МІЯФІБРЫ́ЛЫ (ад мія... + фібрылы),
скарачальныя арганелы ў саркаплазме папярочна-паласатых мышачных валокнаў, сардэчнай мышцы і мышцаў з двайной касой счэрчанасцю; забяспечваюць мышачнае скарачэнне. Дыям. ад 0,5 да некалькіх мікрон. Асн. маса М. — міяфіламенты, або протафібрылы, двух тыпаў: тоўстыя міязінавыя (дыям. 10—15 нм) і тонкія актынавыя (дыям. 5—8 нм). Маюць у сабе таксама бялкі тропаміязін A і B, актыніны і інш. Гл. таксама Мышачнае скарачэнне.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 495
МІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), міяцэн (ад грэч. meion менш + kainos новы),
ніжні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале; ранняя эпоха неагенавага перыяду геал. гіст. Зямлі. Пачаўся 23,8 млн. і доўжыўся да 5,32 млн. гадоў назад. М.а. (э.) падзяляецца на пададдзелы: ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні). На Беларусі на канец ранняга — пач. позняга міяцэну прыпадае кліматычны оптымум усяго неагену, калі прыродныя ўмовы нагадвалі сучасныя субтрапічныя. Намножыліся кантынентальныя адклады магутнасцю да 100—120 м (пяскі, алеўрыты, сапрапеліты, буры вугаль). Яны ўтвараюць брынёўскі і антопальскі надгарызонты, больш пашыраны на Пд. Да гэтай эпохі належаць большасць радовішчаў тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы бурага вугалю (гл. адпаведныя арт.).
Т.В.Якубоўская.
т. 10, с. 495
«МИ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
грамадска-паліт. газета ліберальна-кадэцкага інфарм.-асв. кірунку. Выдавалася з 25.8.1912 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Да № 1091 (1915) наз. «Минская газета-копейка». Арыентавалася на яўр. грамадскасць рас. культуры. У праграмным арт. «Нашы задачы» вызначыла свой кірунак абстрактна, у сэнсе безумоўнай падтрымкі прагрэсу і крытыкі ўсяго, што вядзе да вяртання ў мінулае. Асвятляла рэгіянальныя, сац.-эканам. праблемы, дзейнасць мясц. самакіравання, Дзярж. думы, мела аддзел гар. хронікі, перадрукоўвала матэрыялы сталічных газет. Знаёміла чытачоў з жыццём і творчасцю рус. і яўр. пісьменнікаў (Л.Андрэеў, В.Верасаеў, А.Купрын, Шолам-Алейхем), друкавала крытычныя разборы прачытаных у Мінску лекцый, змяшчала нарысы пра творчасць Л.Талстога, М.Някрасава і інш., агляды мінскіх маст. выставак, твораў Л.Альпяровіча, Я.Кругера, Ф.Рушчыца, нататкі пра тэатр. і муз. падзеі ў горадзе. Выступала за дэмакр. самавызначэнне народаў, аднак дапускала асіміляцыю на глебе агульначалавечай культуры. Падтрымлівала выступленні сацыял-дэмакратаў супраць падрыхтоўкі да вайны, у 1917—18 — Часовы ўрад, кааліцыю бурж. партый з сацыялістамі, агітавала за скліканне ўсерас. Устаноўчага сходу і за перадачу яму заканадаўчай улады. Надрукавала ў перакладзе на рус. мову апавяданне Я.Коласа «Дудар» (пад назваю «Гусляр. Казка Якава Колас», 5.8.1913). Публікавала інфармацыю пра бел. нац. рух. Выпускала літ. дадатак — час. «Минский огонек» (1912), «Вечерние известия Минской газеты-копейки» (1914—15), «Вечерние известия Минской газеты» (1915—17).
У.М.Конан.
