Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАДЫЁСПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел спектраскапіі, які вывучае спектры паглынання рэчывам радыёхваль высокачастотнага дыяпазону. Паглынанне абумоўлена квантавымі пераходамі магн. момантаў электронаў (гл. Электронны парамагнітны рэзананс) і ядзер (гл. Ядзерны магнітны рэзананс) атамаў рэчыва, эл. квадрупольных момантаў ядзер (гл. Ядзерны квадрупольны рэзананс) ці вярчальных момантаў малекул у газах (гл. Вярчальныя спектры).

Пачаткам развіцця Р. з’явілася стварэнне ў 1940-я г. тэхн. сродкаў генерацыі і метадаў выкарыстання радыёхваль дэцы-, санты- і міліметровага дыяпазонаў, а таксама адкрыццё заканамернасцей іх паглынання рэчывам. Выкарыстоўваюць у фізіцы, хіміі, біялогіі, тэхніцы для даследавання ўнутр. структуры і атамна-малекулярнай дынамікі цвёрдых цел, вадкасцей і газаў, кінетыкі і механізму хім. і біяхім. рэакцый, вызначэння структуры і канфігурацыі малекул, структуры прымесей і дэфектаў, вымярэння магн. палёў, т-ры, ціску, для неразбуральнага кантролю матэрыялаў і вырабаў, а таксама ў медыцыне для атрымання дыягнастычных здымкаў унутр. органаў (гл. Тамаграфія).

На Беларусі метады Р. развіваюцца і выкарыстоўваюцца пры навук. даследаваннях у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Таунс Ч., Шавлов А. Радиоспектроскопия: Пер. с англ. М., 1959;

Абрагам А. Ядерный магнетизм: Пер. с англ. М., 1963;

Физические основы квантовой радиофизики. Л., 1985.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 13, с. 235

РАДЫЁСПОРТ,

комплексныя спаборніцтвы з выкарыстаннем прымальнай і перадавальнай радыёапаратуры ў спалучэнні з агульнафіз. практыкаваннямі; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграмы спаборніцтваў уваходзяць: скарасны прыём і перадача радыёграм, мнагабор’е радыстаў (прыём і перадача радыёграм, абмен радыёграмамі ў радыёсетцы з 3 радыёстанцый, спарт. арыентаванне на мясцовасці і спарт. радыёпеленгацыя, т. зв. «паляванне на лісоў»), радыёсувязь на кароткіх і ультракароткіх хвалях, радыёаматарскае канструяванне.

Міжнар. радыёаматарскі саюз створаны ў 1925. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1925 (на кароткіх хвалях), Еўропы — з 1956 (на ультракароткіх хвалях), штогод. «Паляванне на лісоў» узнікла ў 1940-я г. (ЗША), чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1961, чэмпіянаты свету — з 1980. Еўрап. чэмпіянаты да 1964 праводзіліся штогод, пазней — 1 раз у 2 гады, з 1980 чаргуюцца з чэмпіянатамі свету. Мнагабор’е з’явілася ў канцы 1950-х г. (Польшча). Па скарасной радыётэлеграфіі чэмпіянаты свету праводзяцца з 1995, 1 раз у 2 гады. Найб. развіты Р. у Аргенціне, Беларусі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Швецыі і інш.

На Беларусі Р. развіваецца з 1924, федэрацыя Р. створана ў 1959. Каманда Беларусі — абс. чэмпіён свету (1995), уладальнік Кубка свету (1997). На чэмпіянатах свету 1997 і 1999 бел. спартсмены ў асабістым заліку заваявалі па 35 медалёў з агульных 72. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету А.​Астроўскі (1997), Л.​Барысенка (1995, 1997), А.​Біндасаў (1995, 1996, 1997), Р.​Волкава (1999), В.​Гагарын (1995), Я.​Гаўрылаў і Г.​Карабушчанка (1991), У.​Каралёў (1995); тройчы абс. чэмпіёнка свету І.​Цяцерская (1992, 1995, 1999) і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 235

