Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАСАЧУ́СЕТС (Massachusetts),

заліў Атлантычнага ак., каля ўсх. ўзбярэжжа ЗША. Даўж. 55 км. Глыб. да 93 м. Прылівы паўсутачныя (да 1,8 м). Порт Бостан.

т. 10, с. 166

МАСАЧУ́СЕТС (Massachusetts),

штат ЗША на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа, у Новай Англіі. Пл. 21,4 тыс. км². Нас. 6,1 млн. чал. (1997), у т. л. гарадскога каля 84%. Адм. ц., найб. горад і порт, эканам. і культ. ц. — г. Бостан. На У хвалістая Прыатлантычная нізіна, у цэнтр. ч. — плато выш. 200—300 м, парэзанае шырокай далінай р. Канектыкут, на З адгор’і Апалачаў (выш. да 1064 м). Клімат умераны акіянічны, ападкаў больш за 1000 мм за год. Каля 65% плошчы, пераважна ў гарах, займаюць хвойныя і лісцевыя лясы. М. — адзін з самых густанаселеных (шчыльн. насельніцтва каля 290 чал. на 1 км²) і эканамічна развітых штатаў. Вядучае месца належыць апрацоўчай прам-сці, асабліва разнастайнаму машынабудаванню і лёгкай прам-сці. Буйныя прадпрыемствы радыёэлектроннай прам-сці. Развіты таксама электратэхніка, вытв-сць рознага прамысл. абсталявання, суднабудаванне, тэкст., гарбарна-абутковая, хім., гумавая, папяровая, паліграф. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 17,4 млрд. кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на каменным вуглі, нафце, газе. Ёсць АЭС і ГЭС. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу, спецыялізавана на вытв-сці натуральнамалочных прадуктаў, яец, агародніны, ягад. На ўзбярэжжы рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Транспарт — аўтамаб., чыг., марскі. У М. — Гарвардскі (у Кеймбрыджы) і Кларкскі (у Вустэры) ун-ты, Масачусецкі тэхнал. ін-т. Турызм.

т. 10, с. 167

МАСАШВІ́ЛІ (Іло) (Ілья Анісімавіч; 7.1.1896, с. Чаргалі, Грузія — 4.8.1954),

грузінскі паэт і драматург. Вучыўся ў Харкаўскім ін-це. Майстар грамадз. лірыкі (зб-кі «Вершы», 1939, 1940, 1945, 1954). Аўтар драматычных твораў «Начальнік станцыі» (1947), «Затопленыя камяні» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Яго зорка» (1950), гіст. драмы ў вершах «Шлях у будучае» (1953). Быў знаёмы з Я.​Купалам, Я.​Коласам, К.​Чорным, А.​Александровічам, П.​Галавачом, П.​Глебкам, К.​Крапівой, А.​Куляшовым, М.​Лыньковым. Падтрымліваў творчыя кантакты з П.​Броўкам, К.​Крапівой, Лыньковым. Беларусі прысвяціў шэраг вершаў. Пераклаў на груз. мову асобныя вершы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Броўка, Ю.​Свірка.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. Тбилиси, 1967.

М.​В.​Няхай.

т. 10, с. 167

«МА́СА—СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ» ДЫЯГРАМА ў астраноміі,

залежнасць паміж масамі зорак і іх свяцільнасцямі. Тэарэтычна прадказана А.Эдынгтанам у пач. 20 ст. На аснове законаў нябеснай механікі вызначаны масы некаторых зорак, якія ўваходзяць у склад падвойных зорак. Для іх выяўлена эмпірычная залежнасць паміж масай і баламетрычнай свяцільнасцю: Lbol=M​3,9, дзе L — свяцільнасць зоркі, М — яе маса. З формулы вынікае, што ў верхняй частцы галоўнай паслядоўнасці (гл. Герцшпрунга—Рэсела дыяграма) знаходзяцца самыя масіўныя зоркі з масамі, у дзесяткі разоў большымі за сонечную. Выкарыстанне «М.—с.» д. дае магчымасць па вядомай свяцільнасці вызначаць масы адзіночных зорак, для якіх гэта нельга зрабіць з непасрэдных назіранняў.

