Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МУ́ХНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 12 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,58 км², даўж. каля 2 км, найб. шыр. 620 м, найб. глыб. 20 м, даўж. берагавой лініі каля 8 км. Пл. вадазбору 8,28 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, пад хваёвым лесам. Берагі нізкія, пясчаныя або тарфяністыя, параслі водна-балотнай расліннасцю. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно выслана сапрапелем. Злучана пратокамі з азёрамі Воласна і Уклейна.

т. 11, с. 45

МУХТА́Р (сапр. Мухтараў) Аскад

(н. 23.12.1920, г. Фергана, Узбекістан),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1981). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1942). Друкуецца з 1939. Пачынальнік тэмы рабочага класа ва ўзб. л-ры: паэма «Сталявар» (1947), зб. вершаў «Мае суграмадзяне» (1949), кнігі нарысаў і апавяданняў «Горад сталі» (1950), «Насустрач будучыні» (1951), раман «Нараджэнне» (1961) і інш. У раманах «Сёстры» (1954), «Час у маім лёсе» (1964), «Чынара» (1969, Дзярж. прэмія імя Хамзы 1973), кнігах вершаў і паэм «99 мініяцюр» (1962), «Калыханка сонца» (1971), «Маё слова да вас» (1978) і інш. найб. важныя грамадска-паліт. і маральна-этычныя праблемы, шляхі гіст. развіцця ўзб. народа, яго культ. рост, духоўнае багацце. Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.​Базарэвіч, А.​Клышка, Ю.​Свірка, К.​Цвірка.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. Ташкент, 1980—83.

т. 11, с. 45

МУХТА́РАЎ (Гусейн) (11.7.1914, г. Мешхед, Іран — 9.4.1980),

туркменскі драматург. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1953). Друкаваўся з 1941. Аўтар п’ес, лібрэта опер і балетаў, кінасцэнарыяў (усяго больш за 30, некаторыя — у сааўт.). У п’есах «Я — старшыня» (1942), «Каханне і паклёп» (1943), «Алтын» (1945), «Сям’я Алана» («Гонар сям’і», паст. 1949; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Вясёлы госць» (1954), «Трыццатыя гады» (паст. 1958), «Хто злачынец?» (1963), «Прыгожая» (1972), «Я жанюся на бабулі», «Брыгадзір» (абедзве паст. 1977), скіраваных супраць гультайства, паразітызму і прыстасавальніцтва, спалучаны гуманістычны пафас і дабрадушны гумар, грамадзянскасць пазіцыі аўтара і псіхалагічна тонкае пранікненне ў характары герояў.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1968.

т. 11, с. 45

МУХТА́РАЎ (Хусейн Мухтаравіч) (н. 18.7.1938, с. Шарцюбе Джамбулскай вобл., Казахстан),

кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. Кіргізіі (1973). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964). З 1964 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Манас Канурбай, Чынкота («Манас», «Айчурэк» У.​Уласава, А.​Малдыбаева, У.​Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Філіп II, Аманасра і Рамфіс («Дон Карлас», «Аіда» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мефістофель («Мефістофель» А.​Бойта і «Фауст» Ш.​Гуно), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова). Першы выканаўца партый Важака («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава, 1965) і Васкова («Досвіткі тут ціхія» К.​Малчанава, 1973).

т. 11, с. 46

МУ́ЦІ ((Muti) Рыкарда) (н. 28.7.1941, г. Неапаль, Італія),

італьянскі дырыжор. З 1969 дырыжор опернага «Тэатра камунале» ў Фларэнцыі. У 1967—82 адначасова гал. дырыжор і маст. кіраўнік фестывалю «Фларэнтыйскі музычны май». У 1973—83 кіраўнік Лонданскага, у 1980—93 — Філадэльфійскага сімф. аркестраў, з 1986 — т-ра «Ла Скала». Удзельнік Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары оперы італьян. класікаў і сімф. творы кампазітараў 20 ст. Адточаны густ, пачуццё стылю, яскравы тэмперамент вылучаюць яго інтэрпрэтацыі твораў Б.​Брытэна, Г.​Петрасі, Л.​Далапікалы, К.​Орфа, І.​Стравінскага, Дз.​Шастаковіча і інш.