т. 10, с. 424
«МИ́НСКАЯ РЕЧЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 3(16)1 да 2(15)11.1906 у Мінску штодзённа на рус. мове. Выдавец — Мінскі губ. к-т апекі нар. цвярозасці. Падтрымлівала палітыку ўрада ў справе паліт. стабілізацыі дзяржавы і абароне інтарэсаў Расіі. Друкавала пастановы ўрада і губернатара П.Р.Курлова, апраўдвала курлоўскі расстрэл 1905 у Мінску, крытыкавала «яўрэйска-польскі блок» і кадэтаў за паліт. і культ.-нац. патрабаванні. Адмаўляла права народаў Расіі на самавызначэнне, атаясамлівала нацыю з дзяржавай, даказвала несумяшчальнасць адчужэння прыватнай уласнасці і ваяўнічага бязбожжа з дэмакратыяй, правасвядомасцю і гуманізмам. Адмоўна ставілася да творчасці М.Горкага і драматургіі Л.Андрэева. Не атрымала шырокай падтрымкі ў рас. грамадстве. Пераемніцай яе стала газ. «Минское слово».
У.М.Конан.
т. 10, с. 428
«МИ́НСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
штотыднёвая паліт. і літ. газета афіцыёзнага вялікадзярж., шавіністычнага кірунку; неафіц. частка «Минских губернских ведомостей». Выдавалася з 11(24).7 да 25.12.1911(7.1.1912) у Мінску на рус. мове. Падтрымлівала палітыку П.А.Сталыпіна, выступала супраць рэв. руху, прапагандавала адзінства царызму і народа, аднак імкнулася стрымліваць чарнасоценны экстрэмізм газ. «Минское слово». Друкавала творы Д.Бохана (вершы, гіст. аповесць «У мінскім трыбунале», краязнаўчыя нарысы), вершы, эцюды, допісы мясц. аўтараў. Пераўтворана ў газ. «Минские ежедневные ведомости».
У.М.Конан.
т. 10, с. 454
«МИ́НСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася ў 1838—1917 у Мінску губ. праўленнем на рус. мове 1—2 разы на тыдзень. Мела афіц. і неафіц. часткі з дадаткамі. Неафіц. частка выдавалася таксама пад назвай «Минские ведомости». У афіц. частцы друкаваліся ўрадавыя паведамленні і ўказы, аб’явы і распараджэнні губ. улад, у неафіц. — паведамленні пра розныя падзеі і незвычайныя здарэнні (адкрыццё ў Мінску публічнай б-кі імя А.С.Пушкіна, пра Мінскі т-р, пажары і інш.), матэрыялы гіст., статыстычнага, этнагр. характару [«Мінск, яго мінулае і сучаснасць», 1891; «Статыстычныя звесткі пра Пінскі павет», 1847; «Статыстычныя звесткі пра Мінскую губерню», 1850; «Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета» М.А.Дзмітрыева, 1861; «Вясельныя звычаі і абрады простага люду ў Барысаўскім павеце» Ш-віча, 1865; «Гістарычны нарыс Мінскай губерні», 1866; «Нарысы Беларускага Палесся», 1868—69; «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы Тураўскага княства» М.Гаўсмана; «Тураў і Тураўшчына», «Гістарычны нарыс Навагрудка» (усе 1877); «Рэчыца», 1880; «Беларускія народныя песні», 1891, «Прыгоды Яначка» (бел. легенда) М.Каханскага (А.Н.Е-ва), «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні...» Г.Х.Татура, 1891—92, і інш.].
Літ.:
Улащик Н.Н. «Минские губернские ведомости» как исторический источник // Проблемы источниковедения. М., 1959. Сб. 7.
Я.С.Умецкая.
т. 10, с. 454
«МИ́НСКИЕ ЕЖЕДНЕ́ВНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
штодзённая паліт., эканам. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).1 да 16(29).6.1912 у Мінску на рус. мове. Абвясціла сябе «незалежнай» газетай. Працягвала праграму газ. «Минские ведомости». Выступала супраць рэв. руху, бальшавікоў. Прапагандавала сталыпінскую агр. палітыку. Надрукавала юбілейныя артыкулы пра А.Герцэна, І.Ганчарова, у якіх падкрэслівала іх рускі патрыятызм, але пазбягала асвятлення рэв.-дэмакр. ідэалогіі, прынцыпаў крытычнага рэалізму. З «ахоўніцкіх» пазіцый крытыкавала творчасць М.Арцыбашава, Н.Вярбіцкай і інш. прадстаўнікоў натуралізму і мадэрнізму, прылічвала да гэтых кірункаў пісьменнікаў-рэалістаў М.Горкага, Л.Андрэева, А.Купрына, проціпастаўляла ім творчасць А.Пушкіна, І.Тургенева, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага. Пераўтворана ў газ. «Минское русское слово».
