МЕЗАТРО́ФЫ [ад мез(а)... + ...троф(ы)],
расліны, сярэдне патрабавальныя да наяўнасці ў глебе элементаў мінер. жыўлення. Займаюць прамежкавае становішча паміж алігатрофамі і эўтрофамі. Да М. адносяць зялёныя імхі, некат. драўняныя пароды (напр., елка), з кусцікаў — чарніцы, брусніцы, а таксама нешматлікія травяністыя расліны, што растуць пад полагам цёмнахвойнага лесу (напр., кісліца, майнік і інш.).
т. 10, с. 259
МЕЗАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
адзін з класаў гідратэрмальных радовішчаў, якія ўтвараюцца ў постмагматычнай стадыі з гідратэрмальных раствораў пры т-ры 300—200 °C. У большасці выпадкаў размешчаны ў асадкавых і метамарфічных пародах, каля інтрузіўных масіваў, радзей залягаюць унутры іх. Утвараюць жылы, пласты і інш. Мінер. склад разнастайны, прадстаўлены руднымі мінераламі (золата, серабро, злучэнні жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, мыш’яку, волава, урану, малібдэну, вісмуту і інш.) і мінераламі неметалічных карысных выкапняў (хрызатыл-азбест, тальк, магнезіт, плавікавы шпат і інш.).
І.В.Найдзянкоў.
т. 10, с. 259
МЕЗАТЭРМІ́Я [ад мез(а)... + тэрма...],
часовае павышэнне т-ры вады ў вадаёме на глыб. 0,5—1,5 м. Працягваецца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. На вадаёмах Беларусі адзначаецца вясной пры награванні вады праз лёд, летам пры рэзкім начным ахаладжэнні паверхні вады і восенню ў пач. разбурэння прамой тэмпературнай стратыфікацыі.
т. 10, с. 259
МЕЗАТЭ́РМЫ [ад мез(а)... + тэрма...],
расліны, якія жывуць у мясцовасцях з дастатковай колькасцю ападкаў і сярэдняй гадавой т-рай ад 15 да 20 °C. Тэрмін прапанаваны швейц. батанікам А.Дэкандолем у 2-й пал. 19 ст.
т. 10, с. 259
МЕЗАФІ́ЛЫ [ад мез(а)... + філ(ы)],
жывёлы, якія жывуць пераважна ў месцах з сярэднім узроўнем увільготненасці. Патрабавальнасць да вільготнасці асяроддзя ў М. залежыць ад воднага балансу арганізма і рэгулюецца шэрагам марфал., фізіял. і экалагічных прыстасаванняў. Напр., тыповы М. у фауне Беларусі сярод насякомых — матыль соўка азімая, які насяляе палеткі папарныя або з прапашнымі культурамі і інш. месцы з оптымумам адноснай вільготнасці паветра 50—80%.
т. 10, с. 259
МЕЗАФІ́ТЫ [ад мез(а)... + ...фіт(ы)],
расліны, што знаходзяцца ва ўмовах з дастатковай (не празмернай) колькасцю вады ў глебе. Прамежкавая група паміж ксерафітамі і гіграфітамі. Пашыраны ў лясах тропікаў і субтропікаў, ва ўмераных паясах, напр., лістападныя дрэвы і кусты, большасць лугавых (канюшына, цімафееўка і інш.), лясных (кісліца, ландыш і інш.) траў, часам эфемеры. На адкрытых, асветленых месцах М. маюць рысы святлолюбівых раслін, у цяністых — ценевынослівых.
т. 10, с. 259
МЕ́ЗЕНКА (Ганна Міхайлаўна) (н. 6.3.1948, в. Альбянка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т імя Горкага (1971). З 1974 у Віцебскім ун-це (з 1991 заг. кафедры агульнага і рус. мовазнаўства). Даследуе бел. і рус. мовы, анамастыку. Аўтар кніг: «Урбананімія Беларусі» (1991), «Назвы вуліц расказваюць» (1995), «Беларуская анамастыка» (1997) і інш.
І.К.Германовіч.
т. 10, с. 259
МЕЗЕНХІ́МА [ад мез(а)... + грэч. enchyma налітае, тут тканка],
зародкавая злучальная тканка большасці шматклетачных жывёл і чалавека. На ранніх стадыях зародкавага развіцця М. складаецца з сукупнасці рыхла размешчаных, адросткавых, сеткападобна звязаных клетак, якія высяляюцца з трох зародкавых лісткоў, пераважна з мезадэрмы. Дае пачатак клеткам злучальнай, касцявой, храстковай, гладкай мышачнай, пігментнай тканак. Галаўная М. ўтвараецца міграцыяй клетак нерв. трубкі і гангліёзнай пласцінкі, латэральных ч. перадхардальнай пласцінкі. Пазазародкавая ўваходзіць у пазазародкавыя органы.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 259
МЕ́ЗЕНЦАЎ (Барыс Сяргеевіч) (26.7.1911, г. Тула, Расія — 18.11.1970),
расійскі архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1969). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1935), выкладаў у ім (з 1969 праф.). Асн. работы: у Маскве — вышынныя адм. будынкі на пл. Красныя вароты (1948—53, з арх. А.Душкіным), на вул. Пятроўка, 38 (1952—59), жылыя дамы па праспекце Міру (1952), горадабуд. работы па праспекце Вярнадскага (1964—68); мемар комплекс У.І.Леніна ў г. Ульянаўск (1967—70; Ленінская прэмія 1972) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.
т. 10, с. 259