т. 11, с. 46

МУЦУХІ́ТА (3.11.1852, г. Кіёта, Японія — 30.7.1912),

імператар Японіі [1867—1912]. У выніку «рэстаўрацыі Мэйдзі» (гл. Мэйдзі ісін) фармальна сканцэнтраваў усю ўладу ў краіне ў сваіх руках. Падтрымліваў правядзенне рэформ, накіраваных на мадэрнізацыю і еўрапеізацыю Японіі: ліквідацыю феад. княстваў (1871), рэформу адукацыі (1872), стварэнне кабінета міністраў (1885), прыняцце першай канстытуцыі Японіі (1889). У 1910 М. зацвердзіў анексію Карэі.

т. 11, с. 46

МУ́ЦЫЙ СЦЭ́ВАЛА Гай, гл. Сцэвала Гай Муцый.

т. 11, с. 46

МУЦЫ́НЫ,

складаныя бялкі (прыродныя глікапратэіды), якія ўваходзяць у састаў сакрэтаў слізістых залоз. Змяшчаюць пераважна кіслыя паліцукрыды, злучаныя з бялком іоннымі сувязямі. Адрозніваюць фукамуцыны (у большасці сакрэтаў слізістых залоз страўнікава-кішачнага тракту) і сіяламуцыны (у сліне падсківічнай і пад’язычнай залоз). Фалікулы яечніка маюць у сабе фукамуцыны ці сіяламуцыны. М. выконваюць ролю змазкі, якая ахоўвае эпітэліяльныя клеткі страўнікава-кішачнага тракту, дыхальных і мочапалавых шляхоў ад мех. пашкоджання, прыгнечваюць зліпанне эрытрацытаў, якое выклікае вірус грыпу.

т. 11, с. 46

МУ́ЦЫО ((Muzio) Клаўдзія) (7.2.1889, г. Павія, Італія — 24.5.1936),

італьянская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася напачатку ў маці, потым у А.​Казалоні ў Турыне. Выступала з 1910 у буйнейшых т-рах Італіі і інш. краін, у т. л. ў ЗША. Мела яскравае трагедыйнае дараванне. Найб. блізкія для яе індывідуальнасці былі партыі ў операх Дж.​Вердзі і верыстаў: Джарджэта, Тоска, Мімі, Манон («Плашч», «Тоска», «Багема», «Манон Леско» Дж.​Пучыні), Віялета, Дэздэмона («Травіята», «Атэла» Вердзі), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі) і інш.

т. 11, с. 46

МУЧНІ́СТАРАСЯ́НЫЯ ГРЫБЫ́ (Erysiphales),

парадак сумчатых грыбоў з групы пірэнаміцэтаў. Больш за 250 відаў і форм. На Беларусі каля 100. Найб. пашыраны віды з родаў: сфератэка, эрызіфе, левейлула, мікрасфера, падасфера, трыхакладыя, філактынія. Аблігатныя паразіты раслін, многія прыстасаваны да пэўнага віду. Узбуджальнікі мучністай расы. Утвараюць на лісці, зялёных парастках, кветках, пладах грыбніцу з органамі споранашэння накшталт мучністага налёту (адсюль назва).

Мучністая раса: 1 — канюшыны; 2 — яблыні; 3 — дуба; 4 — пшаніцы; 5 — агрэсту.

Міцэлій белы або шэры, прымацаваны да субстрату прысоскамі і гаўсторыямі, з дапамогай якіх пранікае ўнутр эпідэрмісу і паглынае пажыўныя рэчывы. У цыкле развіцця 2 стадыі: бясполая — канідыяльная (за вегетац. перыяд канідыі ўтвараюцца шматразова, распаўсюджваюцца ветрам, насякомымі і інш.) і палавая — сумчатая. Сумкі з аскаспорамі размяшчаюцца ў пладовых целах (клейстатэцыях), якія маюць шарападобны выгляд, ломкія, часта з прыдаткамі і без вусцейкаў. Сумкі па адной ці ў пучках з 2—3 аскаспорамі.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 46