РАДЫЁСТА́НЦЫЯ,

комплекс радыёэлектронных прылад, прыстасаванняў і абсталявання, прызначаных для перадачы і (ці) прыёму інфармацыі з дапамогай радыёхваль. Адрозніваюць перадавальныя, прыёмныя і прыёмна-перадавальныя; па даўжыні хваль — доўга-, сярэдне-, каротка- і ультракароткахвалевыя. Бываюць стацыянарныя, на рухомых аб’ектах (аўтамабілях, самалётах, суднах) і пераносныя. Атрымалі пашырэнне Р. дуплекснай сувязі з убудаванымі мікраЭВМ: сотавы радыётэлефон, радыёмадэм, тэлефонны радыёпадаўжальнік, а таксама Р. транкінгавай сувязі.

Асн. вузлы перадавальнай Р.: радыёперадатчык, антэна (са злучальным фідэрам), крыніца сілкавання; прыёмнай — радыёпрыёмнік, антэна (з фідэрам ці без яго) і крыніца сілкавання. Асн. патрабаванні да тэхн. сродкаў перадавальных Р.: стабільнасць частаты і магутнасці выпрамяняльных радыёхваль; дакладнасць перадавальнай інфармацыі; высокі ккдз; адсутнасць пабочнага выпрамянення за межамі ўстаноўленай паласы частот. Тэхн. сродкі прыёмных Р. павінны задавальняць патрабаванням: нескажонае ўзнаўленне інфармацыі; дастатковая адчувальнасць да радыёсігналаў; здольнасць вылучаць сігналы патрэбнай частаты; стабільнасць прыёму радыёсігналу.

В.​М.​Ляўковіч.

Структурная схема малагабарытнай радыёстанцыі: 1 — мікрафон; 2 — радыёперадатчык; 3 — антэна; 4 — пераключальнік; 5 — радыёпрыёмнік; 6 — дынамік.

т. 13, с. 235

РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,

перадача і прыём інфармацыі з дапамогай радыёхваль; від электрасувязі. Бывае адна- і двухбаковая сувязь, адна- і многаканальная сувязь. На вял. адлегласці (гл. Далёкая сувязь) інфармацыю перадаюць сродкамі касмічнай сувязі. У залежнасці ад формы перададзенай інфармацыі адрозніваюць радыётэлегр., радыётэлеф. сувязь, тэлебачанне, фотатэлеграф і інш.

Зыходная інфармацыя ў радыёперадатчыку пераўтвараецца ў радыёсігналы — эл. ваганні нясучай частаты, прамадуляванай на амплітудзе, частаце ці фазе ў адпаведнасці з зададзеным паведамленнем (гл. Мадуляцыя), якія выпрамяняюцца перадавальнай антэнай у навакольнае асяроддзе, дасягаюць прыёмнай антэны і паступаюць ў радыёпрыёмнік. дзе пераўтвараюцца ў сігналы, адэкватныя перададзенаму паведамленню.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 235

РАДЫЁТЭАТР,

адна з форм літ.-драм. радыёвяшчання; від радыёвяшчання мастацкага. Аб’ядноўвае трансляцыі тэатр. спектакляў, адаптаваных для радыё («Тэатр ля мікрафона»), і арыгінальныя драм. творы, спецыяльна напісаныя для пастаноўкі ў радыёстудыі (радыёп’есы, радыёінсцэніроўкі) з маст. структурай, разлічанай на слыхавое ўспрыманне. Асн. выразныя сродкі Р. — слова, музыка, шумавое адлюстраванне. У Р. найб. ўвага аддаецца гукагаласавой характарыстыцы вобраза, гукашумавой атмасферы дзеяння з мэтай выклікаць у слухача суперажыванне і ўяўленне.

