ПАД’Я́ВАРКА, Пад’яворка,
рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 226 км². Пачынаецца на зах. ускраіне Навагрудскага ўзвышша на У ад в. Явар, упадае ў Шчару вышэй р. Чарняўка на ПнЗ ад в. Вялікая Воля. Даліна трапецападобная, шыр. 500—800 м, месцамі 1,5 км. Пойма забалочаная, чаргуецца па берагах і двухбаковая, шыр. 50—150 м. Рэчышча на працягу 4,5 м вышэй в. Мельнікі каналізаванае. Каля в. Мядзвінавічы сажалка (пл. 0,09 км²).
т. 11, с. 510
ПАД’Я́ЧАЎ (Сямён Паўлавіч) (8.2.1866, с. Пад’ячава Дзмітраўскага р-на Маскоўскай вобл. — 17.2.1934),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1888. Асн. тэмы апавяданняў, зб. нарысаў «Па этапе» (1903), аповесцей «Пакуты» (1902), «Сярод рабочых» (1904), «Забытыя» (1909) і інш. — жыццё вёскі, лёс сялянства. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Маё жыццё» (кн. 1—2, 1929—32). Яго творчасці ўласцівы тонкая назіральнасць, багацце нар. мовы, форма сказа, драм. напружанасць канфліктаў, гумар.
Тв.:
Полн. собр. соч. Т. 1—11. М.; Л., 1927—30;
Избр произв. М., 1966;
Деревенские разговоры. М., 1975.
Літ.:
Макина М.А. Семен Подъячев: Лит. портрет. М., 1981.
т. 11, с. 510
«ПАД СЦЯ́ГАМ КАМУНІ́ЗМУ»,
заходнебеларускі часопіс. Орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся ў 1927—30 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя часопіса знаходзілася ў Мінску). Выходзіў 1 раз у 3 месяцы. Ставіў за мэту ўзброіць камуністаў ленінскім вучэннем, распрацоўваць новыя ідэалаг. і паліт. пытанні для парт. актыву, знаёміць з дзейнасцю Камінтэрна, ВКП(б), КПП, КП(б)Б і КПЗБ Шмат увагі аддаваў сацыяліст. будаўніцтву ў БССР. Асвятляў найб. важныя праблемы пралет. рэвалюцыі, нац. пытання, расстаноўкі і суадносін класавых сіл у Зах. Беларусі. Меў рубрыку «Хроніка міжнароднага жыцця». У 1930 выдаваў серыю брашур, у іх ліку «Вынікі пленумаў ЦК КПЗБ», «Аб УКП(б)», «Аб прафсаюзах», «Аб нацыянальна-вызваленчай барацьбе», «Аб правым ухіле ў УКП(б)».
П.І.Зялінскі.
т. 11, с. 482
ПА́ЕР ((Payer) Юліус) (1.9.1842, Шонаў, каля г. Цепліцы, Чэхія — 30.8.1915),
аўстрыйскі палярны даследчык. У 1872—74 узначаліў разам з К.Вайпрэхтам экспедыцыю на судне «Тэгетгоф», у час якой быў адкрыты архіпелаг, названы Зямлёй Франца-Іосіфа.
Тв.:
Рус. пер. — 725 дней во льдах Арктики. Л., 1935.
т. 11, с. 510
ПА́ЕРЛС ((Peierls) Рудольф Эрнст) (5.6.1907, Берлін — 19.9.1995),
англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай тэорыі магнетызму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1945). Замежны чл. Рас. АН (1988). Вучыўся ў Берлінскім, Мюнхенскім і Лейпцыгскім ун-тах. З 1933 у Вялікабрытаніі. З 1937 праф. Бірмінгемскага, з 1963 Оксфардскага ун-таў. У 1974—77 у Вашынгтонскім ун-це. Навук. працы па матэм. фізіцы, квантавай механіцы і электрадынаміцы, ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела. Выказаў ідэю дзірачнай праводнасці (1929; незалежна ад Я.І.Фрэнкеля). Распрацаваў квантавую тэорыю цеплаправоднасці ў неметал. асяроддзях (1931), агульную тэорыю дыямагнетызму ў металах, фармалізм тэорыі рассеяння (1959). Даў ацэнку крытычнай масы урану-235 (1940). Кіраваў тэарэт. даследаваннямі па раздзяленні ізатопаў урану (1943—46, ЗША). Прэмія імя Э.Фермі 1980.
Тв.:
Рус. пер. — Квантовая теория твердых тел. М., 1956;
Законы природы 2 изд М., 1962;
Сюрпризы в теоретической физике. М., 1988.
М.М.Касцюковіч.
т. 11, с. 510
ПАЕ́ЎСКІ (Леў Сямёнавіч) (1850—1919),
бел. гісторык Бацька Мелхіседэка. Скончыў Люблінскую духоўную семінарыю. Служыў святаром у прыходах Холмска-Варшаўскай, потым Гродзенскай епархій. Удзельнік 7-га (1890), 9.-га (1893) і 10-га (1896) археал. з’ездаў. З 1903 чл. Гродзенскага губ. стат. к-та. Даследаваў царк. гісторыю 18—19 ст., гісторыю гарадоў і мястэчак Беларусі, пытанні археалогіі. Аўтар прац, змешчаных у перыяд. царк. і свецкіх выданнях Гродна, Вільні, Холма, Масквы.
