Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МЁРТВАЯ ЗО́НА радыёпрыёму, зона маўчання,

зона ў наваколлі радыёперадатчыка, дзе адсутнічае радыёпрыём. Шырыня М.з. залежыць ад магутнасці перадатчыка, вугла ўзвышэння максімуму яго выпрамянення адносна паверхні Зямлі і стану іанасферы.

Найб. часта ўзнікае на дэкаметровых хвалях і тлумачыцца асаблівасцямі іх распаўсюджвання. Паверхневыя хвалі, якія распаўсюджваюцца ўздоўж зямной паверхні, затухаюць на адносна невял. адлегласці (некалькі дзесяткаў кіламетраў) ад перадатчыка, а адбітыя ад іанасферы вяртаюцца на паверхню Зямлі на значна большай адлегласці (сотні і тысячы кіламетраў), што вядзе да ўтварэння М.з.

т. 10, с. 328

МЁРТВАЯ МО́ВА,

мова, якая выйшла з ужытку і вядомая толькі па пісьмовых помніках ці запісах, што дайшлі з часу, калі яна была жывой. Часта захоўваецца ў жывым ужыванні ў якасці мовы культу (копцкая мова як мова богаслужэння ў хрысціян-егіпцян, лацінская мова ў каталіцкай царкве, царкоўнаславянская мова ў праваслаўнай царкве, класічная тыбецкая мова ў ламаісцкай царкве ў манг. народнасцей). Больш рэдкім з’яўляецца адначасовае выкарыстанне М.м. ў якасці саслоўнай (каставай жрэцкай, што звязана з яе культавай роляй) і літаратурнай, напр., санскрыт у стараж. і сярэдневяковай Індыі. М.м. можа выкарыстоўвацца ў навуцы (лац. мова). Лексіка М.м. характарызуецца колькаснай абмежаванасцю, лексемамі, значэнне якіх застаецца невядомым, і лексемамі, якія трапляюцца ў тэкстах толькі адзін раз. У выключных сац. умовах магчыма пераўтварэнне М.м. культу ў размоўную (напр., іўрыт). Многія з М.м. сталі набыткам навукі ў выніку дэшыфроўкі іх пісьмовых помнікаў.

т. 10, с. 328

«МЁРТВАЯ ПЯТЛЯ́» ў авіяцыі,

тое, што Несцерава пятля.

т. 10, с. 329

МЁРТВЫ КУЛТУ́К,

саланчак (шор) на ПнУ ад п-ва Бузачы, у межах Мангістаўскай вобл., у Казахстане. Утварыўся ў найб. паніжаных участках днішча высахлага зал. Камсамолец (Каспійскае м.). Саланчаковая раўніна з невял. (выш. да 2 м) пясчанымі ўзгоркамі.

т. 10, с. 329

«МЁРТВЫ ЛЁД»,

маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».

т. 10, с. 329

МЁРФІ ((Murphy) Уільям Пары) (6.2.1892, г. Стоўтан, штат Вісконсін, ЗША — 9.10.1987),

амерыканскі тэрапеўт-гематолаг. Скончыў вышэйшую школу ў Арэгоне (1914). З 1922 у шпіталі г. Бостан, адначасова з 1923 у Гарвардскай мед. школе (з 1935 праф.). Навук. працы па лячэнні цукр. дыябету і захворванняў крыві. Распрацаваў дыету з сырой печані для лячэння перніцыёзнай анеміі, методыку лячэння анемій унутрымышачным увядзеннем пячоначнага экстракту. Нобелеўская прэмія 1934 (разам з Дж.Р.Майнатам і Дж.Х.Уіплам).

У.Мёрфі.

т. 10, с. 329

МЁРЫ,

горад у Віцебскай вобл., гл. Міёры.

т. 10, с. 329

МЁРЫЦА,

рака ў Міёрскім р-не, левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 224 км². Выцякае з Мёрскага возера каля г. Міёры, цячэ ў межах Браслаўскай грады. Даліна выразная, скрынкападобная, на вял. працягу слабазвілістая, шыр. 200—400 м. Пойма перарывістая, чаргуецца па берагах, шыр. 50—100 м. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 5—7 м.

т. 10, с. 329

МЁСБА́ЎЭР ((Mōssbauer) Рудольф Людвіг) (н. 31.1.1929, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Баварскай АН (1967), замежны чл. Нац. АН ЗША (1978), Рас. АН (1982) і інш.

Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1955), у 1964—72 і з 1977 праф. гэтага ун-та. У 1960—64 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1961 праф.). У 1972—77 дырэктар Ін-та Лаўэ—Ланжэвэна ў г. Грэнобль (Францыя). Навук. працы па гама-спектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. і нейтрыннай фізіцы. У 1958 адкрыў з’яву ядз. гама-рэзанансу (гл. Мёсбаўэра эфект). Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1985). Нобелеўская прэмія 1961 (разам з Р.Хофстэдтэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Эффект RK и его значение для точных измерений // Наука и человечество. М., 1962;

Резонансная спектроскопия гамма-излучения: Лекция. М., 1970.

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Мёсбаўэр.

т. 10, с. 329

МЁСБА́ЎЭРА ЭФЕ́КТ,

рэзананснае выпрамяненне і паглынанне гама-квантаў атамнымі ядрамі. Адкрыты ў 1958 Р.Л.Мёсбаўэрам. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўнутраных эл. і магн. палёў у крышталях, ваганняў атамаў крышт. рашоткі, пры правядзенні хім. аналізу і інш. З’яўляецца самым дакладным метадам вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення, напр., з дапамогай М.э. вызначана гравітацыйнае чырвонае зрушэнне частаты фатонаў, прадказанае адноснасці тэорыяй.

Назіраецца для ядраў з малымі (да 150 кэВ) энергіямі ўзбуджэння, напр., для жалеза-57, волава-119, цынку-67, ірыдыю-191; адпаведныя лініі выпрамянення маюць амаль натуральную шырыню. Пры выпрамяненні (ці паглынанні) гама-кванта свабоднае ядро набывае пэўны імпульс і адпаведную энергію аддачы. Значэнне гэтай энергіі істотна перавышае шырыню лініі выпрамянення, а імавернасць рэзананснага паглынання малая. М.э. узнікае, калі імпульс аддачы перадаецца ўсяму крышталю як цэламу, у выніку чаго энергія на аддачу не выдаткоўваецца і энергетычны спектр выпрамянення (паглынання) мае вузкую лінію, энергія якой роўная энергіі адпаведнага пераходу.

А.​Л.​Халмецкі.

т. 10, с. 329