Узнік у 1924 у Вялікабрытаніі (перадача лонданскай радыёстанцыяй у эфір радыёдрамы «Небяспека» Р.​Х’юза). У б. СССР адбылася ў 1925 прэм’ера радыёп’есы «Вечар у Марыі Валконскай» М.​Валконскага. Напачатку трансліраваліся пераважна спектаклі са сцэн маскоўскіх т-раў. У 1927 у Маскве, у будынку Цэнтр. тэлеграфа, быў адкрыты Радыётэатр з драм. павільёнамі і тэатр. залай для пастаноўкі радыёп’ес у прысутнасці гледачоў. У канцы 1920-х г. радыёп’есы ставіла і ленінградская радыёстудыя. У Расіі радыёп’есы ставяцца ў студыях Дзярж. рас. радыё і ў Астанкіна.

На Беларусі радыёдраматургія развівалася ў жанры інсцэніроўкі паводле літ. твораў, арыгінальных п’ес, створаных для радыё з улікам яго спецыфікі і асаблівасцей, і трансляцыі або радыёмантажу тэатр. спектакля. Правобразам бел. радыёдраматургіі была інсцэніроўка Ц.​Гартнага «Чорт і баба» ў трансляцыі творчага вечара, прысвечанага бел. мастацтву (1928). З адкрыццём новай радыёстанцыі (1931) пашырыліся магчымасці маст. вяшчання. Інсцэніраваліся творы Я.​Коласа (апавяданні «Соцкі падвёў», «Нёманаў дар», «Недаступны», аповесці «На прасторах жыцця», «Адшчапенец»), М.​Лынькова («Над Бугам», «Андрэй Лятун»), З.​Бядулі («Пяць лыжак заціркі», «Начлежнікі», «Дэлегатка», «Рунь»), К.​Чорнага («Хвоі гавораць», «Вераснёвыя ночы», «Лявон Бушмар»). Пачаліся трансляцыі спектакляў з т-раў і клубаў. Для радыёслухачоў свае рэпертуарныя спектаклі ігралі калектывы БДТ-1 і БДТ-2, якія таксама дапамагалі рабіць інсцэніроўкі літ. твораў. Адна з першых радыёп’ес — «Радня» (1934) В.​Палескага. Пазней пастаўлены п’есы «На платформе» В.​Сташэўскага, «Хвароба Лаўрэна» А.​Ільінскага, «Канец дружбы» К.​Крапівы. У 1930-я г. акрэслілася вобразна-эстэт. прырода і асн. прынцыпы Р. як маст. з’явы. У радыёп’есе ўмелае спалучэнне сродкаў гукавой рэалізацыі вуснай мовы з шумавым і муз. выяўл. радамі давалі магчымасць рэжысёру будаваць фанічныя «мізансцэны» і «дэкарацыі», накіраваныя пераважна на абуджэнне асацыятыўна-вобразнага мыслення слухача, яго творчай фантазіі. У сярэдзіне 1930-х г. літ.-драм. і муз. творы былі аб’яднаны ў адзіную рубрыку-студыю «Радыётэатр» (кіраўнік І.​Любан). Пры літ.-драм. аддзеле існавала спец. трупа артыстаў, якая ўдзельнічала ў пастаноўцы спектакляў і інсцэніровак на радыё. Некат. з іх акрамя бел. вяліся на рус., польскай, літ., яўр. мовах. Сярод пастановак 2-й пал. 1930—пач. 1940-х г., якія вылучаліся высокім маст. узроўнем, «Курган» паводле паэмы Я.​Купалы, «Дрыгва» паводле аповесці Я.​Коласа, «Трэцяе пакаленне» паводле рамана К.​Чорнага, «Баян» паводле апавядання Лынькова, «Атаман» паводле аповесці «Тэорыя Каленбрун» Э.​Самуйлёнка, спектаклі па п’есах «Паўлінка» Я.