А.​А.​Шымбалёў.

«Маса—свяцільнасць» дыяграма для зорак галоўнай паслядоўнасці.

т. 10, с. 166

МАСБА́ТЭ (Masbate),

востраў у цэнтр. ч. Філіпінскага архіпелага. Пл. 3270 км². Выш. да 697 м. Нас. 530 тыс. ж. (1995). Мусонныя трапічныя лясы. Вырошчваюць рыс, тытунь, кукурузу, какосавую пальму, цукр. трыснёг; на Пд — жывёлагадоўля. Радовішчы золата, марганцавай руды, вугалю. Асн. горад — Масбатэ.

т. 10, с. 167

МА́СГРЭЙВ (Musgrave),

горы ў цэнтр. ч. Аўстраліі, на У Зах.-Аўстралійскага пласкагор’я. Працягласць з З на У каля 200 км. Сярэднія выш. 800—1000 м, найб. — 1440 м (г. Вудраф). Складзены з гранітаў дакембрыю; моцна расчлянёныя сухімі далінамі часовых рэк. На схілах рэдкія зараснікі эўкаліптаў, хмызняковых акацый (мальгаскрэб) і дзярніны злака спініфекс.

т. 10, с. 167

МА́СГРЭЙВ ((Musgrave) Сторы) (н. 19.8. 1935, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р медыцыны (1964), д-р навук у галіне фізіялогіі і біяфізікі (1978). З 1967 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 6 касм. палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 4—9.4.1983 і 30.7—6.8.1985 — на КК «Чэленджэр», 23—27.11.1989 — на КК «Дыскаверы», 24.11—1.12.1991 — на КК «Атлантыс», 2—13.12.1993 — на КК «Індэвар», 19.11—5.12.1996 — на КК «Калумбія». У космасе правёў 72,1 сут. Залаты медаль НАСА.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 167

МАСЕЁ (Maceió),

горад на ПнУ Бразіліі. Адм. ц. штата Алагоас. Засн. ў канцы 16 ст. Каля 548 тыс. ж. (1990). Порт на Атлантычным ак. (вываз цукру). Міжнар. аэрапорт. Чыг. станцыя. Прам-сць: харч., баваўняная, тэкст., цукр., хімічная. Ун-т.

т. 10, с. 167

МАСЕ́ЙКАУ (Аляксандр Анатолевіч) (н. 26.7.1971, г. Магілёў),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1992). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1994). Чэмпіён XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія) на каноэ-двойцы. Чэмпіён свету (1987 сярод юніёраў на каноэ-чацвёрцы; 1989, 1994 на каноэ-двойцы; 1997 на каноэ-чацвёрцы). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997 на каноэ-адзіночцы). Чэмпіён СССР на каноэ-двойцы (1989, 1991), СНГ (1992), сярэбраны прызёр (1990). На каноэ-двойцы выступаў у пары з Дз.Даўгалёнкам. З 1999 спартсмен-інструктар нац. каманды па веславанні на байдарках і каноэ.

т. 10, с. 167

МАСЕ́О ((Maceo) Антоніо) (14.6.1845, г. Сант’яга-дэ-Куба, Куба — 17.12.1896),

дзеяч нац.-вызв. руху на Кубе супраць ісп. панавання, нац. герой Кубы. Удзельнік вайны 1868—78 за незалежнасць Кубы, камандзір паўстанцкай дывізіі (з 1874), ген.-маёр Вызв. арміі (1878). У 1878—95 у эміграцыі. У пачатку нац.-вызв. паўстання 1895—98 М. з групай патрыётаў высадзіўся на Кубе. Напачатку ўзначаліў паўстанцкія сілы прав. Ар’ентэ, потым — нам. камандуючага Вызв. арміяй. У кастр. 1895 — студз. 1896 войскі Вызв. арміі пад яго камандаваннем прайшлі з баямі ўсю Кубу, атрымалі шэраг перамог над ісп. войскамі і вызвалілі ад іх зах. раёны краіны. Загінуў у баі каля г. Сан-Педра.

т. 10, с. 167