Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎВО́СТРАЎ ЧАРАЎКІ́,

геалагічны (геамарфалагічны) помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Каля в. Чараўкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на паўн.-ўсх. беразе воз. Нарач. Паўвостраў уразаецца ў возера больш як на 700 м і злучаецца з карэнным берагам лагчынай-пратокай з рэшткавым возерам. У рэльефе вылучаюцца пагоркі (камы) якія ўтварыліся каля 20 тыс. г. назад.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 188

ПАЎВО́СЬ,

вал вядучага моста самаходнай колавай машыны, які перадае вярчэнне ад дыферэнцыяла на вядучае кола. Бываюць паўразгружаныя і поўнасцю разгружаныя. Паўразгружаная П. нясе на сваім канцы вядучае кола. Выкарыстоўваецца ў легкавых аўтамабілях, дзе нагрузкі на колы адносна невялікія. Поўнасцю разгружаная П. свабодна праходзіць праз адтуліны вядучага моста і злучаецца са ступіцай вядучага кола, падшыпнікі якога ўстаноўлены на бэльцы вядучага моста, якая ўспрымае папярочныя і падоўжныя сілы, што ўзнікаюць на вядучым коле. Выкарыстоўваюцца на грузавых аўтамабілях, аўтобусах, цяжкіх колавых трактарах.

т. 12, с. 188

ПАЎВЫ́ВАДКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,

група відаў птушак, у якіх птушаняты ад моманту вылуплення да пачатку самастойнага жыцця больш-менш працяглы перыяд развіваюцца ў гняздзе або паблізу ад яго і першапачаткова выкормліваюцца бацькамі. Займаюць прамежкавае становішча паміж птушанятнымі птушкамі і вывадкавымі птушкамі, біялагічна блізкія да птушанятных, марфалагічна — да вывадкавых. У арнітафауне Беларусі да П.п. належаць дзённыя драпежнікі, чайкі, чаплі і інш.

Птушаняты П.п. выходзяць з яец з адкрытымі зрокавымі і слыхавымі праходамі, з развітым эмбрыянальным пухам, здольныя праз 20—30 гадз. трымаць галаву і стаяць на нагах, але яшчэ не могуць хадзіць за дарослымі птушкамі і самастойна карміцца.

т. 12, с. 188

ПАЎГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах перыядычнага празмернага ўвільгатнення (больш за 15—20 сут за год) паверхневымі ці грунтавымі водамі. Прысутнічаюць прыкметы агляення глебы. Асаблівасці паўгідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы, падзолаўтварэнне, інтэнсіўны вынас спалучэнняў жалеза, паніжэнне акісляльна-аднаўленчага патэнцыялу, лесіваж. Марфалагічны профіль характарызуецца наяўнасцю шызых і белаватых плям з іржавымі пражылкамі, афарбоўка якіх залежыць ад ступені акіслення іонаў жалеза. На Беларусі да П.г. адносяцца дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, дзярновыя забалочаныя глебы, падзолістыя забалочаныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і інш. Займаюць больш за 30% плошчы с.-г. угоддзяў. Для с.-г. выкарыстання П.г. патрабуюць рэгулявання вільготнага рэжыму.

Л.​В.​Круглоў.

т. 12, с. 188

ПАЎГРО́Ш,

медная або білонная манета вартасцю ў палавіну гроша, у шэрагу краін Еўропы ў 14—18 ст. Упершыню выпушчаны ў 1-й пал. 14 ст. ў Чэхіі; з канца 14 ст. чаканіўся ў Кракаве. Маса ў 1399—1414 каля 1,58 г, у 1479 каля 0,92 г, у 1501—26 каля 1,02 г. У 1342—1414 выпускаўся ў Львове, у 1470—1528 у Сілезіі (маса 1,2 г). У ВКЛ П. чаканіўся з 1492 да 1565 у Вільні і ў 1566 у Тыкоціне. Вартасць літ. П. на 1/5 большая, чым польскага. У 1766 у Рэчы Паспалітай быў адноўлены выпуск П. Апошнія П. чаканіліся ў 1796—97. На Беларусі абарачаліся літ., польскія, свідніцкія П.

т. 12, с. 188

ПАЎГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з неаднароднай паўгрубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. У адрозненне ад грубашэрсных авечак воўна П.а. больш мяккая, мае пух даўж. да 8 см, восць больш тонкая. Воўну выкарыстоўваюць для вытв-сці дываноў, штучнага футра, коўдраў, тканін.