​Купалы, «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы. Арыгінальныя радыёп’есы былі эпізадычнай з’явай. У канцы 1940—50-х г. вял. папулярнасць набыла рубрыка «Тэатр ля мікрафона». У радыёпастаноўках аўтары звярталіся да маст. асэнсавання падзей Вял. Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча, «Гэта было ў Мінску» А.​Кучара. Створаны радыёпастаноўкі паводле празаічных твораў: «У добры час» І.​Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака. У 1960-я г. сатыр. радыёпастаноўкай «Мілы чалавек» К.​Крапівы пачаўся новы этап бел. Р. Са з’яўленнем тэлебачання пазбаўленае зрокавасці радыё павінна было ў большай ступені арыентавацца на ўяўленне і суперажыванне слухача. Асн. акцэнт рабіўся на развіццё і паглыбленне думак і пачуццяў персанажаў: унутр., псіхал. сутыкненні выяўляліся ў вострым, насычаным думкамі дыялогу, праз які даваліся выразныя характарыстыкі героям. У 1960—70-я г. пастаўлены радыёнавела «Зорка Венера» Б.​Бур’яна і І.​Нісневіча, радыёспектаклі паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вайна пад стрэхамі» А.​Адамовіча, «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» І.​Мележа, «Жураўліны крык» В.​Быкава, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Франтавік» і «Канец бабінага лета» А.​Асіпенкі, «Глыбокі агонь» Л.​Гаўрылкіна, «І нічога ўзамен» А.​Савіцкага, «Новая зямля» Я.​Коласа, «Руіны страляюць ва ўпор» І.​Новікава, «Васіль Корж» С.​Грахоўскага, шматсерыйная радыёэпапея Лынькова «Векапомныя дні». З сярэдзіны 1960-х г. шэраг радыёп’ес ствараўся паводле арыгінальнай драматургіі: «Інтэгралы на цэгле» В.​Лукшы, «Была вайна народная» А.​Ястрабава, «Будзь рыцарам, мужчына!» М.​Матукоўскага, «Гавайская легенда» У.​Мехава, «Каб узышло сонца» Р.​Бакіевіча і А.​Пётуха, «Праўда адна» А.​Шлега, «Такая служба» А.​Пінчука, «Званы Віцебска» У.​Караткевіча. У 1980-я г. значным дасягненнем сталі радыёпастаноўкі паводле твораў Быкава «Пайсці і не вярнуцца», М.​Танка «Мікола Дворнікаў», Шамякіна «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль», Мележа «Мінскі напрамак», А.​Куляшова «Хамуціус», Я.​Коласа «Рыбакова хата» (за 2 апошнія Дзярж. прэмія Беларусі 1984), А.​Савіцкага «Самы высокі паверх», Т.​Хадкевіча «Песні Дзвіны», П.​Місько «Градабой», В.​Казько «Неруш», Мехава «Іду на цябе», І.​Чыгрынава «Свае і чужынцы», адаптаваная для радыё п’еса А.​Петрашкевіча «Злавеснае рэха». 1990-я г. вызначыліся з’яўленнем новых арыгінальных радыёп’ес і пастановак: «Купала» А.​Дударава ў пастаноўцы Брэсцкага т-ра драмы і музыкі, «Былыя вяскоўцы» М.​Пацёмкіна, «Апошняя тэлеграма» і «Час дыназаўра» Л.​Шчэрбача, «Спытай сэрца сваё» Ф.​Палачаніна, «Дарога на дваіх» М.​Калошкі, «Вяртанне» У.​Хатэнкі, «Марыя-Лэн» Л.​Шэлег, «Дзень нараджэння» паводле аповесці Э.​Пенанен «Маці і сын», «Палескія вандроўнікі» Г.​Пашкова (Дзярж. прэмія Беларусі 1999).