У.М.Конан.
т. 10, с. 454
«МИ́НСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
часопіс Мінскай праваслаўнай епархіі. Выдаваўся ў 1869—1917 у Мінску на рус. мове 2 разы на месяц (у 1871—72 штотыднёва). Меў афіц. і неафіц. часткі. У афіц. частцы змяшчаліся паведамленні аб рабоце Сінода, распараджэнні па епархіі, справаздачы епархіяльнага кіраўніцтва аб рабоце сваіх структур, жыцці манастыроў і царк. прыходаў, некралогі. У неафіц. публікаваліся творы дзеячаў правасл. царквы, артыкулы па царк. гісторыі і археалогіі, паведамленні пра дзейнасць царк. брацтваў і сястрынстваў, духоўных асветных і дабрачынных устаноў. Вял. ўвага надавалася місіянерскай дзейнасці сярод старавераў і сектантаў, змяшчалася рэклама пра новыя кнігі, работу рэстаўрацыйных майстэрняў. У 1989 выданне адноўлена.
Л.У.Салодкіна.
т. 10, с. 455
«МИ́НСКИЙ ГО́ЛОС»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 1(14).11. 1909 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча Расіі, дзейнасць Дзярж. думы, грамадска-побытавыя праблемы Мінска і губерні, выкрывала нападкі газ. «Минское слово» і рас. «Нового времени» на бел. культ.-нац. рух, выступала за правы беларусаў на сваю нац. мову і культуру. Змясціла артыкул рэдактара «Нашай нівы» А.Уласава «Край з пяццю нацыянальнасцямі» пра неабходнасць мірнага супрацоўніцтва ўсіх народаў краю і развіцця іх культур. У перакладзе на рус. мову надрукавала вершы М.Багдановіча «Мая душа», Я.Купалы «Я не паэта», рэцэнзію на зб. вершаў А.Гаруна «Матчын дар» і яго верш «Хто сказаў: «І я з народам...». Прапагандавала творчасць рус. і інш. пісьменнікаў. У 1912—14 выдавала дадатак — газ. «Северо-Западная копейка».
У.М.Конан.
т. 10, с. 455
«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асв. кірунку. Выдавалася з 27.1(9.2) да 8(21).10.1908 у Мінску на рус. мове (з 6(19).6 да 22.8(4.9).1908 не выходзіла). Працягвала дэмакр. традыцыі газ. «Минский листок» і «Северо-Западный край», арыентавалася на мясц. прагрэс. інтэлігенцыю. Крытыкавала грамадска-паліт. лад Рас. імперыі, выкрывала рэакц. палітыку правых партый і груповак, выступала ў падтрымку студэнцкага і рабочага руху, у абарону паліт. вязняў. Асвятляла літ., тэатр. і муз. жыццё Расіі і Мінскай губ., прапагандавала рэаліст. і дэмакр. традыцыі рус. л-ры. У шэрагу артыкулаў У.Самойлы, М.Караліцкага, Н.Чарноцкага аб’ектыўна ацаніла сімвалізм, рэалізм, авангардысцкія плыні ў л-ры (Л.Андрэеў, З.Гіпіус, М.Арцыбашаў), драматургіі і тэатры (У.Меерхольд, М.Метэрлінк, Г.Ібсен, М.Горкі). Апублікавала артыкулы супрацоўнікаў рэдакцыі Самойлы «Нататкі» і Чарноцкага «Да пытання пра беларускую народную школу» ў абарону бел. мовы ў школе. Упершыню надрукавала ў рус. перакладзе Самойлы верш Я.Купалы «Беларусу» і арт. Самойлы «Вялікае свята», у якім аўтар вітаў выхад зб. паэзіі Я.Купалы «Жалейка» і апублікаваў яго верш «Да мужыка». Выйшла 148 нумароў. Выданне спынена ў выніку суд. праследаванняў і адм. спагнанняў.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
У.М.Конан.
т. 10, с. 455