Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАДВАЯВО́ДА,

службовая асоба ў мясц. адміністрацыі ВКЛ у 15—18 ст., намеснік ваяводы. Звычайна кіраваў дваром ваяводы (адсюль другая яго назва — каморнік ваяводскі), назіраў за гандлем і спаганяў падаткі з гандл. заняткаў. У ваяводствах ВКЛ, за выключэннем Брэсцкага і Мінскага, лічыўся земскім чыноўнікам і па даручэнні ваяводы замяняў яго ў судзе ваяводства. Кантраляваў наяўнасць і сапраўднасць эталонаў мер і вагі на тэр. ваяводства, аб’язджаў гарады, кантралюючы мясц. гандаль. Пасада П. давала магчымасць атрымліваць грашовыя прыбыткі, на яе заўсёды было шмат жадаючых, але вял. значэння яна не мела.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 11, с. 488

ПАДВЕ́ДАМАСНАСЦЬ,

размежаванне кампетэнцыі паміж рознымі органамі дзярж. улады і кіравання, якое вызначае сферу дзейнасці кожнага з іх. Напр., у Рэспубліцы Беларусь размежаванне кампетэнцыі агульных і гасп. судоў; у Рас. Федэрацыі размежаванне прадметаў ведання паміж федэральнай уладай і суб’ектамі федэрацыі.

т. 11, с. 488

ПАДВЕ́Й (Eriophorum),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодным, умераным і часткова субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды. Найб. вядомыя П.: похвенны (Evaginatum), шматкаласковы (E. polystachyon), шыракалісты (E. latifolium). Трапляюцца на балотах, у забалочаных лясах, па берагах зарослых азёр.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з паўзучым ці пакарочаным карэнішчам. Сцёблы трохгранныя або цыліндрычныя. Лісце лінейнае. Кветкі ў шарападобных каласках або ў парасонападобных суквеццях. Калякветнік са шматлікіх белых, радзей рыжаватых валаскоў, якія пасля цвіцення падаўжаюцца і ўтвараюць пры пладах т.зв. пухоўку. Плод — арэшак. Торфаўтваральнікі. Зімуюць у зялёным стане; ранневеснавы корм для аленяў, ласёў.

Падвей: 1 — похвенны; 2 — шматкаласковы.

т. 11, с. 488

ПАДВЕ́ЙКА,

другая назва ракі Вейнка.

т. 11, с. 488

ПАДВЕ́СКА,

від стараж. падвесных упрыгожанняў да адзення (часцей жаночага), збруі і інш. Служылі таксама амулетамі. Найчасцей іх насілі разам з каралямі і пацеркамі, на ланцужках, шнурках, прышывалі на адзенне На Беларусі найб. стараж. П. адносяцца да палеаліту (з зубоў жывёл). У бронзавым веку выкарыстоўвалі бурштынавыя П. з вял. адтулінай пасярэдзіне, а таксама медныя акулярападобныя П. У жал. веку пашыраны П. металічныя (бронзавыя і жал.), касцяныя, гліняныя розных геам. форм. У 10—13 ст. з каляровых і каштоўных металаў выраблялі П. ў выглядзе плоскіх сімвалаў нябесных свяціл, жывёл, птушак, бытавых рэчаў, крыжыкаў, званочкаў. П. знаходзяць на паселішчах і ў пахаваннях. Найб. цікавыя П. знойдзены ў Барысаве, Віцебску, гарадзішчы Маскавічы, курганных могільніках каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на і в. Калодзецкая Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.

Л.​У.​Дучыц.

Падвескі-конікі з гарадзішча Маскавічы. 13 ст.

т. 11, с. 488

ПАДВЕ́СНАЯ КАНА́ТНАЯ ДАРО́ГА,

гл. Канатная дарога.

т. 11, с. 488

ПАДВЕ́СНАЯ РЭ́ЙКАВАЯ ДАРО́ГА,

гл. Манарэйкавая дарога.

т. 11, с. 488

ПАДВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́, Паўднёва-Антыльскія астравы (галандская назва Benedenwindse Eilanden, ісп. — Islas Sotavento),

паўднёвая частка архіпелага Малыя Антыльскія астравы на З ад 64° зах. д. Складаюцца з а-воў: Аруба, Кюрасао, Банайрэ (уваходзяць у Нідэрландскія Антыльскія а-вы), Авес, Лос-Рокес, Арчыла, Бланкілья, Лос-Эрманас (уваходзяць у склад Венесуэлы на правах федэральных уладанняў). Назва П.а. тлумачыцца падветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату. Пл. каля 1,2 тыс. км². Нас. каля 370 тыс. чал. (1999). Буйныя астравы ўзгоркаватыя (выш. да 372 м на в-ве Кюрасао), складзены з крышт. і метамарфічных сланцаў, перакрытых вулканічнымі і вапняковымі адкладамі. Дробныя астравы каралавыя, нізінныя. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Сухія лясы і ксерафітныя хмызнякі. Плантацыі сорга, арахісу, бататаў, бананаў, цытрусавых. Гадуюць коз і авечак. Нафтаперапрацоўка (нідэрландская ч. П.а.). Буйнейшыя гарады — Вілемстад (в-аў Кюрасао), Араньестад (в-аў Аруба). А-вы Лос-Рокес аб’яўлены Нац. паркам (1973). Адкрыты ў 1499 мараплаўцамі А.​Ахедам і А.​Веспучы.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 11, с. 488

ПАДВІ́Д (лац. subspecies),

таксанамічная катэгорыя (ранг) у сістэматыцы раслін і жывёл, рангам ніжэйшая за від. Сукупнасць геаграфічна (радзей экалагічна або геахраналагічна) адасобленых папуляцый віду, у якіх большасць асобін адрозніваецца адным або некалькімі (звычайна марфал.) прыкметамі ад асобін інш. папуляцый таго ж віду. Бел. назва П. складаецца з 2 слоў. Лац. назву П. ўтвараюць дадаткам трэцяга слова (падвідавога эпітэта) да назвы віду. Напр., адзін з П. ліса звычайнага (Vulpes vulpes) — ліс сярэднярускі, абазначаецца як Vulpes vulpes vulpes. Міжнар. кодэкс заал. наменклатуры прызнае П. за найніжэйшую таксанамічную адзінку. Міжнар. кодэкс бат. наменклатуры прызнае і інфрападвідавыя (ніжэйшыя за П.) катэгорыі (варыетэт, форма і інш.).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 489

ПАДВІ́ЧКА,

галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі у ляхавіцкім строі. Прадаўгаватым кавалкам (шырыня 12—15 см, даўжыня 50—60 см) саціну, атласу, парчы (уласна П.) абгортвалі тканку з чапцом і замацоўвалі шпількамі і іголкамі. Для пругкасці ў П. ўстаўлялі кардон, паперу, накрухмаленае палатно. Выкарыстоўвалі пераважна тканіну чырв. колеру з верт. белымі палоскамі ці блакітнага колеру з расл. узорам. Святочныя П. ўпрыгожвалі букетамі жывых кветак ці дэкар. зеляніны, якія ўтыкалі збоку ці па цэнтры, а таксама тасёмкамі, пацеркамі і інш. У вясельным уборы паверх П завівалі намітку, а на патыліцы мацавалі пышны букет кветак.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 11, с. 489