З 1960 працуе дзіцячы Р. «Купалінка». Для юных слухачоў створаны радыёп’есы паводле твораў бел., рас. і замежных аўтараў. Сярод лепшых: «Чацвёрты пазванок» М.​Ларні (1961), «Рак-вусач» Я.​Коласа, «Адгукніся песняй» А.​Дзіжарава (абедзве 1962), «Разлівы рэк» К.​Паустоўскага (1965), «Па той бок Пірэнеяў» Ж.​Грывы (1966), «Краіна Мурлындзія» З.​Браварскай (1967), «Поезд адыходзіць праз гадзіну» Г.​Бёля (1970), «Цудоўная дудка» В.​Вальскага «Палескія рабінзоны» Я.​Маўра (абедзве 1974), «Міколка-паравоз» Лынькова (1975), «Гарачае лета» С.​Грахоўскага (1977), «Гарачы камень» А.​Гайдара (1978), «Твой сын Уладзімір Ульянаў» Т.​Абакумоўскай, «Андрэй Лятун» Лынькова (абедзве 1979), «Юрка — сын камандзіра» М.​Кругавых (1980), «Трое з плошчы Каранд» К.​Крапівы (1981), «Сямёра салдацікаў» Ю.​Якаўлева, «Навасёлы» Місько (абедзве 1982), «Я — унук капітана» А.​Васілевіч, «Лацароні» Я.​Маўра, «Гарачым летам» Ф.​Абрамава (усе 1983), «Сцяг брыгады» Куляшова, «Сярэбраная табакерка» З.​Бядулі, «Салдацёнак» Ч.​Айтматава (усе 1984), «Памяць далёкіх гадоў» М.​Парахневіча, «Пад шыфрам «Зорачка» Лукшы, «Расплата» У.​Цендракова (усе 1985). Арыгінальную музыку для радыёспектакляў стварылі кампазітары М.​Аладаў, А.​Багатыроў, У.​Буднік, Я.​Глебаў, А.​Залётнеў, У.​Кандрусевіч, І.​Лучанок, І.​Любан, А.​Мдывані, П.​Падкавыраў, С.​Палонскі, В.​Помазаў, Р.​Пукст, Л.​Свердэль, А.​Туранкоў, М.​Чуркін.

Значны ўклад у развіццё бел. Р. зрабілі рэжысёры Л.​Алендэр, Т.​Аляксеева, В.​Анісенка, У.​Багалюбскі, С.​Гурыч, П.​Данілаў, І.​Лапцінскі, М.​Троіцкая, С.​Сцефановіч; акцёры Г.​Аўсяннікаў, З.​Браварская, Г.​Глебаў, Л.​Давідовіч, П.​Дубашынскі, У.​Дзядзюшка, М.​Захарэвіч, А.​Клімава, Г.​Макарава, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў, Л.​Рахленка, Л.​Ржэцкая, С.​Станюта, З.​Стома, В.​Тарасаў, І.​Шаціла, Р.​Янкоўскі.

Літ.:

Марченко Т.А. Радиотеатр: Страницы истории и некоторые пробл. М., 1970;

Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;

Шерель А.А. Рампа у микрофона: Театр и радио: пути взаимного влияния. М., 1985;

Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.

В.​М.​Шэін.

т. 13, с. 235

РАДЫЁТЭЛЕМЕХА́НІКА,

галіна тэлемеханікі, у якой для перадачы каманд кіравання і кантрольнай (вымяральнай і сігнальнай) інфармацыі выкарыстоўваюцца каналы радыёсувязі. Кіраванне стацыянарнымі аб’ектамі (напр., эл. падстанцыямі, метэастанцыямі, ірыгацыйнымі сістэмамі) ажыццяўляецца пераважна па радыёрэлейных лініях сувязі.

т. 13, с. 236

РАДЫЁТЭЛЕСКО́П (ад радыё... + тэлескоп) прылада для прыёму, рэгістрацыі і даследавання радыёвыпрамянення касм. аб’ектаў. Пры дапамозе Р. даследуюцца інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення, яго спектральная шчыльнасць, палярызацыя, вызначаюцца каардынаты крыніцы радыёвыпрамянення на нябеснай сферы.

