Для кожнай неперарыўнай П ф. 𝑓(x) ≠ const выконваецца τ = nT, дзе n = ±1, ±2, ±3, ... . Графік П.ф. атрымліваецца паслядоўнымі зрушэннямі на велічыню T у дадатным (ці адмоўным) напрамку восі Ox часткі яе графіка, пабудаванай для адрэзка a ≤ x ≤ a + T. Сума, рознасць, здабытак і дзель П.ф. з аднолькавым перыядам ёсць таксама П.ф. з тым жа перыядам. Сума П.ф. з рознымі перыядамі будзе П.ф. толькі тады, калі гэтыя перыяды сувымерныя. П.ф. выкарыстоўваюцца ў фіз. і тэхн. навуках, напр., пры вывучэнні перыяд. (напр., вагальных) працэсаў.

Л.​А.​Гусак.

Да арт. Перыядычная функцыя: T — перыяд функцыі.

т. 12, с. 325

ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ДРОБ,

бясконцы дзесятковы дроб, у якім, пачынаючы з некаторага месца, перыядычна паўтараецца пэўная група лічбаў (перыяд). Перыяд запісваюць у дужках, напр., замест 5,6666... пішуць 5,(6) і чытаюць «5 цэлых і 6 у перыядзе».

Дроб наз. чыстым, калі перыяд пачынаецца адразу пасля дзесятковай коскі, і змешаным, калі паміж коскай і перыядам ёсць інш. лічбы. Напр., 8,(3) — чысты П.д., а 2,3(41) — змешаны. Усякі П.д. — рацыянальны лік. Усякі рацыянальны лік пераўтвараецца у канечны дзесятковы дроб ці бясконцы П.д. Кожны П.д. можна пераўтварыць у звычайны дроб, дзе лічнік — рознасць паміж лікам, які стаіць паміж коскай і другім паўтарэннем перыяду, і лікам паміж коскай і перыядам; назоўнік мае лічбу 9 столькі разоў, колькі лічбаў у перыядзе, і справа ад яе дапісваецца столькі нулёў, колькі лічбаў стаіць паміж коскай і перыядам. Напр., 0,(45) = 45/99 = 5/11; 0,58(3) = (583 − 58)/900 = 525/900 = 7/12.

А.​А.​Гусак.

т. 12, с. 325

ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ДРУК,

друкаваныя выданні, якія выпускаюцца праз пэўныя прамежкі часу; адзін са сродкаў навукова-тэхнічнай масавай інфармацыі і прапаганды. Да іх адносяцца газеты, часопісы, альманахі, бюлетэні і перыяд. зборнікі, што распаўсюджваюць грамадска-паліт., сац.-эканам., культ.-асв. і навук.-тэхн. інфармацыю. Ім уласцівы рэгулярнасць выхаду (ад штодзённага да гадавога), пастаянная назва, нумарацыя (нумар выдання, выпуску і г.д.), аб’ём, як правіла, фармат, аднатыпнае афармленне. Падзяляюцца на агульнаграмадскія (змяшчаюць інфармацыю пра ўсе сферы жыцця) і вузкаспец. (навук., спарт., рэкламныя і інш.). У Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана (на 1.1.2001) 1113 перыяд. выданняў, у т. л. 731 газета, 329 часопісаў, 48 бюлетэняў, 2 альманахі, 1 каталог. Выходзіць штогадовы бібліягр. паказальнік «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». Звесткі пра сучасныя сусв. перыяд. выданні змяшчаюць «Ulrich’s International periodical directory» («Міжнародны даведнік «Улрык» па перыёдыцы», з 1932), «World list of social Science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА, з 1980) і інш. Гл. таксама ў арт. Выдавецкая справа.

Jlint.: Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981; Пресса Республики Беларусь. Мн., 1998.

С.​В.​Говін.

т. 12, с. 325

ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ЗАКО́Н МЕНДЗЯЛЕ́ЕВА,

гл. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева.

