Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МЕЛЬНІЧЭ́НКА (Эдуард Міхайлавіч) (н. 20.10.1939, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне стаматалогіі. Д-р мед. н. (1988), праф. (1989). Засл. дз. нав. Беларусі (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966), з 1972 працуе ў ім (з 1979 заг. кафедры). Навук. працы па захворваннях слізістых абалонак поласці рота, эпідэміялогіі і прафілактыцы карыесу, дзіцячай стаматалогіі.

Тв.:

Заболевания пародонта и слизистой оболочки полости рта у детей. М., 1983 (разам з Т.​Ф.​Вінаградавай, В.​П.​Максімавай);

Вирус простого герпеса и его роль в патологии человека. Мн., 1986 (у сааўт.);

Профилактика стоматологических заболеваний. Мн. 1990.

т. 10, с. 279

МЕ́ЛЬНСКІ ДАГАВО́Р 1422.

Заключаны паміж Польшчай і ВКЛ з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога 27.9.1422 каля воз. Мельна (у сутоках р. Вісла і Аса, Польшча) пасля няўдалай для ордэна вайны. Крыжакі саступілі Польшчы частку Куявіі з г. Няшава і канчаткова адмовіліся ад прэтэнзій на Жамойць, якая паводле ўмоў Тарунскага міру 1411 перадавалася ордэну пасля смерці вял. князя ВКЛ Вітаўта. М.д. завяршыў апошнюю вайну паміж ордэнам і ВКЛ і канчаткова ўсталяваў мяжу паміж імі.

А.​В.​Белы.

т. 10, с. 279

МЕЛЬПАМЕ́НА (грэч. Melpomenē якая спявае),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з дзевяці муз, апякунка трагедыі. На ант. выявах і ў скульптуры М. — жанчына, упрыгожаная вінаградным лісцем, у вянку з плюшчу, з трагічнай тэатр. маскай у адной руцэ і з па́ліцай або мячом у другой. Ад бога ракі Ахелоя нарадзіла сірэн. У пераносным сэнсе М. — мастацтва трагедыі, трагедыя, увогуле тэатр.

т. 10, с. 279

МЕЛЬХІЁР [ням. Melchior, скажэнне франц. maillechort ад імён франц. вынаходнікаў гэтага сплаву Маё (Maillot) і Шар’е (Chorier)],

сплаў медзі з 20—30% нікелю; медна-нікелевы сплаў. Звычайна мае дабаўкі жалеза (0,8%) і марганцу (каля 1%).

У 19 ст. да М. адносілі таксама сплаў медзі з нікелем і цынкам (нейзільбер) і пасярэбраную латунь (вырабы з іх няправільна наз. мельхіёравымі).

т. 10, с. 279

МЕ́ЛЬЦЭР (Давыд Барысавіч) (н. 16.2.1925, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. гісторык-славіст. Д-р гіст. н. (1975), праф. (1977). Скончыў БДУ (1948). З 1951 выкладаў у Мінскай школе прафс. руху ВЦСПС. У 1954—92 дацэнт, праф. гіст. ф-та БДУ. У 1972, 1974, 1978 чытаў спец. курс у Сафійскім ун-це (Балгарыя). З 1992 жыве ў ЗША. Аўтар прац пераважна па гісторыі Балгарыі, сав.-балг. і бел.-балг. адносін у 19—20 ст.

Тв.:

Социалистической Болгарии — 20 лет. Мн., 1964;

Советско-болгарские отношения (1917—1935 гг.). Мн., 1975;

Национальной свободе Болгарии 100 лет. Мн., 1978 (разам з Й.​Тончавым);

Белоруссия и Болгария: Дружба вечная, нерушимая, 681—1981. Мн., 1981.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 10, с. 279

МЕ́ЛЬЧАНКА (Таісія Васілеўна) (н. 15.10.1947, в. Маркавічы Гомельскага р-на),

бел. пісьменніца. Скончыла Гомельскі ун-т (1970). У 1971—97 настаўнічала. Друкуецца з 1963. Звяртаецца да гісторыі народа, складаных праблем сучаснасці, чарнобыльскай бяды, тэм смерці і бяссмерця, ролі паэта і паэзіі ў жыцці (паэтычныя зб-кі «Бацькоўскі дом», 1989; «Званок у верасень», 1992; «Каласы болю», 1994; «Добры знак», 1997; «Бярэста памяці», 1998). Выдала зб. перакладаў сусветнай л-ры «Сябрына» (1998). З 1988 выступае і як празаік, раскрывае маральна-этычныя і сямейныя праблемы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 279

