Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАПО́Ў (Юрый Лазаравіч) (н. 14.9.1929, станіца Зелянчукская Стаўрапольскага краю, Расія),

расійскі спявак (драм. барытон). Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Саратаўскую кансерваторыю (1959). З 1956 саліст Саратаўскага т-ра оперы і балета. Валодае голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай, артыстызмам. Сярод партый: Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Рыгалета, Яга («Рыгалета», «Атэла» Дж.​Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Лістрат («У буру» Ц.​Хрэннікава), Ягор Бальшоў («Руская жанчына» К.​Малчанава), Кіязо («Даісі» З.​Паліяшвілі), Моймір («Святаплук» Э.​Суханя) і інш.

т. 12, с. 70

ПАПО́ЎКА,

вёска ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Слаўгарад—Доўск. Цэнтр Васькавіцкага с/с і калгаса. За 8 км на ПдЗ ад г. Слаўгарад, 76 км ад Магілёва, 69 км ад чыг. ст. Крычаў. 164 ж., 71 двор (2000). Цэх па вытв-сці макарон, вучэбна-вытв. камбінат. Сярэдняя школа, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 70

ПАПО́ЎНІК,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Нівянік.

т. 12, с. 70

Папоў Фёдар Дзмітрыевіч

т. 18, кн. 1, с. 438

ПА́ПРАЎ (Глеб Валянцінавіч) (19.4.1914, г. Краснадар, Расія — 18.9.1986),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1932. Аўтар зб-каў вершаў «Справа славы» (1949), «Мы — мірныя людзі» (1951), «Мае сябры» (1958), «Адлегласці» (1964), «Тварам да агню» (1982) і інш., якія вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, рэаліст. адлюстраваннем рэчаіснасці. На рус. мову пераклаў вершы і паэмы А.​Пысіна (зб. «Мерыдыяны», 1968), вершы П.​Броўкі, Г.​Бураўкіна, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, С.​Грахоўскага, У.​Дубоўкі, А.​Зарыцкага, А.​Звонака і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.​Агняцвет, Грахоўскі.

Тв.:

Стихотворения: Из разных книг. Л., 1975;

Третья жизнь: Стихи из разных книг. Л., 1984.

Т.​У.​Люковіч.

т. 11, с. 476

ПАПРА́ЎЧАЯ КАЛО́НІЯ,

адзін з відаў папраўчых устаноў, дзе адбываюць пакаранне, перавыхоўваюцца і выпраўляюцца паўналетнія асуджаныя судамі Рэспублікі Беларусь да пазбаўлення волі. П.-п.к. падзяляюцца на калоніі агульнага, узмоцненага, строгага і асаблівага рэжыму і калоніі-паселішчы. Від калоніі вызначаецца ў прыгаворы суда і замену яго ў час адбыцця пакарання можа рабіць толькі суд у прадугледжаных законам выпадках. У калоніях розных відаў для асуджаных устанаўліваюцца розныя ўмовы ўтрымання ў залежнасці ад існуючага ў іх рэжыму. Гэтыя ўмовы могуць змяняцца ў бок змякчэння і ўзмацнення жорсткасці ў адпаведнасці з паводзінамі асуджаных.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 70

ПАПРА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЛА́ГЕРЫ (ППЛ) у СССР, дзе адбывалі пакаранне грамадзяне, асуджаныя судамі ці пазасудовымі органамі па абвінавачанні ў контррэвалюц. і агульнакрымін. злачынствах. Ствараліся паводле пастановы СНК СССР ад 7.4.1930, існавалі да канца 1950-х г. Знаходзіліся ў падпарадкаванні рэсп. АДПУ, з 1934 — НКУС СССР. З’яўляліся асн. адзінкай сістэмы ГУЛАГа, складалі каля 80% усіх яго лагераў. Зняволеныя ў ППЛ выкарыстоўваліся на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала, Дняпроўскай ГЭС, Магнітагорска, інш. буйных будоўлях. У 1939 у СССР налічвалася 180 ППЛ. Наяўнасць ППЛ на Беларусі дакументальна не пацверджана, але іх кантынгент выкарыстоўваўся ў Аўтадарлагу на буд-ве шашы Мінск—Масква ў 1930-я г. У кастр. 1956—крас. 1957 ППЛ выведзены з падпарадкавання МУС і падначалены Мін-ву юстыцыі СССР.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 12, с. 70

ПАПРА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

адзіны заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы крымін.-выканаўчага права. Першы кодэкс у галіне гэтага права прыняты ЦВК БССР у 1926. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам БССР 16.7.1971 і ўведзены ў дзеянне з 1.1.1972. Складаецца з 6 раздзелаў, у якіх вызначаны прынцыпы і ўстаноўлены агульныя палажэнні аб пакаранні, парадак і ўмовы выканання розных відаў крымін. пакарання, умоўнага асуджэння і ўмоўнага вызвалення ад адбывання пакарання. Кодэкс таксама рэгулюе парадак дапамогі асобам, вызваленым з месцаў пазбаўлення волі, назірання і нагляду за імі, рэгламентуе формы ўдзелу грамадскасці ў выпраўленні і перавыхаванні асуджаных. Нац. сходам Рэспублікі Беларусь 14.12.1999 прыняты заканад. акт у галіне крымін.-выканаўчага права — крымінальна-выканаўчы кодэкс, які ўводзіцца ў дзеянне з 2001.

т. 12, с. 70

ПАПРА́ЎЧЫЯ РАБО́ТЫ без пазбаўлення волі,

від крымін. пакарання і адм. спагнання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Назначаецца судом (суддзёй) адпаведна на тэрміны ад 2 месяцаў да 2 гадоў і ад 15 сутак да 2 месяцаў. Адбываюцца па месцы работы або ў інш. месцах у раёне жыхарства асуджанага з утрыманнем да 20% заробку ў даход дзяржавы. Асобам, якія прызнаны непрацаздольнымі, суд можа замяніць П.р. на штраф. У выпадку злоснага ўхілення асуджанага ад адбыцця П.р. суд можа замяніць іх неадбыты тэрмін на пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

т. 12, с. 70

ПАПРА́ЎЧЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

дзяржаўныя ўстановы, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя да пазбаўлення волі. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае сістэму П.у., якая ўключае папраўчыя калоніі, турмы (для дарослых), выхаваўчыя калоніі (для непаўналетніх), лячэбныя П.ў. Следчыя ізалятары выконваюць функцыі П.у. у адносінах да асуджаных да пазбаўлення волі, якія пакінуты там для выканання работ па гасп. абслугоўванні. Від П.у., у якіх асуджаны павінен адбываць пакаранне, вызначаецца ў прыгаворы суда з улікам характару цяжкасці злачынства, ступені грамадскай небяспекі і асобы злачынца. Наяўнасць розных П.у., якія адрозніваюцца рэжымам і ўмовамі ўтрымання, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да выканання прыгавору аб асуджэнні да пазбаўлення волі і перавыхавання кожнай катэгорыі асуджаных.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 70