т. 12, с. 325

ПЕРЫ́ЯД ВАГА́ННЯЎ,

найменшы прамежак часу, праз які вагальная сістэма вяртаецца да зыходнага стану. Велічыня, адваротная частаце ваганняў. Паняцце «П.в.» выкарыстоўваюць як для перыядычных працэсаў (напр., гарманічныя ваганні), так і для працэсаў, дзе перыядычнасць парушаецца (гл. Затуханне ваганняў). Адзінка П.в. у СІ — секунда.

т. 12, с. 322

ПЕРЫ́ЯД ГЕАЛАГІ́ЧНЫ,

гл. ў арт. Сістэма (перыяд) геалагічная.

т. 12, с. 322

ПЕРЫ́ЯД ПАЎРАСПА́ДУ,

прамежак часу, за які колькасць радыеактыўных ядзер у сярэднім памяншаецца ў 2 разы; адна з асн. характарыстык радыеактыўных ізатопаў. Пры наяўнасці N0 радыеактыўных ядзер у момант часу t = 0 іх колькасць памяншаецца ў часе паводле закону N = N0ε​−λt, дзе λ — пастаянная распаду, τ = 1/λ — сярэдні час жыцця радыеактыўных ядзер. П.п. (T1/2) разлічваецца па формуле T1/2 = τln2 = (1η2)/λ. Для розных радыеактыўных ядзер П.п. вагаецца ад доляў секунды (для малаўстойлівых ізатопаў менш за 1 мкс) да 10​9—10​10 гадоў (гл. Радыеактыўныя элементы). Вядомы радыенукліды з П.п. 10​15—10​21 гадоў (напр., кадмій-113, волава-124, тэлур-130).

т. 12, с. 322

ПЕРЫЯСТЫ́Т (ад перы... + грэч. osteon косць),

запаленне надкосніцы. Развіваецца ў касцях пры пранікненні запаленчага працэсу з прылеглых тканак (напр., пры траўме вял. галёначнай косці ў ніжняй трэці), у выніку запаленчага працэсу самой косці або касцявога канала. Бывае П. неспецыфічнага характару (напр., траўма, бактэрыяльнае заражэнне) і спецыфічнага (сіфіліс, туберкулёз). Суправаджаецца ўшчыльненнем, пачырваненнем скуры, прыпухласцю ў вобласці надкосніцы. Пасля інфекц. хвароб П. можа захопліваць фрагменты касцей (напр., гнойны П. верхняй сківіцы пры вострым карыесе зуба). Пры туберкулёзе П. з’яўляецца адной з прыкмет пачатку працэсу. Адслаенне надкосніцы і парушэнне яе цэласнасці часта сведчаць аб злаякасным працэсе ў косці. Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. На П. хварэюць таксама жывёлы.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 325

ПЕРЭ́ ((Perret) Агюст) (12.2.1874, Брусель — 4.3.1954),

французскі архітэктар.

Ганаровы прэзідэнт Міжнар. саюза архітэктараў (з 1948). Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. З 1928 выкладаў у спец. школе архітэктуры ў Парыжы (праф.). Адзін з першых пачаў будаваць цалкам жалезабетонныя дамы: жылы дом на вул. Франкліна (1903), т-р Елісейскіх палёў (1911—13), царква Нотр-Дам у Ле-Рэнсі (1922—23) — усе ў Парыжы. Пры рэканструкцыі г. Гаўр (з 1947) выкарыстоўваў індустр. метады і стандартызацыю буд-ва.

А.Перэ. Жылы дом на вул. Франкліна ў Парыжы. 1903.

т. 12, с. 325

ПЕРЭ́ЙРА (Pereira),

горад на З Калумбіі, у даліне р. Каўка. Адм. ц. дэпартамента Рысаральда. Засн. ў 1836. Каля 500 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр раёна вытв-сці кавы і жывёлагадоўлі. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., гарбарная. 2 ун-ты.

т. 12, с. 325