МЕЛЯШЭ́ВІЧ (Аляксей Уладзіміравіч) (н. 1.4.1932, в. Нарутавічы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1972 у Гродзенскім ун-це (з 1991 заг. кафедры). Навук. працы па рэгіянальным патагенезе гнойна-запаленчых працэсаў скуры і падскурнай клятчаткі, хуткасці гаення ран у людзей рознага ўзросту, гістатапаграфіі, прафілактыцы і лячэнні панарыцыю і флегмоны кісці, органазахавальных аперацыях.

Тв.:

Посттравматические остро-инфекционные заболевания кисти. Мн., 1987 (разам з С.​А.​Паўловічам);

Бесшовный гемостаз при травме почки в эксперименте // Здравоохранение. 1997. № 3;

Панариций и флегмона кисти: В 3 ч. Ч. 1—2. Гродно, 1997—99.

т. 10, с. 279

МЕМАРА́НДУМ (лац. memorandum літар. тое, пра што трэба помніць),

1) дыпламатычны дакумент, у якім падрабязна выкладаецца фактычны бок міжнар. пытання, даецца аналіз тых або інш. палажэнняў, прыводзіцца абгрунтаванне пазіцыі дзяржавы.

2) У гандлі — пісьмо з напамінкам пра што-н.

3) Дакладная запіска, службовая даведка па якім-н. пытанні.

4) Пералічэнне ў полісах небяспек, страхаванне ад якіх не праводзіцца.

т. 10, с. 279

МЕМАРЫЯ́Л (італьян. memoriale ад лац. memorialis памятны),

1) памятная кніга, дзённік.

2) Спартыўныя спаборніцтвы, прысвечаныя памяці выдатных спартсменаў, а таксама асоб, што зрабілі важкі ўклад у развіццё спорту.

3) М., мемарыяльны ансамбль — архітэктурна-маст. комплекс, створаны ў гонар тых, хто па-геройску загінуў, а таксама выдатных дзеячаў або гіст. падзей.

т. 10, с. 279

МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ ДО́ШКА,

пліта (звычайна з каменю, металу) з надпісам і выявай (рэльеф, гравіроўка), якая ўвекавечвае памяць пра выдатную асобу ці знамянальную падзею. Устанаўліваецца звычайна на фасадах, радзей у інтэр’ерах будынкаў. М.д. вядомы ў Стараж. Рыме. З 19 ст. пашыраны ў многіх краінах Зах. Еўропы, у т. л. на Беларусі (А.​Міцкевічу ў Навагрудку, У.​Сыракомлі ў касцёле езуітаў у Нясвіжы). Шмат М.д. устаноўлена ў 1960—90-я г. (В.​І.​Казлову і інш.). Для ўзбагачэння маст. вобраза ў кампазіцыю М.д. часта ўключаюць выявы-сімвалы віду дзейнасці асобы, якой яны прысвечаны: капітэль іанічнага ордэра на М.д. архітэктару У.​А.​Каралю, фрагмент габелена на дошцы А.​Кішчанку, кніга на дошцы Міколу Гусоўскаму, форму разгорнутай кнігі маюць М.д. пісьменнікам П.​Глебку, А.​Куляшову, М.​Лынькову, А.​Пашкевіч (Цётцы); у выглядзе дрэва — І.​Мележу, партрэтнай выявы мастака з палітрай В.​Цвірку, тэатр. заслоны на М.д. П.​Малчанаву, Л.​Александроўскай, Л.​Ржэцкай, Г.​Глебаву, Б.​Платонаву; выява цымбалаў на М.д. Р.​Шырме; і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Мемарыяльная дошка В.​І.​Казлову.
Мемарыяльная дошка Г.​П.​Глебаву.
Мемарыяльная дошка В.К Цвірку.
Мемарыяльная дошка І.​П.​Мележу.

т. 10, с. 280