Складаецца з накіраванай прыёмнай антэны (многаэлементнай або люстраной у выглядзе парабалічнага металічнага суцэльнага ці рашэцістага люстэрка) і высокаадчувальнага радыёпрыёмнага ўстройства (радыёметра) для рэгістрацыі і вымярэння характарыстык выпрамянення. Люстэрка Р. значна большае, чым у аптычных тэлескопаў. Напр., дыяметр нерухомага люстэрка Р. пабудаванага ЗША ў кратэры вулкана Арэсіба (Пуэрта-Рыка), 305 м. Найбуйнейшы кальцавы Р. з антэнай пераменнага профілю — РАТАН-600. Найб. высокую раздзяляльную здольнасць (павялічваецца з ростам базы) маюць радыёінтэрферометры (гл. Інтэрферометр). Напр., для сістэмы двух Р. у Сімеізе (Украіна) і ў Голдстане (ЗША) — база 9485 км — дасягнута раздзяленне 0,0001 (пад такім вуглом з Зямлі бачны след нагі касманаўта на Месяцы). Пры дапамозе радыёінтэрферометраў атрымана высокае раздзяленне многіх радыёгалактык. Гл. таксама іл. да арт. РАТАН-600.

А.​А.​Шымбалёў.

Радыётэлескоп у кратэры вулкана Арэсіба.

т. 13, с. 236

РАДЫЁТЭ́ХНІКА,

навука аб метадах генерацыі, распаўсюджвання ў прасторы, прыёму і выкарыстання радыёхваль; галіна тэхнікі, якая ажыццяўляе распрацоўку, выраб і выкарыстанне радыёапаратуры. Асн. прынцып — выкарыстанне энергіі эл.-магн. поля для перадачы інфармацыі. Грунтуецца на дасягненнях фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела, тэорыі ваганняў і інш., а таксама тэхналогіі вакуумных і паўправадніковых прылад, вытв-сці крыніц электрасілкавання, тэхнікі высокачастотных вымярэнняў і інш.

Даследаванні М.Фарадэя эл. і магн. палёў (1831) далі пачатак вучэнню аб распаўсюджванні эл.-магн. поля без правадоў. На іх аснове Дж.​К.​Максвел абгрунтаваў аднолькавасць прыроды светлавых і эл.-магн. хваль (1864), што пацверджана эксперыментальна Г.Герцам (1888). У 1895 А.С.Папоў прадэманстраваў сістэму перадачы — прыёму радыёсігналаў, прыдатную для практычнага выкарыстання. На пач. этапе развіцця Р. створаны прасцейшыя перадавальныя і прыёмныя радыёапараты для забеспячэння радыёсувязі. Далёкасць і якасць радыёсувязі істотна выраслі з пераходам на слыхавы прыём сігналаў і выкарыстаннем дэтэктара. Вынаходства электронных лямпаў дало магчымасць стварыць магутныя радыёперадатчыкі, высакаякасныя радыёпрыёмнікі і інш. радыёапаратуру, значна павялічыць далёкасць радыёсувязі, развіць радыётэлефанію і радыёвяшчанне, перадаваць відарыс — фотатэлеграфію і тэлебачанне. Дасягненні Р. садзейнічалі ўзнікненню новых галін навукі і тэхнікі: радыёастраноміі, радыёметэаралогіі, радыёспектраскапіі і інш. На аснове Р. і электронікі ўзнікла радыёэлектроніка. Павышэнню эфектыўнасці радыётэхн. апаратуры садзейнічала выкарыстанне паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, малекулярных і параметрычных генератараў і ўзмацняльнікаў, квантавых генератараў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р. вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ і інш.; працуюць радыётэхн. з-ды, якія выпускаюць радыёпрыёмнікі, тэлевізары і інш. радыётэхн. апаратуру.

