МАЦЕ́Й З КАРЭ́ЛІЧ, Матэвуш,
бел. скрыпач сярэдзіны 18 ст. Нарадзіўся ў г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. Прыгонны М.К. Радзівіла Рыбанькі, першая скрыпка яго прыдворнай капэлы. Адукацыю атрымаў у італьян. музыкантаў (паводле слоў магната, «яго навука дорага каштавала»).
Г.І.Барышаў.
т. 10, с. 229
МАЦЕ́Й З МЕ́ХАВА, Мехавіта (Maciej z Miechowa, Miechowita; сапр. Карпіга Мацей; каля 1457, ц. Мехаў, Польшча — 8.9.1523),
польскі гісторык, урач, географ, астролаг. Праф. (з 1485) і рэктар (1501—19) Кракаўскай акадэміі. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1474—78), ун-тах Падуі і Балонні (1483—85). У 1507 пасвечаны ў духоўны сан. У якасці ўрача запрашаўся на каралеўскі і магнацкія двары. Займаўся астралогіяй, прыпісваў яе ўплыў на ход гіст. падзей. Аўтар «Трактата пра дзве Сарматыі» (1517) — першага ў еўрап. пісьменстве геагр.-этнагр.-гістарычнага апісання зямель паміж Віслай і Донам (у т. л. беларускіх) і далей да паўд. ўзбярэжжа Каспійскага мора. Яго «Польская хроніка» (1519) уключае пераказ «Гісторыі Польшчы» Я.Длугаша (да 1480) і арыгінальнае апісанне далейшых падзей (да 1506). У 1521 «Хроніка» была канфіскавана з-за наяўнасці ў ёй крытычных заўваг пра тагачасную пануючую дынастыю Ягелонаў і перавыдадзена са зменамі. Аўтар эпідэміялагічнага даведніка (1508) і папулярнай працы па гігіене і дыетыцы (1522).
Літ.:
Maciej z Miechowa, 1457—1523: Historyk, geograf, lekarz, organizator nauki. Wrocław, 1960;
Hajdukiewicz L. Biblioteka Macieja z Miechowa. Wrocław, 1960.
Н.К.Мазоўка.
т. 10, с. 229
МАЦЕРЫКО́ВАЕ ПАДНО́ЖЖА, кантынентальнае падножжа,
вонкавая частка падводнай ускраіны мацерыка, акумулятыўная, пакатахвалістая нахіленая раўніна, якая прылягае да падножжа мацерыковага схілу. У структурных адносінах — глыбокі прагін на стыку кантынентальнай і акіянічнай кары, запоўнены магутнай тоўшчай рыхлых асадкаў.
т. 10, с. 229
МАЦЕРЫКО́ВАЕ ПАЎША́Р’Е,
паўшар’е Зямлі, у межах якога суша развіта найб. шырока (займае 47% плошчы М.п.). Цэнтр яго размешчаны на ПдЗ Францыі. Гл. таксама Акіянскае паўшар’е.
т. 10, с. 229
МАЦЕРЫКО́ВЫ СХІЛ,
частка падводнай ускраіны мацерыка паміж шэльфам і мацерыковым падножжам. Характарызуецца зямной карой кантынентальнага тыпу. Вызначаецца вял. нахіламі паверхні (у сярэднім каля 4°, часта 15—20°, зрэдку да 40°) і рэзкай расчлянёнасцю рэльефу (ступені, падводныя каньёны). У верхняй частцы М.с. назіраецца перамяшчэнне вял. мас асадкавага матэрыялу ў выглядзе падводных апоўзняў і патокаў муці, у ніжняй пераважаюць працэсы акумуляцыі. Па высокай прадукцыйнасці арган. рэчыва М.с. вылучаецца ў асобную батыяльную зону (гл. Батыяль).
т. 10, с. 229
МАЦЕ́ША (Аляксей Міхайлавіч) (н. 1.1.1931, в. Хватаўка Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне нервовых хвароб. Д-р мед. н., праф. (1986). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1956). З 1966 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1978—98 заг. кафедры). Навук. працы па ўплыве наркатычных рэчываў на нерв. сістэму, клініка-імуналагічных узаемаадносінах пры захворваннях перыферычнай нерв. сістэмы, лячэнні хворых паркінсанізмам.
Тв.:
Гистохимия гликогена центральной нервной системы при гипотермии и наркозе Мн., 1972 (разам з А.М.Гурленем).
т. 10, с. 229
МАЦІЕ́ВІЧ (Алег Мікалаевіч) (н. 30.6.1949, г. Магілёў),
бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). З 1976 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1990 — Бел. АМ. Творам уласцівы ўпарадкаванасць кампазіцыі, свабода і абагульненасць пісьма, каларыстычная згарманізаванасць, празрыстасць фарбаў. Аўтар карцін «Успаміны», «Бакеншчык» (абедзве 1986), «Рыбакі на Прыпяці» (1987), «Былы кірмаш» (1989), «Вяселле» (1997), пейзажаў «Вечар у вёсцы», «У асеннім садзе» (абодва 1982), «Пейзаж з козамі» (1989), «Ноч у Жыровічах» (1991—92); нацюрмортаў «Сухія кветкі» (1970), «Сялянскі нацюрморт» (1986), «Нацюрморт з лямпамі» (1989) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 10, с. 229