Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАРСКІ́Я КО́НІКІ (Hippocampus),

род рыб сям. іголкавых атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных морах. Жывуць каля берагоў у зарасніках марской травы, водарасцей і каралаў.

Даўж. да 20 см. Формай цела нагадваюць шахматную фігуру — каня. У самцоў у канцы хваста знаходзіцца вывадковая камера, дзе яны выношваюць ікрынкі. Кормяцца пераважна дробнымі ракападобнымі. Здольныя выдаваць нізкія гукі з амплітудай 500—4800 Гц, якія нагадваюць шчоўканне пальцамі.

Марскія конікі: 1 — даўгарылы; 2 — еўрапейскі.

т. 10, с. 135

МАРСКІ́Я КО́ЦІКІ,

2 роды вушастых цюленяў атр. ластаногіх. Паўн. М.к. (Callorhinus) прадстаўлены відам С. ursinus, паўд. М.к. (Arctocephalus) — 6 відамі (часам вылучаюць да 9). Паўн. М.к. пашыраны ў паўн. ч. Ціхага ак., паўд. — ва ўмераных і ўмерана-халодных водах Паўд. паўшар’я; 1 від — на а-вах Галапагас. Рэгулярна мігрыруюць. 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самцоў да 2,1 м, маса да 300 кг, самак адпаведна да 1,5 м і 65 кг. Самцы (секачы) цёмна-бурыя, самкі — шаравата-карычневыя. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У час размнажэння ўтвараюць логавішчы. Палігамы, у гарэме да 50 самак. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці. Аб’ект промыслу (каштоўнае футра).

Марскі коцік паўночны.

т. 10, с. 135

МАРСКІ́Я ЛІЛЕ́І членістыя

(Articulata),

падклас беспазваночных жывёл кл. крынаідэй тыпу ігласкурых. Вядомы з пач. мезазою (каля 200 млн. гадоў назад). 4 атр., каля 700 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, трапляюцца да глыб. 10 км.

Цела чашкападобнае, уверх уздымаецца венчык перыстых, разгалінаваных прамянёў — «рук» (да 200) даўж. да 35 см. Маюць вапняковы шкілет з пласцінак рознай формы і памераў. У сцябліністых М.л. уніз ад чашачкі адыходзіць сцябло даўж. да 1 м, якое прымацоўваецца да грунту. У бессцябліністых М.л. — шматлікія рухомыя адросткі, з іх дапамогай некат. формы здольныя плаваць і поўзаць па дне. Кормяцца планктонам, дэтрытам. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.

Марскія лілеі: 1 — стэфанаметра; 2 — лампраметра.

т. 10, с. 136

МАРСКІ́Я ЛЬВЫ,

4 роды, 4 віды сям. вушастых цюленяў атр. ластаногіх. Пашыраны: каліфарнійскі, уласна М.л. (Zalophus californianus) у Паўн. паўшар’і па берагах Ціхага ак., астатнія — аўстралійскі (Neophoca cinerea), новазеландскі (Phocarctos hookeri) і паўд. амерыканскі М.л. (Otaria byronia) — у Паўд. паўшар’і. Жывуць статкамі. 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самцоў 2—3,6 м, маса 200—520 кг, самак адпаведна 1,5—3 м і 50—230 кг. Валасяное покрыва кароткае. аднатоннае, ад светла-шэрага да карычневага. У старых самцоў поўсць на шыі і верхняй ч. тулава больш доўгая і нагадвае грыву льва (адсюль назва). Кормяцца рыбай і галаваногімі малюскамі. У летне-асенні перыяд утвараюць логавішчы. Палігамы. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’екты промыслу. Каліфарнійскіх М.л. часта дрэсіруюць для цыркаў.

Марскі леў каліфарнійскі.

т. 10, с. 136

МАРСКІ́Я МЫ́ШЫ,

рыбы, гл. Ліравыя.

т. 10, с. 136

МАРСКІ́Я ПАВУКІ́ (Pantopoda),

клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга дэвону (каля 400 млн. гадоў назад). 10 сям., каля 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7,5 км.

Даўж. 0,8—72 мм. Цела складаецца з масіўнага хабатка, сегментаванага тулава і кароткага хваставога аддзела. На спіне вочны бугор з 4 вокамі. 1-я пара канечнасцей (клюшнепадобных) служыць для захопу корму, 2-я і 3-я шчупальцападобныя пары — для дотыку (а ў самцоў 3-я і для выношвання патомства), 4—7-я пары — хадзільныя ногі (з размахам ад 1,4 мм да 50 см). Унутры іх знаходзяцца адгалінаванні кішэчніка і палавыя залозы. Драпежнікі і паўпаразіты, кормяцца мяккімі тканкамі донных беспазваночных. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.

Марскія павукі: 1 — німфон; 2 — каласендэіс.

т. 10, с. 136

МАРСКІ́Я ПУЗЫРЫ́,

вымерлыя беспазваночныя жывёлы, гл. Цыстаідэі.

т. 10, с. 136

МАРСКІ́Я СВІ́НКІ (Cavia),

род грызуноў сям. свінкавых. 5—6 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у норах на адкрытых мясцінах, забалочаных ускраінах лясоў. Трымаюцца паасобку або невял. групамі. М.с. (C. porcellus) прыручана інкамі. Завезена ў Еўропу ў 16 ст. (адсюль другая, першапачатковая назва «заморская свінка»). На Беларусі найб. трапляюцца М.с. шарсткашэрсная (абісінская, або разеткавая) і даўгашэрсная (ангорская, або перуанская).

Даўж. да 35 см, маса да 900 г. На задніх лапах 3, на пярэдніх 4 пальцы. Расліннаедныя. Нараджаюць да 6 дзіцянят 1—2 разы за год. Існуе шэраг парод з розным колерам і якасцю поўсці. Утрымліваюцца аматарамі і ў віварыях доследных устаноў. Выкарыстоўваюцца як свойскія дэкар. і лабараторныя жывёлы.

Марскія свінкі: 1 — дзікі продак марская свінка Чудзі; пароды: 2 і 3 — шарсткашэрсныя; 4 — ангорская.

т. 10, с. 136

МАРСКІ́Я СКАРБО́НКІ,

беспазваночныя жывёлы, гл. Галатурыі.

т. 10, с. 136

МАРСКІ́Я СЛАНЫ́ (Mirounga),

род цюленевых атр. ластаногіх. 2 віды. Паўд. М.с. (M. leonina) пашыраны ў Паўд. паўшар’і (а-вы Кергелен, Макуоры, Паўд. Георгія і інш.), паўн. (M. angustirostris) — на ўзбярэжжы Мексікі і Каліфорніі. Сезонна мігрыруюць. Жывуць статкамі.

Найб. буйныя з ластаногіх: самцы даўж. да 6,5 м, маса да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Валасяное покрыва кароткае, афарбоўка — ад светла-бурай да карычневай. На канцы морды ў самцоў скурны мяшок («хобат», адсюль назва) даўж 40—80 см. Кормяцца галаваногімі малюскамі, рыбай. Палігамы, у гарэме да 20 самак. Нараджаюць 1 дзіцяня.

Марскі слон.

т. 10, с. 136