Да П.а. належаць сараджынская (Зах. Туркменістан) і таджыкская (Таджыкістан) пароды, алайская і горнакарпацкая пародныя групы. Сараджынскія П.а. маюць падцягнуты курдзюк, маса 60 кг (маткі), 80 кг (бараны); настрыг воўны 3—4,5 кг. Таджыкская парода з шырокім курдзюком, маса 70 кг (маткі), 120 кг (бараны); настрыг воўны 2,5—4 кг. Гл. таксама Авечкагадоўля.

А.​А.​Козыр.

т. 12, с. 188

ПАЎДЗЁННАЯ ЛІ́НІЯ,

лінія перасячэння плоскасці нябеснага мерыдыяна з плоскасцю матэм. гарызонта. На перасячэнні з нябеснай сферай дае пункты Пн і Пд. Уздоўж П.л. падае цень у сапраўдны поўдзень. Напрамак П.л. супадае з напрамкам геагр. мерыдыяна ў дадзеным пункце паверхні Зямлі.

т. 12, с. 188

ПАЎДНЁВАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ,

тайная рэв. арг-цыя дзекабрыстаў на Украіне і ў Бесарабіі. Створана ў сак. 1821 членамі Тульчынскай управы б. агульнарас. дзекабрысцкай арг-цыі «Саюз дабрабыту» (распалася ў пач. 1821). Узначальвалася «Дырэкторыяй» у складзе П.І.Песцеля, А.В.Юшнеўскага, М.М.Мураўёва. З 1823 падзялялася на ўправы — Тульчынскую, Каменскую і Васількоўскую, мела філіял у Пецярбургу. Праграма т-ва — «Руская праўда» Песцеля — прадугледжвала знішчэнне прыгонніцтва і ўстанаўленне рэсп. ладу. П.т.д. у 1823—25 вяло перагаворы з Патрыятычным таварыствам (дзейнічала на тэр. б. Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі), у 1825 прыняло ў свой склад Таварыства з’яднаных славян 1823—25. Спыніла існаванне пасля задушэння Чарнігаўскага палка паўстання (15.1.1826).

т. 12, с. 192

ПАЎДНЁВАЙ СІБІ́РЫ ГО́РЫ,

горная краіна на Пд Сібіры, якая ўключае Алтай, Салаірскі краж, Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саяны, горы Тывы, Прыбайкалля, Забайкалля, Станавы хрыбет, а таксама міжгорныя катлавіны: Кузнецкая, Мінусінская, Тувінская, Таджынская і інш. Пл. каля 1,6 млн. км². Горы складзены пераважна з пратэразойскіх і ніжнепалеазойскіх парод. Ва ўтварэнні рэльефу вял. ролю адыгралі мезакайназойскія і найноўшыя тэктанічныя рухі. Пераважае сярэднягорны (800—2000 м) рэльеф; для асобных хрыбтоў і масіваў характэрны высакагорны рэльеф і сучаснае зледзяненне; у перыферычнай ч. — нізкагор’і (300—800 м). Найвышэйшы пункт — г. Бялуха (4506 м). Высокая сейсмічнасць. Радовішчы руд каляровых і рэдкіх металаў, каменнага вугалю, азбесту. На схілах горна-таежныя лістоўнічныя і цемнахвойныя лясы, вышэй за 2000—2500 м — горныя тундры і альпійскія лугі; у міжгорных катлавінах стэпы.

т. 12, с. 193

«ПАЎДНЁВАРАСІ́ЙСКІ САЮ́З РАБО́ЧЫХ» 1875,

першая рэв. паліт. арг-цыя рабочых на Украіне і ў Расіі. Засн. ў пач. 1875 у г. Адэса Я.​В.​Заслаўскім. Налічваў 6 груп, 60 чл., каля 200 чал. спачувальных. У статуце «Саюза», складзеным пад уплывам статута Інтэрнацыянала 1-га сцвярджалася, што рабочыя здольны дамагчыся прызнання сваіх правоў «толькі пры дапамозе насільнага перавароту, які знішчыць усялякія прывілеі і перавагі і зробіць працу асновай асабістага і грамадскага дабрабыту». На погляды членаў «П.с.р.» моцна ўплывала народніцкая ідэалогія. «Саюз» прапагандаваў свае погляды сярод рабочых, удзельнічаў у арг-цыі 2 стачак у Адэсе, праводзіў штотыднёвыя сходкі рабочых і сходы прадстаўнікоў груп, імкнуўся пашырыць дзейнасць на гарады Мікалаеў, Харкаў, Таганрог, Севастопаль, Керч, Растоў-на-Доне, атрымліваў рэв. выданні з Лондана. У канцы 1875 — пач. 1876 «Саюз» разгромлены паліцыяй: 60 чал. арыштаваны, 15 чал., у т. л. Заслаўскі, асуджаны на розныя тэрміны катаргі, турмы і ссылкі.

В.​В.​Шамко.

т. 12, с. 193