Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАТАПНЁЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 8.6.1950, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне імуналогіі і анкагематалогіі. Д-р мед. н. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974). З 1978 у Бел. НДІ гематалогіі і пералівання крыві, з 1997 у Рэсп. навукова-практ. цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі (нам. дырэктара). Навук. працы па біялогіі і імуналогіі, рака, ролі цытакінінаў у антыінфекц. і проціпухлінным імунітэце, экалагічнай імуналогіі.

Тв.:

Спид и оппортунистические вирусные нейроинфекции. Екатеринбург, 1993 (у сааўт.);

Функциональная недостаточность Т-клеточного иммунитета ликвидаторов через 10 лет после аварии на ЧАЭС (у сааўт.) // Докл. Над. АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 4.

т. 12, с. 179

ПАТАПО́ВІЧ (Мікалай Іосіфавіч) (26.7.1922, в. Старына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1985),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну ў партыз. брыгадзе «За Савецкую Беларусь» Мінскай вобл., з 1944 на 3-м і 1-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення разведчыкаў сяржант П. вызначыўся ў баях на тэр. Літвы і Германіі: каля г. Марыямпале захапіў у ворага прычэп з боепрыпасамі; 6.2.1945 з 4 байцамі знішчыў кулямёт з разлікам; 16.4.1945 знішчыў кулямётны разлік, захапіў мінамёт, склад з мінамі.

т. 12, с. 179

ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),

украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр. вак. школы. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.​Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.​Кікаць, Я.Чарванюк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Літ.:

И.​С.​Паторжинский. М., 1976.

т. 12, с. 179

ПАТА́РЫЯ (італьян. Pataria ад назвы рынку старызнікаў у Мілане),

народны рух у 2-й пал. 11 ст. ў Мілане і інш. паўн.-італьян. гарадах супраць духавенства і гар. знаці. Пачалася ў Варэсе, Асты і Павіі выгнаннем епіскапаў, прызначаных імператарам, потым набыло форму рэліг. барацьбы прыхільнікаў Клюнійскай рэформы, якія патрабавалі незалежнасці манастыроў ад свецкай улады і ад епіскапаў, непасрэднага падпарадкавання папе, забароны сіманіі, прытрымлівання цэлібату. Рым. папа Віктар II (1055—57) пракляў правадыроў руху, папа Грыгорый VII падтрымаў П. Узброеныя сутычкі адбыліся ў Мілане, Брэшыі, Парме і П’ячэнцы. П. задушана ў 1080-я г. Садзейнічала ўтварэнню ў Паўн. Італіі ў 11 — пач. 12 ст. гарадоў-камун.

т. 12, с. 179

ПАТА́Ш [англ. potash ад pot гаршчок + ash(es) попел],

тэхнічная назва карбанату калію K2CO3. Гл. таксама Калію злучэнні.

т. 12, с. 180

ПА́ТНА,

горад на Пн Індыі, на правым беразе р. Ганг. Адм. ц. штата Біхар. Засн. ў 5 ст. да н.э. У старажытнасці называлася Паталіпутра, з 12 ст. сучасная назва. Больш за 1 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт і рачны порт. Прам-сць: баваўняная, харч., металаапр.; выраб дываноў, парчы, мэблі. Саматужныя промыслы. Ун-т; б-ка з каштоўнай калекцыяй усх. рукапісаў. Каля П. рэшткі стараж. Паталіпутры.

т. 12, с. 180

ПАТНІ́ЦА,

высыпанне на скуры тулава дробных светлых або чырв. пухіркоў, скурнае захворванне. Развіваецца ад затрымкі поту ў вывадных канальцах потавых залоз. Прычыны: пераграванне арганізма, залішняя паўната і інш. Часам суправаджаецца свербам. Пашырана ў дзіцячым узросце. Лячэнне; прысыпкі, мясцова — антысептычныя і процізапаленчыя сродкі.

т. 12, с. 180

ПАТО́КА,

пасёлак ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Ольса, на аўтадарозе Беразіно—Клічаў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 10 км на Пн ад г.п. Клічаў, 101 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Стаялава. 132 ж., 50 двароў (2000). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 12, с. 180

ПАТОКАСЧАПЛЕ́ННЕ,

поўны магнітны паток, які пранізвае эл. контур (напр., у шпулі індуктыўнасці — магн. паток, «счэплены» з усімі яе віткамі). Калі з кожным вітком шпулі індуктыўнасці «счэплены» адзін і той жа магн. паток Φ, то П. Ψ = NΦ, дзе N — агульная колькасць віткоў. Адзінка П. ў СІ — вебер.

т. 12, с. 180

ПАТО́К ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, прамяністы паток,

паток энергіі, якая пераносіцца эл.-магн. хвалямі. Шчыльнасць П.в. вызначаецца Пойнтынга вектарам. Адзінка П.в. ў СІ — ват. Гл. таксама Светлавы паток.

т. 12, с. 180