Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАЛЯ́РНАЕ ЗЗЯ́ННЕ,

аптычная з’ява ў верхніх слаях атмасферы (іанасферы), якая выяўляецца ў свячэнні (люмінесцэнцыі) разрэджанага паветра (гал. чынам атамаў кіслароду і малекул азоту) на вышыні ад 60 да 1000 км. Свячэнне (блакітна-белае, жоўта-зялёнае, радзей чырванаватае і фіялетавае) назіраецца пераважна ў высокіх шыротах (на адлегласці да 20—25° паўн. ш. і паўд. ш. ад магнітнага полюса), адначасова на ўсіх даўготах, з рознай інтэнсіўнасцю. Доўжыцца ад дзесяткаў мінут да некалькіх сутак. Паводле формы П.з. адрозніваюць: дыфузнае свячэнне і дугі ад аднаго пункта гарызонту да другога, а таксама прамяні, стужкі, кароны, плямы.

Палярнае ззянне.

т. 12, с. 26

ПАЛЯ́РНАЕ ПАВЕ́ТРА,

гл. Умераных шырот паветра.

т. 12, с. 26

ПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад грэч. polos, лац. polus полюс) у біялогіі, спецыфічная арыентацыя працэсаў і структур у прасторы, уласцівая арганізмам. Прыводзіць да ўзнікнення морфафізіял. адрозненняў на процілеглых канцах (баках) клетак, тканак, органаў і арганізма ў цэлым.

У раслін П. праяўляецца найб. выразна (у насенных раслін выяўляецца ўжо ў зігоце і зародку, калі фарміруюцца парастак з верхавінкавай пупышкай і корань). Палярызацыя і дыферэнцыроўка кожнай клеткі залежаць ад таго, якое становішча яна займае ў адносінах да інш. клетак. Вядучую ролю ў гэтым і ў арыентаванні органаў у прасторы адыгрываюць фітагармоны. У жывёл П. выяўляецца ў клетках і ў цэлым арганізме. У некат. (гідроідныя паліпы, чэрві) адзначаецца наяўнасць фізіял. П. (градыента) — змены па падоўжнай восі цела фізіял. актыўнасці і адчувальнасці да ўздзеянняў. П. характэрна для працэсаў размнажэння, рэгенерацыі і інш. Змены ў знешнім асяроддзі могуць парушаць П.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 26

ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карліка гал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.

А.​А.​Шымбалёў.

Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.

т. 12, с. 26

ПАЛЯ́РНАЯ НОЧ,

перыяд, калі Сонца не ўздымаецца над гарызонтам і няма прамога сонечнага асвятлення зямной паверхні. Назіраецца на Пн ад Паўн. і на Пд ад Паўд. палярных кругоў. Доўжыцца на 68° паўн. ш. з 10 снеж. да 3 студз., на 82° паўн. ш. — з 17 кастр. да 26 лютага. На Паўн. полюсе Сонца не ўзыходзіць 176 сут.

т. 12, с. 26

ПАЛЯ́РНАЯ СІСТЭ́МА КААРДЫНА́Т,

сукупнасць 2 лікаў, якая вызначае становішча адвольнага пункта P адносна некаторага фіксаванага пункта O (полюса) і некаторага фіксаванага праменя ON (палярнай восі), які выходзіць з полюса. Гэтыя каардынаты — палярны радыус ρ і палярны вугал φ — роўныя адпаведна адлегласці ад O да P і вуглу паміж ON і OP. Вугал φ наз. таксама амплітудай ці фазай пункта P. Для ўзаемна адназначнай адпаведнасці паміж пунктамі плоскасці і парамі палярных каардынат іх змена абмежавана: 0 ≤ ρ < +∞, 0 ≤ φ < 2π.

Палярная сістэма каардынат.

т. 12, с. 26

ПАЛЯ́РНЫЯ КРУГІ́ Паўночны і Паўднёвы,

геаграфічныя паралелі, якія знаходзяцца на Пн і Пд ад экватара на 66°33′. У дзень зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.) на Пн ад Паўн. палярнага круга Сонца не ўзыходзіць (палярная ноч), у дзень летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.) — не заходзіць (палярны дзень). П.к. лічацца межамі халодных кліматычных паясоў.

т. 12, с. 27

ПАЛЯ́РНЫЯ МАЛЕ́КУЛЫ,

малекулы хім. злучэнняў, якія пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць пастаянны дыпольны момант.

У шмататамных малекулах эл. дыпольны момант вызначаецца колькасцю палярных сувязей (разнавіднасць кавалентнай сувязі) і іх накіраванасцю; роўны вектарнай суме дыпольных момантаў асобных сувязей, а таксама незвязваючых электронных пар у малекуле. Малекулы з палярнымі сувязямі паміж атамамі ў залежнасці ад іх прасторавай будовы могуць быць непалярнымі (напр., малекула СО2, у ёй вектары палярных сувязей накіраваны ад атама вугляроду ў процілеглыя бакі пад вуглом 180° да атамаў кіслароду). Рэчывы, утвораныя моцна П.м., звычайна добра раствараюцца ў палярных растваральніках. Эксперыментальна дыпольны момант П.м. вызначаюць пры вывучэнні залежнасці палярызацыі ад т-ры (гл. Дыэлектрыкі) і разлічваюць палярнасць хім. сувязей і эфектыўныя зарады атамаў.

т. 12, с. 27

ПАЛЯ́РНЫЯ СТА́НЦЫІ,

навукова-назіральныя пункты, створаныя на ўзбярэжжы кантынентаў і астравоў Паўн. Ледавітага ак. і ў Антарктыцы. Вядуць сістэматычныя аэраметэаралагічныя, актынаметрычныя, геамагнітныя, гідралагічныя, гляцыялагічныя і ў асобных выпадках біял. і мед. назіранні. Створаны ў перыяд 1-га Міжнар. палярнага года (1882—83). У 1990-я г. ў Арктыцы працавала каля 200 П.с., якія маюць важнае значэнне ў абслугоўванні навігацыі Паўн. марскога шляху. У Антарктыцы асн. сетка П.с. створана ў перыяд Міжнар. геафіз. года (1957—58) і пазней; у 1990-я г. — 48 пастаянных (зімовачных) станцый.

т. 12, с. 27

ПАЛЯ́РНЫ ДЗЕНЬ,

перыяд, калі Сонца многія суткі не апускаецца за гарызонт. Бывае на Пн ад Паўн. і на Пд ад Паўд. палярных кругоў. Доўжыцца на 68° паўн. ш. з 27 мая да 19 ліп., на 80° паўн. ш. — з 15 крас. да 31 жніўня. На Паўн. полюсе Сонца бывае над гарызонтам 189 сут.

т. 12, с. 26