Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАДСТАНО́ЎКА ў камбінаторыцы, узаемна адназначнае адлюстраванне мноства на сябе. Кожны элемент дадзенага мноства замяняецца якім-н. інш. элементам таго ж мноства. Запісваецца 2 радкамі ў агульных дужках, дзе кожнаму элементу верхняга радка адпавядае элемент ніжняга, які стаіць пад ім: A = [ a, b, ... с α, β, ... γ ] . У некат. раздзелах матэматыкі тэрмін «П.» выкарыстоўваецца ў інш. сэнсе, напр., у інтэгральным злічэнні П. азначае замену пераменнай у падынтэгральным выразе.

т. 11, с. 506

ПАДСТА́НЦЫЯ электрычная,

электраўстаноўка або сукупнасць эл. устройстваў для пераўтварэння напружання (трансфарматарная падстанцыя) ці роду эл. току (пераўтваральная падстанцыя), а таксама для размеркавання эл. энергіі паміж спажыўцамі. З’яўляецца прамежкавым звяном у сістэме перадачы эл. энергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. На электрыфікаваных чыгунках, у метрапалітэнах, на трамвайных і тралейбусных лініях выкарыстоўваюцца цягавыя падстанцыі.

т. 11, с. 506

ПАДСТАРО́СТА,

намеснік старосты ў ВКЛ у 16—18 ст., прызначаўся асабіста старостам. Часта спалучаў сваю пасаду з пасадай гараднічага ці стольніка. Фактычны кіраўнік замкавага суда. У час паспалітага рушэння павінен быў заставацца ў замку (як і войскі), яму падпарадкоўваліся ўсе жыхары замка. У гэты час П. належала таксама ўся суд. ўлада ў горадзе.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 506

ПАДСТАРЫ́НЬ,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на Пн ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 143 км ад Брэста. 802 ж., 302 двары (2000). Івацэвіцкая газакампрэсарная станцыя. Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 506

ПАДСТО́ЛІ,

пасада ў ВКЛ. Вядома з сярэдзіны 15 ст. Намеснік стольніка, дапамагаў яму сервіраваць велікакняжацкі стол. З часам яго функцыі становяцца намінальнымі. З сярэдзіны 17 ст. вядомы павятовыя П.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 506

ПАДСТРА́ЎНІКАВАЯ ЗАЛО́ЗА,

залоза са змешанай сакрэцыяй у арганізме чалавека і жывёл. Ў чалавека размешчана ў забрушыннай прасторы на ўзроўні 1-га паяснічнага пазванка. Большая яе ч. мае функцыю вонкавай сакрэцыі (выдзяляе падстраўнікавы сок). У парэнхіме П.з. ёсць групы залозістых клетак (Лангерганса астраўкі), якія выпрацоўваюць гармоны (інсулін, глюкагон, саматастацін, панкрэатычны поліпептыд), што паступаюць непасрэдна ў кроў і ўдзельнічаюць у рэгуляцыі вугляводнага і тлушчавага абмену.

Літ.:

Елецкий Ю.К., Яглов В.В. Эволюция структурной организации эндокринной части поджелудочной железы позвоночных. М., 1978.

т. 11, с. 506

ПАДСТРА́ЎНІКАВЫ СОК, панкрэатычны сок,

стрававальны сакрэт падстраўнікавай залозы, бясколерная вадкасць шчолачнай рэакцыі. Мае ферменты (трыпсін, хіматрыпсін, эластаза і інш.), якія ў працэсе стрававання расшчапляюць бялкі, тлушчы, вугляводы. У састаў П.с. ўваходзяць таксама мачавая кіслата, мачавіна, мікраэлементы. У чалавека П.с. за суткі выдзяляецца 1,5—2 л. Сакрэцыя кантралюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі. Фізіял. стымулятары выдзялення П.с. — саляная і некат. інш. к-ты, жоўць, ежа.

т. 11, с. 506

ПАДСУ́ДАК,

намеснік, потым памочнік суддзі земскага, які рыхтаваў справы да суда. Пасада ўведзена ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66. Выбіраўся шляхтаю. Разам з пісарам уваходзіў у склад суда.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 507

ПАДСУ́ДНАСЦЬ,

размежаванне кампетэнцыі паміж судамі па разглядзе спраў па 1-й інстанцыі. У суд. працэсе Рэспублікі Беларусь адрозніваюць 2 віды П.: прадметную (радавую — па віду злачынства або прадмета і характару цывільнай справы); тэрытарыяльную (па месцы ўчынення злачынства або месцы жыхарства адказчыка). Калі месца ўчынення злачынства ўстанавіць немагчыма, П. устанаўліваецца па месцы заканчэння следства або дазнання. Па цывільных справах іск звычайна прад’яўляецца па месцы жыхарства адказчыка, іск да юрыд. асобы — па месцы знаходжання яго органа або маёмасці. Гл. таксама Судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 507

ПАДСУ́ДНЫ,

абвінавачаны, якога аддалі пад суд. Паводле працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (КПК у рэдакцыі 1960) мае права браць удзел у суд. разглядзе яго справы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, прад’яўляць доказы, выступаць у суд. спрэчках, выступаць з апошнім словам, абскарджваць прыгавор і вызначэнне суда. Яўка П. ў суд абавязковая. Разбор справы пры адсутнасці П. дапускаецца ў выключных выпадках, калі гэта не перашкаджае ўстанаўленню ісціны па сутнасці абвінавачвання. Свае правы П. рэалізуе сам або з дапамогай абаронца. Пасля вынясення абвінаваўчага прыгавору і набыцця ім законнай сілы П. становіцца асуджаным. КПК Рэспублікі Беларусь 1999 замест паняцця «П.» ўжывае паняцце «абвінавачаны», пакідаючы за ім тыя ж правы і абавязкі.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 507