Літ.:

Бытовая радиоэлектронная техника: Энцикл. справ. Мн., 1995.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 237

РАДЫЁТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для радыёсувязі і тэлебачання, сродкі радыё- і правадной сувязі, шырокавяшчальныя радыёпрыёмнікі і тэлевізары, электронныя ўзмацняльнікі, электраакустычныя прыстасаванні, спец. тэхнал. абсталяванне. Найб. развітая Р.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Рэспубліцы Карэя, Кітаі, Нідэрландах. На Беларусі радыёпрыёмнікі выраблялі на Мінскім радыёзаводзе з 1940 (з 1950-х г. Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7»; з 1992 Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі). З 1951 працуе 2-і радыёзавод (у 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т»), з 1997 — Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт». Як самастойная галіна Р.п. пачала фарміравацца з 1950-х г. У 1957 пабудаваны Віцебскі завод радыёдэталей; у 1976—78 — Віцебскі тэлевізійны з-д (з 1989 уваходзіць у Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь»). Працуе больш за 50 прадпрыемстваў Р.п. (2000). Сярод іх: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» ў г. Маладзечна (стэрэамагнітолы і радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевіз. апаратура) і інш.; у Віцебску бел.-швейц. прадпрыемства «Euromedia» (каляровыя тэлевізары з камплектацыяй дэталей фірм «Toshiba», «Hitachi», «Philips». Выпушчана 195 тыс. радыёпрыёмнікаў, 516 тыс. тэлевізараў, у т. л. 433 тыс. каляровых (1999). Прадукцыя Р.п. экспартуецца ў многія краіны свету, у т. л. ў Расію, на Украіну і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 13, с. 237

РАДЫЁТЭХНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ,

род войск для вядзення радыёлакацыйнай разведкі паветраных цэлей, радыёлакацыйнага забеспячэння баявых дзеянняў часцей і злучэнняў проціпаветранай абароны і інш.

Узніклі ў пач. 1-й сусв. вайны, калі авіяцыя стала адным са сродкаў узбр. барацьбы. З 1932 у СССР ствараліся падраздзяленні паветр. назірання, апавяшчэння і сувязі (ПНАС). Пераўзбраенне войск ПНАС радыёлакацыйнымі сістэмамі выклікала неабходнасць фарміравання (1952) Р.в. ППА.

Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў (у т. л. асобных) і ўтвараюць на тэр. краіны адзіную цэнтралізаваную сістэму. Гал. задачы Р.в.: выяўленне паветр. аб’ектаў, вызначэнне каардынат, саставу і параметраў іх руху, кантроль за палётамі сваёй авіяцыі, апазнаванне і суправаджэнне розных класаў (тыпаў) цэлей праціўніка і забеспячэнне камандавання інфармацыяй. Р.в. выкарыстоўваюцца таксама для кіравання баявымі дзеяннямі, цэлеўказання зенітным ракетным комплексам, навядзення знішчальнікаў на паветр. цэлі і інш. Асн. сродкі выяўлення паветр. цэлей — радыёлакацыйныя станцыі і комплексы, а таксама сродкі аўтам. сістэм кіравання, перадачы даных, прыстасаванні адлюстравання інфармацыі і інш. На Беларусі Р.в. з’яўляюцца родам войск ППА; радыётэхн. часці і падраздзяленні існуюць і ў інш. відах Узбр. Сіл.

Літ.:

Дружинин В.В. Радиотехнические войска ПВО. М., 1968;

Лобанов М.М. Развитие советской радиолокационной техники. М., 1982;

Костенко В.В. ПВО. Взгляд в завтра // Армия. 2000. № 5.

І.​М.​Нераслаўскі.

Да арт. Радыётэхнічныя войскі. Радыёлакацыйная станцыя «Гама» для выяўлення паветраных цэлей.

т. 13, с. 237