Тв.:
Город Брест-Литовск и его древние храмы. Гродно, 1894.
Літ.:
Чарапіца В.М. Са скарбніцы кніжных паліц. Мн., 1994.
В.М.Чарапіца.
т. 11, с. 510
ПАЖ (франц. page),
у сярэдневяковай Зах. Еўропе малады дваранін, які праходзіў першую ступень падрыхтоўкі да рыцарскага звання ў якасці асабістага слугі пры двары буйнога феадала ці караля. Пасля дасягнення 14-гадовага ўзросту ўзводзіўся ў збраяносцы. У 1711—1917 у Расіі прыдворнае званне. П. і камер-П. выконвалі розныя даручэнні царскай сям’і. З 2-й пал. 18 ст. П. — выхаванец пажскага корпуса (прывілеяваная ваен.-навуч. ўстанова).
т. 11, с. 510
ПАЖАЗІ́НСКІ ((Porzeziński) Ян Віктар) (4.8.1870, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 12.3.1929),
расійскі і польскі мовазнавец. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1925). Скончыў Маскоўскі ун-т (1892). У 1901—21 праф. Маскоўскага, у 1922—29 Люблінскага і Варшаўскага ун-таў. Вучань П.Ф.Фартунатава. Вывучаў слав. мовы. Асн. працы ў галіне гісторыі і дыялекталогіі балт. моў. Аўтар прац «Уводзіны ў мовазнаўства» (1907), «Нарыс параўнальнай фанетыцы старажытнаіндыйскай, грэчаскай, лацінскай і стараславянскай моў» (1912), «Параўнальная марфалогія старажытнаіндыйскай, грэчаскай, лацінскай і стараславянскай моў» (1916), «Уводзіны ў індаеўрапейскае мовазнаўства» (1929) і інш.
т. 11, с. 510
ПАЖАНЯ́Н (Рыгор Міхайлавіч) (н. 20.9.1922, г. Харкаў, Украіна),
рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1952). Друкуецца з 1946. У паэт. зб-ках «Вецер з мора» (1955), «Жыццё жывых» (1960), «Вялікі альбо Ціхі» (1969), «Мачты» (1973), «Зімовы дом» (1975), «Чырвоны сон» (1978), «Макі» (1981), «Пагоня» (1983, Дзярж. прэмія Расіі 1986), «Апусканне» (1985), «Узгоркі Зямлі» (1987), «Хлеб мораў» (1989), «Абараняючы сваю крутасць» (1995, Дзярж. прэмія Расіі 1995) і інш. роздум пра час, лёс радзімы, сэнс чалавечага існавання, тэмы сяброўства і вайны, любоў да мора. Аўтар рэчытатываў, тэкстаў песень да кінафільмаў «Два берагі» («Смага»), «Песня пра сябра» («Шлях да прычала»), «Спадзяюся, кахаю і верую» («Цягнік у далёкі жнівень») і інш. Піша кінасцэнарыі, творы для дзяцей.
Тв.:
Избранное. М., 1982;
Прощание с морями. М., 1990;
Скачка. М., 1998.
т. 11, с. 510
ПАЖА́Р,
некантралюемы працэс гарэння, які прыводзіць да знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей і небяспечны для жыцця людзей. Гарэнне пры П. характарызуецца самаадвольным распаўсюджваннем, невысокай ступенню згарання матэрыялаў, утварэннем дыму.
Узнікае пры неасцярожным абыходжанні з агнём, самаўзгаранні рэчываў (матэрыялаў), няспраўнасці ў эл. сетках і прыладах, невыкананні правіл эксплуатацыі вытв. абсталявання, ад маланкі і па інш. прычынах; на адкрытай прасторы (напр., лясныя пажары, тарфяныя пажары) і ў збудаваннях (унутраныя П). Прастору, ахопленую П., умоўна падзяляюць на зоны: гарэння (ачаг П.), цеплавога ўздзеяння і задымлення. У ачагу П. адбываецца тленне і (ці) назіраецца полымя, вылучаюцца цяпло і дым. Асн. характарыстыка знішчальнага дзеяння П. — т-ра; макс. т-ры, характэрныя для адкрытых П. (ад 1000 °C для цвёрдых матэрыялаў да 1450 °C для гаручых газаў). Зона гарэння абкружана зонай цеплавога ўздзеяння, дзе ўстанаўліваецца т-ра вышэй за 60 °C, якая выклікае разбурэнне матэрыялаў, канструкцый і тоіць небяспеку для людзей. Прадукты няпоўнага згарання (дым) утвараюць зону задымлення, звычайна яны таксічныя (асабліва прадукты гарэння палімераў). Для спынення П. выкарыстоўваюць розныя вогнетушыльныя сродкі (вада, пена, парашковыя саставы, нейтральныя газы, хім. інгібітары гарэння і інш.), якія падаюць у ачаг П. пры дапамозе пажарнай тэхнікі, вогнетушыцелямі і інш. Мерапрыемствы па пажарнай прафілактыцы і тушэнні П. ажыццяўляе пажарная ахова.
Літ.:
Абдурагимов И.М., Говоров В.Ю., Макаров В.Е. Физико-химические основы развития и тушения пожаров. М., 1980;
Драйздейл Д. Введение в динамику пожаров: Пер. с англ. М., 1990.
М.В.Гарахавік, С.А.Лосік, А.В.Урублеўскі.
т. 11, с. 511